Фёдор Шведов “Моя Большая Хрустальная Сова – заслуга всей команды”

  • Нина Рыбик, Астравецкая праўда Астравецкая праўда 2018-01-13 от 13 января 2018 18 января 2018 12:13 Общество Беларуская

    Прадстаўляць Фёдара Шведава нашым чытачам – асабліва тым, хто ў той ці іншай ступені цікавіцца інтэлектуальнымі гульнямі, – не трэба. «Госць з тэлевізара», капітан тэлевізійнай каманды знатакоў, ён, як «просты смяротны», рэгулярна ўдзельнічае ў нашым чэмпіянаце па інтэлектуальных гульнях, а таксама праводзіць з нашымі знатакамі «Брэйн-рынг» і «Джэк-Квіз». Словам, асоба досыць вядомая, і не толькі ў вузкіх колах, і пры гэтым – надзвычай простая ў стасунках…

    І вось гэты «свой у дошку» ашмянскі хлопец, у каманды якога астравецкія знатакі час ад часу выйграюць асобныя пытанні ці нават гульні, што значна павышае іх самаацэнку, па выніках 2017 года атрымлівае Вялікую Крыштальную Саву! Пагадзіцеся, было б недаравальна не задаць з гэтай нагоды некалькі пытанняў знакамітасці нашай «местачковай гадоўлі» і не папрасіць у яго аўтограф для нашай калекцыі.

     

    Автограф Шведов Федор.jpg

    – Ну як, Фёдар, пасля эфіру прачнуліся знакамітым? Вінша­ванні, аўтографы і ўсё такое…

    – Ды не, я б не сказаў…

    – Што, ніхто не віншаваў?! Не паверу…

    – Чаму – віншавалі, вядома, у тым ліку і на вашым Калядным турніры. 

    Але Вялікая Крыштальная Сава – не самамэта, і пасля яе ўручэння не было адчування, што я – лепшы, таму і адносіны да гэтай падзеі адпаведныя. Па вялікім рахунку, гэта камандная сава, а не мая асабістая. Проста сезон прайшоў вельмі ўдала: пяць гульняў – пяць перамог, і вельмі ўпэўненых. Так што ў спадара вядучага проста не было іншага выйсця – хоць папулярнае сярод знатакоў выказванне сцвярджае, што капітаны соў не атрымліваюць. Я і ў эфіры пра гэта гаварыў: не было б каманды – не было б гэтых перамог і, адпаведна, Вялікай Крыштальнай Савы. 

    Шведов.jpg

    – А як увогуле фарміруецца тэлевізійная каманда знатакоў? Капітан мае пры гэтым нейкае права голасу? І хто выбірае капітана – ці ўплывае каманда на гэты працэс?

    – Новую каманду, як гэта было ў нашым выпадку, фарміруе тэле-група па выніках сур’ёзнага кас­тынгу, апытанняў, псіхалагічных тэстаў, прагляду многіх гадзін адзнятых матэрыялаў. З гэтым працуюць прафесіяналы – іх работа нябачная, але вельмі сур’ёзная. Менавіта так фарміравалася на­ша каманда. Магчыма, потым, калі капітан становіцца «мацёрым камандорам», ён можа некага замяніць. Але ў нашай камандзе пакуль не ўзнікала ні такой патрэбы, ні жадання. Мне з ігракамі камфортна, спадзяюся, што і ім са мной таксама. Мы ўжо пачынаем разумець адзін аднаго з паўслова – хоць не прайшло яшчэ і пяці гадоў, як гуляем разам.

    Я ўвогуле выпадкова трапіў у гэтую гульню. Неяк жонка – яна ў мяне настаўніца – папрасіла пагуляць, каб прадставіць на нейкім спаборніцтве іх школу. Спадабалася! Сфарміравалі каманду – у першым яе складзе гуляла шасцёра Шведавых. А потым Ларыса Яўгенаўна Каханоўская, вядомы ў інтэлектуальных колах чалавек, якая тады жыла ў Ашмянах, прапанавала: «Давайце з’ездзім на адбор на «Брэйн-рынг».  З’ездзілі – атрымалася, выступалі пяць ці шэсць сезонаў. Не сказаць, каб дабіваліся нейкіх значных поспехаў, але былі яркія, запамінальныя гульні, падчас якіх, напэўна, праявіліся мае капітанскія якасці. Мяне, што называецца, заўважылі – і запрасілі на кастынг «Што? Дзе? Калі?». Дарэчы, да таго, на самым пачатку, я быў на гэтым кастынгу – але не прайшоў яго. А пасля «Брэйна» – атрымалася.

