У 50-ты раз бліснула «Зарніца»

  • Вераніка Філановіч, Пастаўскі край 36/2018 от 08 мая 2018 10 мая 2018 10:40 Общество Беларуская

    Пятага мая на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі» прайшоў раённы этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца». У гэтым годзе яна была прысвечана адразу некалькім падзеям: чарговай гадавіне Вялікай Перамогі і вываду савецкіх войск з тэрыторыі Афганістана, стогадоваму юбілею органаў пагранічнай службы і Узброеных Сіл Беларусі.

    Сёлета «Зарніца» сабрала сваіх прыхільнікаў у 50-ты         раз. У спаборніцтвах удзельнічалі 6 каманд: «Штык» (СШ №1), «Вымпел» (СШ №2), «Камбат» (СШ №4), «Зорка» (гімназія), «Гутчане» (Гуцкая СШ) і «Экіпаж» (Камайская СШ). У склад кожнай увайшлі дзесяць чалавек з ліку членаў БРСМ і БРПА. Ацэньвала фізічную падрыхтоўку, эрудыцыю і кемлівасць журы: другі сакратар і бухгалтар райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Вераніка Казлоўская і Алена Цімашэнка, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце пагранічнай камендатуры «Паставы» Дзмітрый Бурак, майстар вытворчага навучання ДТСААФ Вячаслаў Масінкевіч і дырэктар трэнажорнай залы «Рэжым» Віталій Пахомчык.

    Гульня складалася з сямі этапаў. На першым каманды прадстаўлялі візітную картку «50 кадраў „Зарніцы“. Падчас яго юнаармейцы прэзентавалі дзейнасць атрада, у творчай форме раскрывалі стаўленне да дат, якім была прысвечана гульня. Усе выступленні вызначаліся неардынарнасцю і арыгінальнасцю падачы, яркасцю і эмацыянальнасцю. Разам з тым былі аб'яднаны агульнай ідэяй — любоўю да Радзімы, ­удзячнасцю суайчыннікам за ратныя подзвігі, гатоўнасцю быць годнымі пераймальнікамі слаўных традыцый продкаў. Найбольш удалымі атрымаліся візіткі ў прадстаўнікоў Гуцкай школы, СШ №4 і №1.

    У наступным конкурсе камандам неабходна было з густам аформіць баявы лісток „Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца!“. Апроч маляўнічага афармлення, ад школьнікаў патрабавалася адлюстраваць этапы гульні. Самымі інфарматыўнымі і па-мастацку аформленымі былі работы каманд „Штык“, „Гутчане“ і „Камбат“.

    Хуткасць, выразнасць і правільнасць выканання каманд і страявых прыёмаў удзельнікі спаборніцтваў дэманстравалі падчас агляду строю і песні „Аты-баты, ішлі салдаты з песняй на парад“. Тут бліжэй за іншых да бездакорнага выканання ўсіх практыкаванняў аказаліся каманды „Штык“, „Камбат“ і „Экіпаж“.

    Эрудыцыя, логіка і ўважлівасць спатрэбіліся ўдзель­нікам у інтэлектуальнай гульні накшталт віктарыны „Квіз“. Найлепшае веданне ваеннай тэматыкі (яна ахоплівала як перыяд Вялікай Айчыннай вайны, так і сучаснасць) і гісторыі піянерскай арганізацыі паказалі навучэнцы СШ №1, гім­назіі і Гуцкай школы.

    Артыстычным, відовішчным і вельмі кранальным атрымаўся конкурс інсцэніраванай песні „З іскрай у душы і верай у Перамогу“. Нумары так і выпраменьвалі станоўчую энергетыку, уражвалі маляўнічымі сцэнічнымі вобразамі, уменнем перадаць характар і сэнс песні. А некаторыя ўдзельнікі, здавалася, не проста спявалі і танцавалі, а пражывалі на сцэне сюжэт музычнага твора. На вышыні быў узровень выканальніцкага майстэрства ў каманд „Гутчане“ і „Экіпаж“ (яны раздзялілі паміж сабой першае месца), „Зорка“ і „Штык“.

    Спаборніцтвы „Да абароны Айчыны гатовыя!“ складаліся з двух рубяжоў па агнявой падрыхтоўцы. На першым ад канкурсантаў патрабавалася хутка і якасна разабраць і сабраць аўтамат. Тут не было роўных камандам „Камбат“, „Зорка“ і „Штык“. На другім — са становішча лежачы трапіць у мішэнь з дзесяціметровай адлегласці. Найлепшымі прызнаны „снайперы“ з СШ №1. Крыху саступілі ім прадстаўнікі Гуцкай і чацвёртай школ.

    Традыцыйны марш-кідок з перашкодамі сёлета замяніла ваенізаваная гульня лазертаг. Уменнем правільна выбудоўваць тактыку бою на гэтым этапе вызначыліся каманды СШ №1 і №2. Трэцяе месца ў гімназіі і Камайскай школы.

    У агульным заліку наймацнейшай прызнана каманда „Штык“. Яна і атрымала Кубак. На другім месцы — „Камбат“, замкнула тройку прызёраў „Зорка“. Прызёрам агульнакаманднага заліку ўручаны падарункі і дыпломы райкама БРСМ, астатнім удзельнікам — падзякі. Граматай за супрацоўніцтва і дапамогу ў папулярызацыі здаровага ладу жыцця ў мала­дзёжным асяроддзі адзначаны Віталій Пахомчык.

    Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