Гатоўнасць нумар 1

  • Ала АЛЬФЕР., Бярэзінская панарама 27 от 11 апреля 2018 10 апреля 2018 16:05 Сад и огород Беларуская

    Практычна кожны год вясна здзіўляе нас сваёй непрадказальнасцю: то імкліва ўрываецца, а то марудзіць і затрымліваецца. У такіх умовах лавіраваць з пачаткам веснавых палявых работ даводзіцца і земляробам, таму гатоўнасць нумар 1 павінна быць як мага раней. Загадзя падрыхтавалі тэхніку да работы ў полі ў СУП “АграМАЗ” (нагадаю, гэта прадпрыемства сёння аб’ядноўвае два сельгасфіліялы – «Купава-Агра» і «АграМАЗ»). На мінулым тыдні, калі мы разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянцінай Анатольеўнай Козел наведаліся на мехдвор сельгасарганізацыі ў аграгарадку Любушаны, уся тэхніка стаяла на лінейцы гатоўнасці. Ды і ў цэлым, як заўсёды, тут заўважны ідэальны парадак.

    Тым не менш, механізатары не сядзелі без справы. Хтосьці займаўся рамонтам, іншыя навешвалі дадатковыя колы на энерганасычаны трактар.

    — Такая мера, — тлумачыць загадчык мехмайстэрні С.А. Ушак, — надае тэхніцы большую праходнасць па пераўвільготненай глебе, да таго ж не такая глыбокая каляіна застаецца ў полі.

    Мера гэта дадатковая. У цэлым уся тэхніка была гатовая да выезду ў поле да 1 сакавіка.

    — Сеялкі ўсіх відаў – і дакладнага высеву, і з сігналізатарамі, — удакладняе Сяргей Андрэевіч, — плугі, раскідвальнікі для цвёрдых і вадкіх угнаенняў, іншыя агрэгаты. Трактароў у нас таксама дастаткова, у тым ліку энерганасычаных.

    Нельга сказаць, што мясцовыя механізатары спадзяюцца толькі на новую тэхніку. Сёлета, каторы год запар, на палеткі выедзе “Кіравец” 1987 года выпуску, на якім шмат гадоў працуе Васіль Васільевіч Папкоў. Аднавілі ў гэтым годзе і сеялку для высеву кукурузы, якая некалькі гадоў стаяла няспраўная і патрабавала значнага рамонту, а значыць, — немалых сродкаў і сіл.

    Традыцыйна, падрыхтоўкай тэхнікі да вясны актыўна займаліся самі механізатары. Як прыклад, загадчык мехмайстэрні называе Аляксея Якаўлевіча Цэдрыка. Ён сам перабраў сеялку, з якой будзе працаваць. Не абышлося і без брыгады слесараў, сярод якіх адзначаны Ігар Уладзіміравіч Старавойтаў і Дзмітрый Васільевіч Ермаловіч.

    Першай будзе гэта веснавая пасяўная для маладога загадчыка мехмайстэрні С.А. Ушака. Аднак у паспяховасці кампаніі ён упэўнены, бо ведае, колькі сіл прыкладзена да яе падрыхтоўкі.

    Теги: 
    • {Нет тегов}