    <hr />

    "Інтэлектуальныя гульні — гэта ў першую чаргу задавальненне, магчымасць патрэніраваць мозг, атрымаць адрэналін."

    <hr />

    – Ваш выпадак паказвае, што капітаны соў, аказваецца, усё ж атрымліваюць. А думаць за сталом, накідваць версіі вы паспяваеце? Ці задача капітана толькі ў тым, каб выбраць правільную?

    – Так, паспяваю, канешне, – і думаць, і ўкідваць версіі «ў стол» – але гэта далёка не асноўная мая задача. 

    На першым часе – а, трэба сказаць, я самы нявопытны ігрок з нашай шасцёркі – каманда не асабліва верыла ў мяне як у іграка, не брала мае версіі – ды і я, па праўдзе кажучы, спачатку не вельмі верыў у сябе як капітана, часам «прагінаўся» пад каманду. Паступова ў камандзе выкрышталізаваліся свае ролі і адносіны. Скажам, калі ёсць версія, не да канца раскручаная, хоць адчуваеш, што накірунак правільны, я даручаю адказваць Грабоўскаму ці Зайцаву: ведаю, што ў мяне за гэтыя пяць-дзесяць секунд адказу не «шчоўкне», а ў іх – можа: гэтыя два Яўгены могуць нават падчас размовы са спадаром вядучым «дакруціць», сфармуляваць дакладны адказ. У нашай каманды ёсць своеасаблівы рэкорд, калі на працягу гульні восем правільных адказаў – з улікам бліцу, вядома,  – даў адзін ігрок, спадар Грабоўскі, прычым далёка не ўсе версіі былі ягоныя. Гэта ж камандная гульня, а Жэня, акрамя  іншых яго плюсаў, прафесійны адвакат і можа сфармуляваць адказ так дакладна ці, наадварот, абцякальна, што ў спадара вядучага не ўзнікне дадатковых пытанняў.

    – А той выпадак, калі ў фінале мінулагодняй летняй серыі гульняў, калі пасля вашага выйгрышу спадар вядучы даручыў ваўчку выбіраць уладальніка Малой Крыштальнай Савы, і ім стала Юлія Бейнер, – як ён быў успрыняты камандай і асабіста вамі? Вас тады таксама ж намінавалі на Саву…

    – Я публічна выказаў свае адносіны да гэтага выпадку ў наступнай гульні, калі мяне папрасілі паўдзельнічаць у выбары лепшага іграка: прапанаваў зрабіць гэта ваўчку…

    – Гэта быў камень у агарод спадара вядучага?

    – Гэта нават не камень, а вялізны валун! Бо, не пабаюся гэтага слова, ёсць адказнасць капітана – і ёсць адказнасць вядучага, кожны павінен рабіць сваю справу і не перакладваць яе і адказнасць на ваўчок, каманду, гледача, спонсараў…

    Хоць я вымушаны пагадзіцца са падаром вядучым: безу­моўна, выбар ваўчка ў любым выпадку быў бы правільны, бо кожны ігрок нашай каманды заслугоўвае Крыштальную Саву. Тое, што ў летняй серыі яе атрымала Юлія Бейнер, таксама цалкам заслужана: яна можа прамаўчаць усю гульню, але калі «выстраліць» – гэта феерверк! І ўвогуле, прысутнасць прыгожай жанчыны  дысцыплінуе мужчын і надае камандзе асаблівы шарм. 

    Хоць у той гульні, безумоўна, заслужыў сваю трэцюю Малую Крыштальную Саву Яўген Зайцаў – гэта была яго гульня. І ўвогуле ён – проста неверагодная база дадзеных! 

    Без усякіх сумненняў, другой Савы варты Яўген Грабоўскі. 

