Тыя, каму давяраем, выбраны дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання

  • Святлана БЕЛЬМАЧ, Галіна КАНЬКО, Маргарыта КУХТА, Ляхавіцкі веснік №14 от 21 февраля 2018 20 февраля 2018 16:34 Политика Беларуская

    Ляхавічане – людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, і гэта пацвердзіў актыўны ўдзел землякоў у выбарчай кампаніі. З першых гадзін працы на Ляхавіцкім-Ленінскім участку для галасавання № 1 шматлюдна. Сярод першых, хто тут прагаласаваў, – Таццяна Зубік і Міхаіл Сяргей. Канцэртную праграму на гэтым участку ладзіла народная эстрадная студыя «Экспрэс».

    У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, дзе размясціўся Ляхавіцкі-Гагарынскі ўчастак для галасавання № 2, сапраўды ўрачыстая атмасфера. Добры настрой дарыў народны духавы аркестр ГДК. Члены камісіі на чале са старшынёй Вольгай Савасцюк ветліва сустракалі землякоў і віншавалі іх з такой важнай падзеяй у жыцці краіны. Зрабіць выбар прыйшоў і ветэран вайны Фёдар Лойка: бюлетэнь ён апусціў у урну разам са сваёй праўнучкай Алесяй.

    Прыемныя хваляванні ў гэты дзень у  студэнткі  Таццяны Герус – упершыню ў якасці выбаршчыка.

    Ляхавіцкі-Інтэрнацыянальны ўчастак для галасавання № 6 можна было б назваць сямейным. Хлопчыкі і дзяўчынкі зацікаўлена сачылі за тым, як мамы і таты робяць свой выбар. З гонарам, што далучыліся да такой важнай справы, дапамагалі бацькам апускаць бюлетэні.

    На Ляхавіцкім-Кастрычніцкім участку для галасавання № 5 ужо ў 17 гадзін прыкладна 83 працэнты выбаршчыкаў (усяго ўнесена ў спісы 616) выканалі свой грамадзянскі абавязак, 204 з іх прагаласавалі датэрмінова.

    Яшчэ на парозе адміністрацыйнага будынка ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» было зразумела: сёння тут не радавая нядзеля, а асобы дзень. Святочнага настрою дадавалі музыка і пах свежай выпечкі –

    у мясцовай сталоўцы разгарнуўся гандаль рознымі прысмакамі. А на другім паверсе, дзе размясціўся Задворскі ўчастак для галасавання № 26, – атмасфера дзелавая і адначасова ўтульная. Яшчэ толькі 9 гадзін раніцы, а прагаласавалі ўжо амаль 60 працэнтаў выбаршчыкаў з 423 жыхароў Задвор’я і Петухоўшчыны, унесеных у спісы для галасавання, прычым 56 працэнтаў зрабілі гэта датэрмінова. Старшыню ўчастковай камісіі Вольгу Саматошанкаву такая актыўнасць землякоў зусім не здзіўляе:

    – Нашы выбаршчыкі добра ведаюць сваіх кандыдатаў. У райсавет балаціруюцца дырэктар ільнозавода і сённяшні кіраўнік Конькаўскага сельвыканкама, які таксама калісьці працаваў тут. Сярод кандыдатаў у дэпутаты сельскага Савета – дырэктар і начальнік вытворчасці завода, загадчыца нашага дзіцячага сада, участковы…

    На развітанне раёншчыкаў запрашаюць на канцэрт народнай эстраднай студыі «Экспрэс», што адбудзецца бліжэй да вечара.

    Тым часам гатова адправіцца па адрасах выязная брыгада. Аддаць свае галасы па месцы жыхарства пажадалі ўжо 40 выбаршчыкаў, сярод якіх і ветэраны вайны Іван Вялічка і Уладзімір Маслоўскі.

