Пастаўскія жівёлаводы ў ліку пераможцаў

  • Фаіна Касаткіна, Пастаўскі край 11/2018 от 10 февраля 2018 09 февраля 2018 14:47 Общество Беларуская

    На мінулым тыдні ў рамках рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» з работнікамі малочнатаварных ферм «Дунілавічы», «Камаі» і «Навасёлкі» сустрэліся старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Лабушаў і старшыні адпаведных галіновых абласной і раённай арганізацый Віктар Гутараў і Аляксей Філімонаў.

    Місія была прыемная — уручэнне пераможцам спаборніцтва па выніках мінулага года Падзячных пісем, сувеніраў, грашовых прэмій. А яшчэ на кожную названую ферму М. А. Лабушаў прывёз са сталіцы вялікія смачныя тарты, вобразна кажучы, «падсаладзіў» жывёлаводам будні.

     А яны ў іх нялёгкія. Цыкл работы на фермах бесперапынны. Ні ў святы, ні ў выхадныя не пакінеш жывёлу няпоенай, някормленай, недагледжанай. Ды каб хоць кармоў было дастаткова, а не ў абрэз, як сёлета. Мінулым летам і восенню вельмі падвяло надвор'е, і земляробы не змаглі нарыхтаваць для грамадскага статка столькі сена, сенажу, канцэнтратаў, колькі планавалася. Зараз гэта адчуваецца на фермах. Але жывёлаводы стараюцца.

     Менавіта пра старанне, ролю чалавечага фактару гаварыў на сустрэчах Мікалай Аксёнавіч Лабушаў, шчыра дзякаваў людзям за працу, цікавіўся санітарна-бытавымі ўмовамі, заработнай платай, наяўнасцю кармоў для грамадскага статка, жадаў дабівацца павышэння яго прадукцыйнасці. Падкрэсліў, што жывёлагадоўчая прадукцыя мае асаблівае значэнне ва ўмацаванні эканомікі як кожнай асобна ўзятай гаспадаркі, так і краіны ў цэлым. Сказаў і пра мэты і задачы акцыі «Наш жывёлавод», якая праводзіцца Рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу з 1 снежня мінулага года па 1 красаві­ка бягучага. А яны наступныя: павышэнне прэстыжу сельскагаспадарчай працы і эфектыўнасці жывёлагадоўчай галіны, актывізацыя дзейнасці працоўных калектываў, ажыццяўленне кантролю за стварэннем належных санітарна-бытавых умоў для работнікаў жывёлагадоўлі.

    Пасля завяршэння ак­цыі найлепшых работнікаў ферм ушануюць на ўрачыстасцях, што адбудуцца як у абласным цэнтры, так і ў сталіцы.

    Калі я папрасіла М. А. Лабушава падзяліцца ўражаннямі ад сустрэч з пастаўскімі жывёлаводамі, ён адзначыў: «Прыемна бы­ло гутарыць са шчырымі, адкрытымі людзьмі. Адчуваецца, што ўсе яны настроены на плённую працу. Ну а прафсаюзы ўсіх узроўняў будуць клапаціцца пра стварэнне належных умоў  працы і годную аплату.

    Фаіна КасаткінаФота аўтара