    Даўно «саспеў» для Крыштальнай Савы Дзмітрый Герчыкаў, і ў фінале года яго заслужана намінавалі – не мая віна, што спадар вядучы ўсё ж вырашыў аддаць яе мне. Герчыкаў не толькі накідвае мноства версій, дапамагае мне чуць і разумець каманду. Часам яго цалкам справядліва называюць другім капітанам – хоць двух капітанаў быць не можа, Дзіма хутчэй «старпом»: ён робіць вялізную работу, якая не бачна старонняму воку. Дзіма – лёгкі, ён – настрой каманды: можа пажартаваць у перапынку, разрадзіць абстаноўку – вы ж прысутнічалі на гульнях і можаце пацвердзіць, што атмасфера там літаральна наэлектрызавана. 

    Ёсць яшчэ Сяргей Капуснікаў: гэта таксама адна вялізная база дадзеных. Але трэба чуць каманду – і чуць Сяргея: ён так шмат ведае, што часам не разумее, як гэтага могуць не ведаць іншыя. І Дзіма Герчыкаў, які сядзіць побач з ім, паспявае пачуць – ці нават адчуць! – што Сяргей ведае, «вышчаміць» з яго версію, укінуць яе «ў стол», разам з Грабоўскім – яны наш «пракатны стан» – «пракатаць» усе версіі, выдзеліць зерне ісціны – і падаць яго капітану… Мне застаецца толькі агучыць!

    – Назіраючы за гульнёй, я б не сказала, што капітан у вашай камандзе – толькі галава, што прамаўляе адказы. Наадварот, заўважала, што ў спрэчных выпадках ці калі няма дакладнай версіі, вы прымаеце адказнасць на сябе, а ў выйгрышных сітуацыях даручаеце адказваць іншым…

    – Паўтаруся: я ў камандзе – найменш вопытны  ігрок. У мяне – роля капітана: я і па жыцці капітан ва ўсіх справах і пачынаннях. А капітан павінен браць на сябе груз адказнасці, не баяцца прымаць рашэнні, а прыняўшы няправільнае – без гэтага ж таксама не бывае, – не ламацца, бо калі зламаецца капітан, тое ж адбу­дзецца і з камандай. Капітану трэба  мець характар, каб вытрымаць прэсінг і пытанняў, і спадара вядучага, часам – іншых каманд, а гэта не так проста.

    – А цяпер, прабачце, магчыма, не зусім далікатнае пытанне – калі яно вам падасца такім, можаце не адказваць. Вядома, што за Вялікую і за Малую Крыштальную Саву выплачваецца пэўная грашовая сума…

     – Вы пра так званыя «савіныя грошы»? У нашай камандзе – ды, наколькі я ведаю, і ў іншых таксама – яны дзеляцца пароўну паміж усімі ігракамі. 

    <hr />

     

    Гэта справядліва, бо, як я ўжо гаварыў, Сава – заслуга ўсёй каманды, а хто стане яе ўладальнікам – гэта суб’ектыўны выбар спадара вядучага ці нават, як вы толькі што ўзгадвалі, фартуны ў выглядзе ваўчка. 

     

    <hr />

    DzmitryShemetkov_ChGK 820.jpg

    – Ваша каманда падтрымлівае стасункі па-за межамі гульні?

    – Не настолькі часта, як хацелася б, бо ўсе мы жывём у розных гарадах. Хлопцы-мінчане сустракаюцца часцей – яны ўдзельнічаюць у гульнях спартыўнага «ШДК» – але ў розных камандах. Тым не менш, мы час ад часу збіраемся на трэніроўкі і ўвогуле даволі цесна кантактуем – я дык найбольш з Яўгенам Зайцавым. Гэта не толькі неверагодны інтэлектуал, але і  цудоўны чалавек. З ім мы найбольш блізкія – можа, таму, што абодва Вадалеі?

    – А якія адносіны ў клубе знатакоў? Вы ж, па вялікаму рахунку, сапернікі…

    – Увогуле добразычлівыя – ва ўсякім выпадку, у беларускім клубе, у іншых мне бываць не даводзілася. Хоць некаторыя клубы, як можам заўважыць па тэлеэфірах, паціху ператвараюцца ў «Дом-2».

    Безумоўна, ёсць пэўнае са­пер­ніцтва. За нейкія каманды хварэеш, і супраць нейкіх – таксама, адны падабаюцца, іншыя – не, але ўсё гэта адбываецца ў рамках інтэлігентнага саперніцтва.