    Цяжка самім дабірацца да ўчастка і жыхаркам Малога Гарадзішча Таццяне Віхноўскай і Яўгеніі Кудзінай. Жанчыны – былыя вязні фашысцкіх канцлагераў. Да іх, як і некаторых іншых вяскоўцаў шаноўнага ўзросту, члены ўчастковай камісіі Малагарадзішчанскага ўчастка № 28 прыходзілі на дом.

    Наогул у спісах тут 336 выбаршчыкаў. Пераважная большасць – аграгараджане, яшчэ – жыхары вёсак Вялікае Гарадзішча, Волька, Завінне, Крывое Сяло, Марынова. 133 чалавекі скарысталіся правам датэрміновага галасавання, у тым ліку і Віктар Касабуцкі, які сёлета галасаваў упершыню. А ў нядзелю першы выбаршчык з’явіўся на ўчастку роўна ў 8.00. Дзмітрый Сяргейчык з Завіння раніцай спяшаўся на працу на комплекс, па дарозе зайшоў прагаласаваць, расказвае старшыня камісіі Тамара Вярбіла.

    Востраўскі ўчастак для галасавання № 29 размясціўся ў тутэйшым СДК. Амаль адначасова з прадстаўнікамі раёнкі сюды заглядвае і старшыня КСУП «Востраў-Агра» Тамара Церах: прыехала з работнікамі з малочнатаварнай фермы гаспадаркі.

    Акрамя вастраўчан у спісах для галасавання жыхары Любеек, Траццякоўцаў, Заполля, Гуты, Кулікоў, Падлаззя, Бярэзак – усяго 609 чалавек. З суседніх вёсак пажылым дайсці-даехаць да ўчастка няпроста, таму актыўна карысталіся магчымасцю запрасіць членаў камісіі да сябе дадому. Такую паслугу заказалі каля 160 тутэйшых выбаршчыкаў. Яшчэ 249 – амаль 41 працэнт – прагаласавалі за пяць дзён датэрміновага галасавання. Не стаў чакаць нядзелі і ветэран вайны Аляксандр Гунько з Заполля – звярнуўся да старшыні сельвыканкама Уладзіміра Тадры з просьбай падвезці на ўчастак, каб выказаць сваё меркаванне выбаршчыка датэрмінова.

    Старшыня ўчастковай камісіі Наталля Жанкевіч расказала, што ў гэты дзень для вяскоўцаў падрыхтаваны святочны канцэрт: на сцэну выйдуць «Пунсовыя агеньчыкі» і «Альшанка», салісты СДК – будзе, як заўсёды ў вастраўчан, цікава.

    Да Тухавіцкага выбарчага ўчастка №30 прыпісаны не толькі жыхары рабочага пасёлка, але і вёсак Рагачы, Забер’е. Для зручнасці апошніх, як расказалі члены камісіі, кіраўніцтва торфапрадпрыемства арганізавала падвоз. З 620 тутэйшых выбаршчыкаў 262 аддалі свае галасы датэрмінова. Ды і ў дзень выбараў вяскоўцы актыўна ішлі на ўчастак – паасобку, сем’ямі, кампаніямі. Ім належала выбраць па сваіх акругах 3 дэпутаты райсавета і 6 дэпутатаў сельскага Савета, а таксама дэпутата абласнога Савета.

    На Свяціцкім участку № 20, як, дарэчы, і на іншых, дзе карэспандэнтам раёнкі давялося пабываць у гэты дзень, поўны камплект «зацікаўленых» службаў і асоб: наглядальнікі (амаль усюды – ад БРСМ, «Белай Русі», ветэранскай арганізацыі, прафсаюзаў), дзяжурны медык, прадстаўнікі міліцыі і райаддзела па надзвычайных сітуацыях. На гадзінніку 10.50, прагаласавала палова з 495 унесеных у спісы жыхароў Свяціцы і Навасёлак, пераважная большасць – датэрмінова. Старшыня камісіі Таццяна Русакевіч адзначае: сярод тых, хто ўжо выканаў свой грамадзянскі абавязак і 18-гадовая студэнтка Валянціна Грудзько, яна адзіная, хто галасуе тут упершыню.

