Аснова ўсяго – бяспека людзей

  • Алена МУРАЧ., Бярэзінская панарама 19 от 16 марта 2018 16 марта 2018 12:25 Политика Беларуская

    — Самае важнае – стварэнне бяспечных умоў працы людзей. Звесці вытворчы траўматызм да мінімуму і пазбегнуць няшчасных выпадкаў магчыма дзякуючы зладжанай сумеснай рабоце кіраўнікоў арганізацый, інжынераў па ахове працы і спецыялістаў аддзела кадраў. Значную ролю адыгрываюць тут і ўважлівыя адносіны адзін да аднаго, і нераўнадушнасць кожнага з нас да таго, што адбываецца вакол, — гаварыў першы намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Мікалаевіч Шыфрын, адкрываючы раённы Дзень аховы працы з удзелам інжынераў па ахове працы і спецыялістаў аддзела кадраў сельскагаспадарчых арганізацый.

    На пачатку мерапрыемства план, задачы і парадак правядзення раённага Дня аховы працы акрэсліла начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння і працоўных адносін упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Бярэзінскага райвыканкама Наталля Міхайлаўна Барауля. Таксама яна нагадала прысутным алгарытм заключэння калектыўных дагавораў і спынілася на асноўных момантах парадку іх рэгістрацыі.

    З арганізацыяй работы па ахове працы падчас вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі (раслінаводства і жывёлагадоўлі) і планам па тэхніцы бяспекі, распрацаваным у арганізацыі на бягучы год, пазнаёміў прысутных інжынер па ахове працы і пажарнай бяспецы ААТ «Бярэзінскі» Аляксей Міхайлавіч Барауля.

    — За мінулы год мабільнай групай праведзена 98 праверак і выяўлена 1420 парушэнняў. Разам з тым, быў адзначаны рост колькасці загінуўшых у выніку няшчасных выпадкаў з 0 да 1 (філіял КУП «Мінскаблдарбуд» — ДРБУ №192), і тых, хто атрымаў цяжкія вытворчыя траўмы, з 1 да 3 (ААТ “Бярэзінскі”, ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, ДУП “ПМК-182”). Узровень вытворчага траўматызму ў раёне склаў 5,21 на 10 тысяч насельніцтва, што ўдвая перавышае аналагічны паказчык па Мінскай вобласці. Асноўныя прычыны — невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы і парушэнне пацярпелымі патрабаванняў нарматыўна-прававых актаў. У выніку кантрольнай дзейнасці выяўлена таксама, што ў сельгасарганізацыях не ажыццяўляецца перыядычная праверка ведаў па пытаннях аховы працы і маюць месца факты прыцягнення да выканання работ людзей, што не маюць адпаведнай кваліфікацыі, — адзначаў у сваім выступленні пра стан аховы працы ў арганізацыях раёна галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Бярэзінскага райвыканкама Антон Валер’евіч Кавалёў.

    Галоўны дзяржаўны інспектар працы Барысаўскага МРА Сяргей Віктаравіч Сыраквашка выказаў занепакоенасць тым, што з году ў год на тэрыторыі раёна назіраецца рост фактаў вытворчага траўматызму і няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам. Па яго словах, у гаспадарках удасканалення патрабуюць сістэма кіравання аховай працы і штатны расклад супрацоўнікаў.

    Пра захаванне пажарнай бяспекі работнікамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна нагадаў першы намеснік начальніка Бярэзінскага РАНС Аляксандр Аляксандравіч Лагун. А таксама падкрэсліў, што хоць згодна з Дэкрэтам №7 ад 26 лютага 2018 года дзейнасць кантрольна-надзорных органаў носіць прафілактычны характар, але суб’екты гаспадарання не вызваляюцца ад адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, што прадугледжана за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі.

    Немалаважную ролю ў стварэнні бяспечных умоў працы адыгрываюць і своечасовыя медыцынскія агляды работнікаў. На гэтым акцэнтаваў увагу прысутных урач-гігіеніст ДУ “Бярэзінскі РЦГЭ” Сяргей Віктаравіч Масюк.

    — Не трэба забывацца, што ў аснове ўсяго ляжыць бяспека людзей. Дасягнуць станоўчых вынікаў у дадзеным накірунку дазволіць сумесная работа кіруючых органаў, работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў, прадстаўнікоў розных службаў, а таксама працоўная дысцыпліна, добрасумленныя і адказныя адносіны кожнага з нас да даручанай справы, — падвёў вынікі Дня аховы працы А.М. Шыфрын.

    Алена МУРАЧ.

    Фота аўтара.

    Теги: 
    • {Нет тегов}