    – У такім разе – якая з каманд вам найбольш блізкая?

    – Каманда Сяргея Буяна. Мне падабаецца сам Сяргей – і  як капітан каманды, і як чалавек, падабаюцца ігракі, іх узаема­адносіны ў камандзе, адносіны да іншых каманд. Яны блізкія нам па духу.  

    – У маскоўскім элітарным клубе гуляе шмат беларускіх знатакоў – Алесь Мухін, Алёна Повышава, Антон Іокаў, Павел Чарняўскі, Андрэй Супрановіч і іншыя. Вам не хацелася б трапіць у гэтую кампанію? І ў якую каманду?

    – Канешне, хацелася б –  па той простай прычыне, што я люб­лю новыя ўражанні, знаёмствы, адчуванні. 

    З іншага боку, гляджу гульні ма­скоўскага клуба – і адзначаю, што там вельмі няроўныя пакеты. Часам немагчыма зразумець: як гэта бярэцца? 

    Пытанні ў нашым клубе – так званыя «лямпавыя»: яны цёплыя, вобразныя. Вядома, трэба мець нейкі базавы ўзровень адукацыі, веды, каб падрыхтаваць пытанне і знайсці на яго адказ, але самае галоўнае для знатака – мозг, вывернуты навыварат, уменне выйсці з плоскасці. Па-сапраўднаму прыгожае пытанне для «Што? Дзе? Калі?» можа ўзяць любы чалавек, абапіраючыся не на суперскія веды, а на логіку, уяўленне, форму пытання – і тэлегледачам гэта імпануе. Ты чуеш адказ – і разумееш, што ён – адзіна правільны, нават калі ў працэсе абмеркавання  не бачыў яго логікі, то потым разумееш, цераз што гэта бярэцца.  А ў маскоўскім клубе так бывае далёка не заўсёды.

    А ў якой камандзе хацеў бы гуляць? Ну, я ж капітан – і мне хацелася б гуляць са сваёй камандай: мне здаецца, яна таго вартая.

    – Вы гуляеце не толькі ў тэлевізійным клубе, але і ў іншых камандах – у нашым раённым чэмпіянаце ў складзе каманды «Антураж», на Калядных турнірах – з «Гасіла». Навошта вам гэта?

    – З «Антуражом» я гуляю як су­працоўнік гэтай кампаніі – і мне ці­кава. У нас цудоўны капітан Ан­тон Далінчык, я стараюся не давіць на яго сваім аўтарытэтам – хіба што ў тых пытаннях, дзе я больш вопытны. Адзінае, што фармуліроўку адказу магу параіць, і нават даволі настойліва. 

    А «Гасіла» – гэта мая родная любімая ашмянская каманда, якая, можна сказаць, з’явілася ў выніку доўгага «селекцыйнага адбору»: тут гуляе, калі ў яго атрымліваецца, мой старэйшы брат, калі ёсць месца, – жонка. Тут кожны – асоба, мы ўсе – сябры, і нашы шматлікія агульныя інтарэсы не абмяжоўваюцца гульнёй у «Што? Дзе? Калі?». 

    – І на заканчэнне – свабодны мікрафон: што вы, магчыма, хацелі б сказаць нашым чытачам, а я ў вас не спытала?

    – Хацелася б сказаць вялізны дзякуй светлай памяці Уладзіміру Варашылаву за тое, што прыдумаў «Што? Дзе? Калі?», тым людзям, якія працягваюць і развіваюць гэтую справу, нашаму спадару вядучаму Алесю Мухіну – вельмі не проста трымаць праект на працягу столькіх гадоў – гэта вялікі пласт работы.  Падзякаваць сваім калегам – знатакам, усім, каму цікавая гэтая гульня. І асобна сказаць дзякуй тэлегледачам, якія дасылаюць цудоўныя пытанні, – спадзяюся, што неўзабаве сярод іх з’явяцца і астравецкія аўтары – і, тым не менш, заўсёды «хварэюць» за знатакоў. Дзякуючы ўсім нам, гульня жыве – і прыносіць радасць і здавальненне сотням і тысячам людзей, мне – у тым ліку.

    viber image.jpg