Сакрэты вернасці працы: Віталій Леанідавіч Локцеў, дырэктар КСУП Аравічы

  • Наталля Чэкан, Хойникские новости 9 июня 2018 8 стр от 09 июня 2018 Скачать номер 18 июня 2018 09:39 КалейдоскопКультураОбществоПрирода и экология Беларуская

    Які дырэктар Віталій Леанідавіч Локцеў? Канешне, аб гэтым лепш разважаць калектыву, але, напэўна, не столькі строгі, колькі патрабавальны. Уклініцца ў яго шчыльны працоўны графік вельмі і вельмі складана. Цяпер гаспадарка перажывае няпросты час. І ў першую чаргу гэта звязана з недахопам спецыялістаў – патрэбны талковы інжынер, заатэхнік, ды і галоўны аграном пакуль з дадаткам «в.а.» Але кіраўнік не страчвае аптымізму і думае над тым, як прыцягнуць кадры ў вёску. Пры гэтым не сумняваецца ў тым, што і моладзь можа горы звярнуць, калі будзе жадаць, зацікаўлівацца. І не пакідае без увагі ні адну ідэю.

    Што датычыць раслінаводства, то ў гаспадарцы плануюць быць з кармамі, якія патрэбны для атрымання высокіх надояў. Бо вядома, што малако ў каровы на языку. І хаця Віталій Леанідавіч не прывык «спісваць» на надвор’е, адсутнасць дажджоў насцярожвае. Бо пасеяная кукуруза чакае вільгаці. Ды і збожжавыя «гараць».

    На гэтым тыдні пачалі закладваць сянаж. Дырэктар спрабуе эфектыўна, рацыянальна і зладжана арганізаваць гэты працэс. Наогул касавіца непаўторная. Сапраўды, не паўтараецца два разы за год водар маладой, нядаўна скошанай і высушанай травы. Але не кожны з нас звяртае на гэта ўвагу, не кожны ўсведамляе і цэніць гэтую непаўторнасць імгнення. А працаўнікі палёў цэняць, адчуваюць усё. Нішто не змянілася, як і спрадвеку, сялянская праца поўная адначасова і цяжкай стомленасці, і высокай паэзіі.

    У жывёлаводстве ўвага засяроджана на якасці малака. Дырэктар прапанаваў работнікам ферм заключыць «пары»: атрымліваеце месяц гатунак «экстра» – заробак адпаведны. На жаль, не ўсе ўтрымалі высокую планку. І страцілі матэрыяльны бонус. Аднак кіраўнік працягвае падбіраць іншыя падыходы і аргументы. Не мала сродкаў затрацілі на лячэнне і прафілактыку хвароб жывёлы, што таксама павінна прынесці станоўчыя вынікі. Актывізуецца работа і па ўзнаўленню статка.

    Гаспадарка мае намер па меры магчымасцей папаўняць і аднаўляць машынна­-трактарны па-рк, мяркуецца праводзіць рэканструкцыю ферм. Але па словах кіраўніка, усе планы напрамую залежаць ад выніковасці работы, якая павінна кожны месяц даваць прыбытак для развіцця сельгаспрадпрыемства.

    Родам Віталій Леанідавіч з Бабчына. У год аварыі на ЧАЭС сям’я пераехала ў Рэчыцкі раён. Пасля Гомельскага ўніверсітэта па ўласнаму жаданню вярнуўся менавіта на Хойнікшчыну галоўным інжынерам калгаса «Хойніцкі». І зусім хутка, у 2012 годзе, ужо выконваў абавязкі дырэктара «Аравічаў». Праз некаторы час звольніўся і пераехаў назад у суседні раён. На тое былі свае прычыны. Аднак, не прыйшлося да спадобы гарадское жыццё, без напружання, без не змаўкаючага тэлефона, без шалёнага рытму, з якім так звыкаешся, працуючы ў сельскай гаспадарцы. І таму зноў вярнуўся ў дырэктарскае крэсла «Аравічаў». Усё яму тут знаёма, ведае, як і што было раней, і як можа быць. Нехта можа падумаць, што гэта проста ўпрыгожаная гісторыя для газеты, аднак сапраўды ёсць людзі, якіх прыцягвае вёска. Хаця Віталій Леанідавіч – гарадскі жыхар. Разам з жонкай і двума дзецьмі жывуць ва ўтульным і зручным раёне новабудоўляў Хойнік. Кватэру кіраўніку прадаставілі адразу, як ён пераехаў у раён. Але працаваць у горадзе – не для яго.   Як падкрэслівае дырэктар сельгаспрадпрыемства, задачы ставяцца, і калі ўзяцца за іх адказна, усёй талакой, то яны, канешне, пасільныя. Галоўнае – з найменшымі затратамі і большым эфектам атрымаць большы аб'ём прадукцыі. Пакуль не ва ўсім атрымліваецца. І калі на мінулых раённых «Дажынках» Віталію Леанідавічу давялося цягнуць са сцэны «аўтсайдэрскі» мех, то сёлета яму, канешне, хочацца пазбегнуць гэтай долі. І справа зусім не ў мяху, а ў тым, каб за сваю гаспадарку не было сорамна. Кіраўнік хваліць свой калектыў і хоча для яго лепшага. Яшчэ ён лічыць, што калі кожны будзе адносіцца да зямлі і ўсяго, што на ёй, як да свайго, то ўсё атрымаецца.

    Добра, калі кожны ўпіша сваё імя ў гісторыю малой радзімы. Гэта ж наш агульны дом, і ў нашых інтарэсах зрабіць яго ўтульным і ўзорным. Паказаць, што мы сапраўдныя і руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Нават самы сціплы ўклад кожнага адыграе сваю ролю – зробіць радзімку больш прыгожай і квітнеючай.