Вымушанае зацішша

  • Анатоль ПАЛЫНСКІ., Бярэзінская панарама 26 от 07 апреля 2018 09 апреля 2018 09:16 Сад и огород Беларуская

    На жытнёвых палетках сёння зацішна. Прырода нібы дае аграрыям магчымасць перавесці дух і праверыць, наколькі яны гатовы да сяўбы, перш чым тэхніка выедзе на палеткі. Пераўвільготненасць глебы сёння не дазваляе трактарам праводзіць хоць якія работы, нават “Раса” для ўнясення вадкіх мінеральных угнаенняў, вядомая сваёй павышанай праходнасцю, таксама «на прыколе». Шэраг гаспадарак, праўда, да пачатку разводдзя паспелі заняцца вывазкай і ўнясеннем арганікі і падсевам шматгадовых траў. А сёння – вымушанае зацішша.

    Між тым, да пачатку пасяўной гатова ўсё. Абяцае яна быць напружанай і няпростай. Калі ў мінулыя гады надвор’е дазваляла весці работы пачаргова, этап за этапам, то сёлета брацца трэба за ўсё і адразу – і падкормку, і ўзорванне, і сяўбу, і затрыманне вільгаці… Таму, пры такой нагрузцы, у план правядзення пасяўной кампаніі ўжо загадзя былі ўнесены карэктывы, і для энерганасычанай тэхнікі ўводзіцца дзвюхзменная работа. За гэтымі трактарамі вызначаны дадатковыя механізатары. Акрамя таго, некалькі адзінак тэхнікі разам з механізатарамі будзе адпраўлена ў гаспадаркі з замацаваных за імі гарадскіх арганізацый. Два энерганасычаныя трактары і некаторую іншую тэхніку прадаставіць аграрыям прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Свой уклад у пасяўную традыцыйна ўнясуць і члены мехатрада райагратэхнікі, дзе налічваецца 6 энерганасычаных трактароў з неабходнымі прычапнымі агрэгатамі і раскідвальнікамі ўгнаенняў. У першую чаргу яны будуць задзейнічаны ў тых гаспадарках, дзе налічваецца па адным энерганасычаным трактары (напрыклад, ААТ “Уша”, “Месціна”).

    Пачнуцца работы з падкормкі азімых. Пасля ўскрыцця палеткаў бачна, што перазімавалі яны добра, значных пашкоджанняў няма. Самы час даць ім штуршок для росту і развіцця. Азотнымі ўгнаеннямі для падкормкі гаспадаркі забяспечаны на сто працэнтаў. Менш пакуль што ў наяўнасці калію і фосфару. Але ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання вырашаюцца пытанні па больш поўным забеспячэнні гаспадарак камунальнай формы ўласнасці гэтымі тукамі. Так, праз райаграсэрвіс на мінулым тыдні на гэтыя патрэбы дадаткова да ранейшага было пералічана 720 тысяч рублёў. Інвесціраваныя сельгасфіліялы ў плане забеспячэнні “мінералкай” выглядаюць больш прывабна. Частка фосфару традыцыйна паступае ў раён па Чарнобыльскай праграме. Пад будучы ўраджай актыўна будуць уносіцца арганічныя ўгнаенні. Назапашана і вывезена іх дастаткова. Да таго ж, для высеву той ці іншай культуры і большай яе ўраджайнасці будуць улічвацца папярэднікі мінулых гадоў.

    Самы ж адказны і напружаны час ­ калі на палетках адначасова будзе весціся падрыхтоўка глебы, сяўба і закрыццё вільгаці. Нагадаем, што сёлетні яравы клін складае крыху больш за 20 тысяч гектараў. І апрацаваць гэтую плошчу трэба ў самыя сціслыя тэрміны. Тэхніка для такога рытму работы гатова, і пры ўмове яе занятасці (энерганасычаных трактароў) у дзве змены, пастаўленую задачу вырашыць рэальна.

    Важны фактар кампаніі ­ паліва. Сярод гаспадарак ужо размеркаваны таварны крэдыт на яго набыццё. На раён яго выдзелена 415 тон. Гэтага аб’ёму павінна хапіць для правядзення сяўбы ранніх калавасых і зерневых. Далей дызпаліва гаспадаркі будуць дакупляць за ўласныя сродкі.

    Насенным матэрыялам сейбіты забяспечаны поўнасцю. Гэта толькі эліта і першая рэпрадукцыя. Частка эліты (95 тон) паступіла ўжо пратручанай, астатняе насенне будзе дапрацоўвацца непасрэдна перад сяўбой: праз пратручвальны агрэгат яно трапляе адразу на пагрузку і адпраўляецца на палі.

    Вырашаны на час пасяўной і іншыя захады: аплата працы, гарачае харчаванне ўдзельнікаў кампаніі, наладжванне спаборніцтва, захаванне тэхнікі бяспекі працуючых і г.д.

    Па словах начальніка райсельгасхарчу А.М. Шыфрына, яравая сяўба пры захаванні сённяшніх умоў надвор’я пачнецца ў сярэдзіне наступнага тыдня, пры першай жа магчымасці вывезці тэхніку на палі. А ў паспяховасці кампаніі Аляксандр Мікалаевіч не сумняваецца, бо перадумовы для гэтага створаны ўсе.

     

    Теги: 
    • {Нет тегов}