Баланс дакладнасці і хуткасці

  • Анна Анішкевіч, Пастаўскі край 21/2018 от 17 марта 2018 16 марта 2018 14:27 Общество Беларуская

    прадэманстравалі ўдзельнікі спаборніцтваў па стральбе  

    з пнеўматычнай вінтоўкі сярод сілавых структур

    Традыцыйна яны праводзіліся на базе сярэдняй школы №1. Удзел у іх прынялі пяць каманд: раённага аддзела ўнутраных спраў, 1-га радыётэхнічнага цэнтра (в/ч 25888), авіяцыйнага атрада «Авіяцыя» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы і 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

    Прысутных прывітаў старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валерый Антонавіч Лушчык. Ён адзначыў, што такія спаборніцтвы па ініцыятыве арганізацыі ладзяцца не першы раз, накоплены пэўны вопыт, з кожным годам павялічваецца колькасць ­удзельнікаў. Мэта — развіццё і папулярызацыя стралковага віду спорту, прыцягненне да заняткаў ім моладзі. Мерапрыемства праходзіць звычайна ў рамках месячніка абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы.

    На агнявы рубеж каманды ў складзе адной жанчыны і трох мужчын выйшлі пасля жараб'ёўкі. Адчувалася, што падабраны найбольш трапныя стралкі, многія з якіх прыйшлі з дасканала падрыхтаванымі і прыстрэленымі вінтоўкамі. Усе выконвалі практыкаванне «ВП-2» (стральба стоячы без рэменя дзесяццю выстраламі па мішэні №9).

    — Любыя спаборніцтвы — гэта напал азарту, бура эмоцый, — гаварыў В. А. Лушчык. — Не сталі выключэннем і гэтыя. Прайшлі яны арганізавана, удзельнікі паказалі высокія вынікі.

    Крыху нечаканай для многіх стала бліскучая камандная перамога стралкоў 1-га ваеннага шпіталя ў складзе Сяргея Розынкі, Яўгена Герасімава, Аляксея Янцэвіча і Таццяны Карпунінай. А ў Сяргея Розынкі і Яўгенія Герасімава яшчэ і найлепшыя вынікі ў індывідуальным заліку (адпаведна першае і трэцяе месцы), на другім — Уладзімір Козел з аддзялення Дэпартамента аховы. Ён пастаянны ўдзельнік спаборніцтваў і заўсёды паказвае адзін з лепшых вынікаў.

    Другое агульнакаманднае месца прысуджана 1-му радыётэхнічнаму цэнтру. Яго гонар абаранялі Дзмітрый Дзевятоўскі, Валерый Пятроў, Ганна Барысенка, Ігар Буцько. «Бронза» дасталася калектыву Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы, які прадстаўлялі Уладзімір Козел, Анатолій Белкін, Людміла Клачкова і Іван Сіраш. Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ.

    — Стральба — гэта ўменне, якім павінен валодаць кожны ваенны, — гаварыў памочнік начальніка шпіталя — начальнік аддзела рэжыму і арганізацыйнага забеспячэння Сяргей Пятровіч Розынка. — Яна фарміруе вытрымку, назіральнасць, уменне кіраваць сваімі эмоцыямі і волю да перамогі. Людзям у пагонах важна мець баланс дакладнасці і хуткасці. Наша каманда гэта прадэманстравала, вынікамі задаволены. Перамогу прысвяцілі 100-годдзю органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

    Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