    Разам з членамі камісіі Ірынай Сокал і Мікалаем Буйкевічам накіроўваемся да ветэрана вайны Дзмітрыя Буйкевіча. Яму і жонцы цяжка прыйсці на ўчастак, але жадаюць далучыцца да агульнаважнай справы – выбараў. Урну для галасавання ў Буйкевічаў дома ўжо чакаюць. Пакуль Дзмітрый Карпавіч засяроджана запаўняе бюлетэнь, Соф’я Ягораўна ці то скардзіцца, ці то апраўдваецца: маўляў, старэнькія мы ўжо, самі не прыйдзем. І ад душы ўсміхаецца:

    – Дзякуй, што не забываеце. А за добрых людзей і мы хацелі прагаласаваць.

    З хвіліны на хвіліну ў Ліпскім СДК пачнецца канцэрт. Гэта падарунак для мясцовых жыхароў, якія, пачынаючы з аўторка, прыходзілі ў Дом культуры не толькі з традыцыйнай мэтай – далучыцца да прыгажосці, творчасці, адпачыць, але і з важнай задачай – прадэманстраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю і нераўнадушнасць да сваёй будучыні і будучыні сваіх дзяцей, унукаў. Тут размясціўся Ліпскі ўчастак для галасавання № 19. Па стане на 12.00 апусцілі бюлетэні ў урны 60 працэнтаў выбаршчыкаў з Ліпска, Залужжа і Заліпення. Старшыня камісіі Галіна Салодкая пацвердзіла, што землякі і ў гэтую выбарчую кампанію даволі актыўныя. І не толькі людзі шаноўнага ўзросту, але і маладыя. З чатырох галасуючых упершыню двое ўжо адзначыліся на ўчастку: будучы медык Вольга Кісель і работнік лясгаса Ілья Шчарбук.

    З усёй адказнасцю падышлі да справы выбаршчыкі Крывошынскага ўчастка для галасавання № 18: датэрмінова зрабілі свой выбар 59 працэнтаў унесеных у спісы жыхароў Крывошына і Нетчына, а апоўдні 18 лютага прагаласавалі ўжо больш як тры чвэрці тутэйшых выбаршчыкаў. У камісіі ўпэўнены, што лічба яшчэ істотна падрасце – да заканчэння галасавання заставалася каля

    8 гадзін.

    На Русінавіцкім участку для галасавання № 22 замацавана 620 выбаршчыкаў з Русінавічаў, Гаслаўшчыны, Рачканаў, Жарскіх, Мыслабажы. Шасцёра юнакоў і дзяўчат упершыню скарысталіся сваім канстытуцыйным правам удзелу ў выбарах. А самай старэйшай выбаршчыцы Зінаідзе Талстой – 97 гадоў, да яе члены ўчастковай камісіі з урнай для галасавання завіталі дамоў. У датэрміновым галасаванні ўдзельнічалі 236 вяскоўцаў. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Людміла Сідорская адзначыла, што найбольш бюлетэняў – 84 – выдадзена 16 лютага.

    Тое, што 18 лютага святочны дзень, у аграгарадку Навасёлкі адчувальна ва ўсім. Спявае народны клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца», жадаючых паслухаць жывую музыку сабралася нямала. Аўтобусам прыехалі выбаршчыкі з Адахаўшчыны. Старшыня камісіі Навасёлкаўскага выбарчага ўчастка № 23  Наталля Пражога ў выбарчай справе, лічы, не навічок, як і большасць з яе калег. Таму ўсё тут арганізавана аптымальным чынам. Па стане на 14 гадзін прагаласавалі 490 чалавек з 604 унесеных у спісы. А тым часам члены камісіі Ігар Камінскі і Браніслаў Страмавус з апячатанай урнай адпраўляюцца да чарговых выбаршчыкаў, якія пажадалі выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю ў сябе дома.

