Вялікая Айчынная вайна ўнесла карэктывы і ў жыццё Мікалая Мікітавіча Мартынчыка з вёскі Домантавічы Капыльскага раёна

  • Диана Ткаченко, Слава працы 45/2018 от 20 июня 2018 22 июня 2018 14:42 Общество Беларуская

    Калі пачалася Вялікая Айчынная, Мікалаю было ўсяго 6 гадкоў, але ваенны час памятае вельмі добра і расказвае пра яго ледзь стрымліваючы на вачах слёзы.  

    Пра тое, што нямецка-фашысцкія захопнікі перайшлі мяжу Савецкага Саюза, ён, як і ўсе вяскоўцы, даведаўся ад старшыні калгаса. На ўсё наваколле быў толькі адзін тэлефон у канторы калгаса «Дырыжабль», па якім і паведамілі  пра бяду з раёна. 

    Бацькі Мікалая Мікітавіча — звычайныя калгаснікі. Тата Мікіта Фёдаравіч пяць гадоў адслужыў у царскай арміі, потым змагаўся на франтах грамадзянскай вайны. З-за ўзросту пад прызыў ужо не падпадаў. У сям’і гадавалася шасцёра дзетак, сярод якіх самым маленькім быў Мікалай.

    Вяскоўцы, даведаўшыся пра пачатак вайны, спалохаліся і пачалі ўцякаць хто куды мог. Мікалай з мамай і сястрой схаваліся на беразе рэчкі Мажы, што працякае непадалёку. Але хутка вярнуліся дахаты.

    Немцы прыйшлі ў Домантавічы на трэці дзень. Амаль перад іх прыходам недзе з-пад Брэста прыляцеў падбіты савецкі самалёт і сеў побач з хатай Мартынчыкаў. З яго выйшлі двое лётчыкаў. Яны па рацыі паведамілі пра сябе салдатам-пагранічнікам, якія стаялі ў Філіпавічах. Тыя прыехалі на грузавіку і забралі лётчыкаў. Але далёка ад Цімкавіч ад’ехаць не паспелі, бо прыйшлі немцы. На жаль, лёс гэтых лётчыкаў невядомы. Да самога самалёта немцы чамусьці ніякай цікавасці не праявілі, і гэту адзінку тэхнікі мясцовыя мужыкі разабралі на прылады для хатняй гаспадаркі.

    Успамінае Мікалай Мікітавіч і такі выпадак. У вясковым статку быў адзін вельмі вялікі бык, а недалёка ад вёскі людзі капалі торф, з-за чаго там з’явілася добрая канава. Немцы загналі ў яе быка, і іх фатограф для забавы стаў рабіць здымкі. Але быку, мабыць, не спадабаліся такія адносіны да сваёй асобы, і ён, сабраўшы ўсю сваю моц, выскачыў з канавы на таго фатографа і падмяў яго пад сябе. Чалавек не вытрымаў — памёр. Нямецкі афіцэр тут жа застрэліў жывёліну і вельмі знерваваўся ад таго факта, што салдат вялікага рэйха так бясслаўна загінуў.

    У суседняй Лешні стаяў двухпавярховы драўляны будынак школы. Калі партызаны даведаліся, што немцы плануюць размясціць там свой штаб, прынялі рашэнне знішчыць школу. Загад  яе спаліць атрымаў настаўнік (будучы старшыня раённага аддзела народнай адукацыі) Сергіеня Віктар Паўлавіч. З пастаўленым заданнем ён паспяхова справіўся і пасля пайшоў партызаніць. 

    Трагічна склаўся лёс старэйшых братоў Мікалая Мікітавіча. Трафім, 1912 года нараджэння, служыў у пагранатрадзе ў Цімкавічах. Незадоўга да Вялікай Айчыннай палякі даволі часта рабілі вылазкі на савецкую тэрыторыю. Падчас аднаго з такіх нападзенняў, калі завязаўся бой, Трафім быў паранены ў галаву. Яго забралі ў бальніцу ў Мінск. Там знаходзіўся і падчас акупацыі. Але ворагі вельмі дрэнна адносіліся да хворых, таму ўсіх іх спалілі. Пра гібель Трафіма родным паведаміла мясцовая жанчына-ўрач, якую захопнікі адпусцілі дадому ў Лешню. 

    Другі брат Уладзімір, які нарадзіўся ў 1920 годзе, быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі за два гады да вайны. І калі ўжо амаль падышоў тэрмін звальнення ў запас, пачалася Вялікая Айчынная. Далейшы яго лёс неразрыўна звязаны з фронтам: разведчык, ён змагаўся пад Сталінградам, двойчы быў кантужаны і паранены. Калі скончылася Вялікая Айчынная, трапіў у Прыбалтыку, дзе яшчэ дзейнічалі рэшткі бандытаў. Дамоў вярнуўся толькі ў 46-м.

    Іван, 1924 года нараджэння, пасля пачатку вайны разам з мясцовымі хлопцамі пайшоў у партызаны. Разам з іншымі ляснымі салдатамі дапамог здзейсніць уцёкі ваеннапалонным, якіх нямецкія захопнікі ўтрымлівалі ў лагеры, што знаходзіўся ў Філіпавічах. 

    Трагічна склаўся лёс і старэйшай сястры Вольгі. Па заданні партызанаў яе муж Рудэнка Аляксей пайшоў служыць у паліцыю, каб перадаваць неабходныя звесткі. Пасля заканчэння вайны Аляксей быў арыштаваны і сасланы ў Сібір. Адтуль ён не вярнуўся.

    …Ішоў 44-ы год. Савецкія войскі вызвалялі Беларусь, і на яе тэрыторыі вяліся жорсткія баі. Каб выратаваць сваё жыццё, Мікалай разам з мамай хаваўся ў лесе. Калі яны беглі праз могілкі, падарваўся снарад і маму параніла ў нагу. Хутка яны вярнуліся дадому, ад выбухаў і страляніны маленькі Коля схаваўся ў зямлянцы на агародзе. Раніцай прыйшлі савецкія войскі. Маме аказалі медыцынскую дапамогу. 

    Пра перамогу таксама даведаліся пасля тэлефоннага званка, які прагучаў у Ляшнянскім сельсавеце. Людзі па-рознаму адрэагавалі: хтосьці смяяўся, але многія і плакалі, бо іх сваякі не вярнуліся з вайны.

    Расказвае пра вайну і жонка — Нэлі Іванаўна Мартынчык. Яна таксама з мясцовых, домантавіцкіх. Яе бацька Галушка Іван Лук’янавіч служыў  старшым пісарам у ваеннай часці, што месцілася ў Слуцку. Таму і змагацца яго прызвалі ў першыя дні вайны — 23 чэрвеня. Але дакладна пра яго лёс невядома: мужчына лічыцца прапаўшым без вестак. Ужо ў мірны час Мікалай Мікітавіч дапамагаў жонцы знайсці  інфармацыю пра бацьку, дасылаў лісты ў розныя інстанцыі. Першы раз прыйшоў адказ, што нічога пра Івана Лук’янавіча невядома. Другі раз адказалі, што ён загінуў недзе ў Малдове.  

    Усё жыццё Мікалай Мікітавіч Мартынчык займаў і займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Адслужыў ва Узброеных Сілах Савецкага Саюза, ажаніўся. Спачатку працаваў у калгасе шафёрам. Потым яго, маладога і актыўнага, накіравалі ў Магілёўскую партшколу, скончыўшы якую Мартынчык працаваў у райкаме партыі. Пасля ўзначальваў калгас «Радзіма», настаўнічаў. Зараз ён — старэйшына ў вёсцы. Каб быць у курсе падзей, чытае шмат газет. На асаблівым рахунку — раёнка, падпісчыкамі якой Мартынчыкі з’яўляюцца на працягу доўгага часу.

    Теги: