Да справы – з любоўю: Сцішанок Анатолій Аляксандравіч, дырэктар КСУП Судкова

  • Вольга Белаш, Хойникские новости 16 июня 2018 8 стр от 16 июня 2018 Скачать номер 25 июня 2018 11:03 КалейдоскопОбществоСад и огород Беларуская

    У сельскай гаспадарцы не бывае выхадных, нарміраванага рабочага дня, лёгкай працы. Нельга простымі словамі перадаць усю тую складанасць, адказнасць, цяжкасць, з якой кожны дзень сутыкаюцца работнікі гаспадарак.

    Працоўны дзень Анатолія Аляксандравіча пачынаецца ў 6, а часта і ў 5 гадзін раніцы, а заканчваецца далёка за звычайныя 18 гадзін вечара, калі большая частка насельніцтва нашага раёна адпачывае пасля працоўнага дня. І так кожны дзень, нягледзячы на надвор’е, пару года.

    На мой наіўны запыт: «Зімой, пэўна, лягчэй?» Анатолій Аляксандравіч адказаў: «У сельскай гаспадарцы лягчэй не бывае».

    З 1990 года А.А. Сцішанок працуе ў аграпрамысловым комплексе. Нарадзіўся ў Барысаўшчыне, адслужыў у арміі, пасля якой былі прапановы аб рабоце. Юнак вырашыў працаваць на зямлі. І вось амаль 30 гадоў не пакідае гэтай галіны.

    Сям’я, магчыма, і не ў вялікай радасці, што муж і бацька амаль круглыя суткі на рабоце, аднак падтрымлівае. 

    «Не заўважыў, як вырасла дачка, – падзяліўся Анатолій Аляксандравіч, – унучцы дзевяць гадоў – таксама не бачу, як яна расце. Усё на рабоце. Аднак калі ёсць жаданне працаваць, а ў сельскай гаспадарцы без гэтага аніяк, то патрэбна працаваць. Адпачываць на пенсіі буду. А зараз спраў многа».

    І пра калектыў Анатолій Аляксандравіч сказаў напісаць толькі добрыя словы. Выпадковыя людзі ў гаспадарцы не затрымліваюцца, толькі тыя, хто разумее ўсе турботы, усе клопаты, неабходнасць ад цямна да цямна працаваць, забываючыся часам на свае ўласныя праблемы.

    Параўноўваць, як было раней і як стала зараз, – справа няўдзячная. Чамусьці атрымліваецца так, што былое, савецкае, лічаць найлепшым часам, у тым ліку і ў развіцці сельскай гаспадаркі. Магчыма так, спрачацца не буду. Аднак бясспрэчна тое, што ў любой галіне, у любыя часы, нягледзячы на наяўнасць ці адсутнасць сродкаў, тэхнікі, спрыяльных умоў, галоўным фактарам поспеху застаюцца людзі. Тыя, хто аддана і старанна працуе, на каго можа разлічваць кіраўнік, хто з'яўляецца прыкладам для моладзі. З такімі людзьмі на мінулым тыдні ў сем гадзін раніцы сустрэліся на мехдвары сельгаспрадпрыемства.