    Беспамылкова можна знайсці і Дараўскі ўчастак для галасавання №15: музыка іграе на ўсё наваколле. З 903 выбаршчыкаў 290 прагаласавалі датэрмінова.

    – Лічу, што ў нашым сельсавеце робіцца нямала для падтрымання ў парадку тэрыторый населеных пунктаў. У гэтым значная заслуга мясцовых дэпутатаў. Людзі гэта разумеюць, таму актыўна галасуюць, – гаворыць старшыня ўчастковай камісіі Ала Бубен.

    З раніцы ў нядзелю члены камісіі раз’ехаліся ў вёскі Дарава-Чыж, Малое Падлессе, Лабузы, Літву да вяскоўцаў, якія па стане здароўя не змаглі прыйсці на ўчастак.

    Нямала жадаючых было паслухаць выступленне самадзейных артыстаў з мясцовага СДК.

    У добрым настроі ў суправаджэнні маленькага сына Антонія выходзіць з Начаўскага выбарчага ўчастка № 21 Святлана Бушчык:

    – Усіх кандыдатаў як у сельскі, так і раённы Саветы ведаю, давяраю ім, таму і зрабіла свой выбар на іх карысць. Пра кандыдата ў дэтутаты абласнога Савета даведалася з інфармацыйных матэрыялаў. Муж Юрый прагаласаваў датэрмінова, бо сёння працуе. Я звычайна прыходжу ў асноўны дзень.  Усяго на гэтым участку ўнесены ў спісы для галасавання 467 чалавек з Начы, Перахрэсця, Шчаснавічаў, Пашкоўцаў, Грушаўкі, датэрмінова прагаласавалі 213.

    З раніцы спяшаліся аграгараджане  і вяскоўцы і на Падлескі ўчастак для галасавання № 13. Па словах старшыні камісіі Ірыны Керко, актыўнасць выбаршчыкаў тут заўсёды высокая. Па стане на 13.40 прагаласавалі 440 чалавек з 552 унесеных у спісы. Для 56 вяскоўцаў, сярод якіх і 96-гадовая Кацярына Шагун з Шавялёў, галасаванне арганізавалі на даму.

    Жыхар аграгарадка Генадзій Хмарук прыехаў адначасова на ўчастак і на службу – дзяжурыць як супрацоўнік РАНС і прагаласаваць:

    – Выбар зрабіў асэнсавана. Упэўнены, мой голас важны і вырашальны.

    Атмасфера на Вялікалотаўскім участку № 25 дзелавая і добразычлівая. Акрамя жыхароў Вялікай Лотвы, тут галасуе насельніцтва Флер’янова і Кавалёў. Па стане на 15 гадзін 18 лютага свой выбар зрабілі 370 з 528 тутэйшых выбаршчыкаў.

    – Думаю, што не памыліўся са сваім выбарам. Галоўнае, каб дэпутаты ўважліва ставіліся да просьбаў людзей і выконвалі свае абяцанні, – зазначыў жыхар Вялікай Лотвы Мікалай Біза.

    Кожнаму з 9 юнакоў і дзяўчат, якія ўпершыню сёлета атрымалі права ўдзелу ў выбарах, уручаны падарункі. Мясцовыя культработнікі падрыхтавалі канцэртную праграму для землякоў.

    На Зубелевіцкім участку для галасавання № 14 у спісы ўнесена 385 выбаршчыкаў з Зубелевічаў і Патапавічаў. Амаль палова з іх прагаласавала датэрмінова. Старшыня выбарчай камісіі Людміла Бецька расказала, што людзі прыходзілі з добрым настроем і ўсведамленнем таго, што іх сённяшні выбар вельмі важны. Тым, каго яны падтрымаюць, у бліжэйшыя 4 гады належыць прадстаўляць інтарэсы землякоў у сельскім, раённым і абласным Саветах дэпутатаў, прымаць рашэнні, ад якіх на рэгіянальным узроўні залежыць многае.

    Падтрымалі тых, каму давяраюць.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота аўтараў.