Трактар сее, а механізатар назірае

  • Александр Касперчук, Дзянніца 32/2018 от 25 апреля 2018 Скачать номер 03 мая 2018 10:02 Сад и огород Беларуская

    Калі мы прыехалі на поле ля вёскі Еўлашы ААТ “Дэмбрава”, па ім размерана рухаўся трактар “Беларус-1221” з прычэпленай сеялкай. Пасля сябе ён пакідаў шасцімятровую палоску зямлі, засеяную цукровымі буракамі. На першы погляд нічога дзіўнага, але калі прыгледзеліся, то заўважылі, што механізатар В.М. Медушэўскі едзе ў кабіне бы пасажыр, не дакранаючыся рукамі да руля.– На маім трактары ўпершыню ў нашым раёне ўстанавілі сучасную навігацыйную сістэму з падрульваннем, і цяпер тэхніка працуе сама, а я толькі кантралюю вытворчы працэс, – на поўным сур’ёзе гаворыць Віталій Мар’янавіч. – Камп’ютар, які звязаны з касмічнымі спадарожнікамі, вытрымлівае аптымальную норму высеву і клапоціцца аб роўнасці гону. Ён працуе з матэматычнай дакладнасцю, таму выпадковы перасеў ці скрыўленне траекторыі сяўбы выключаны. Да ўсяго, істотна павялічылася эфектыўнасць работы сеялкі: цяпер у дзень засяваю па 35 гектараў.Тэхнічнае ноу-хау абышлося ААТ “Дэмбрава” ў 12,6 тысячы долараў, аднак у набытым абсталяванні мясцовыя аграрыі не расчараваліся: яно дазваляе значна эканоміць час, расход паліва і насення, а работу механізатара робіць больш камфортнай і лёгкай.– Па падліках нашых спецыялістаў, прыкладна праз тры гады новая навігацыйная сістэма з падрульваннем цалкам акупіць сябе, – зазначае галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Станіслававіч Скорб. – Несумненна, што за такой тэхнікай будучыня! Між іншым, дэмбраўскія аграрыі амаль завяршылі сяўбу яравых культур і паралельна ўзяліся за цукровыя буракі і кукурузу, якіх прадстаіць пасеяць адпаведна 300 і 1350 гектараў. Штодзень у поле выходзяць тры сеялкі, якія працуюць пакуль сонца не схаваецца за гарызонт. Калі надвор’е будзе спрыяць, то цукровыя буракі ў гаспадарцы пасеюць да 1 мая, а “царыцу палёў” – да 15 мая.Аляксандр КАСПЯРЧУК.Фота аўтара.

    Теги: