Фэст № 12

  • Марыя Талейка, Асіповіцкі край АК от 22/06/2018 от 22 июня 2018 Скачать номер 25 июня 2018 16:07 КультураОбщество Беларуская

    У кожнага горада ёсць свая “фішка”, і Асіповічы не выключэнне. Ужо мала хто памятае, як атрымалася першапачаткова, але адной з такіх адметнасцей рэгіёна стаў штогадовы фестываль аматараў рок-музыкі і матацыклаў. Дарэчы, падобны фэст праводзіцца і ў Лідзе — горадзе шырока вядомым, старажытным, з багатай гісторыяй. Адчуваеце гонар за малады райцэнтр?

    Афіцыйна пачаўся “Байк-Рок Фестываль 2018”, прысвечаны Году малой радзімы, а палове шостай вечара ў пятніцу, але госці працягвалі прыязджаць і на працягу ўсёй суботы. Водна-лясная рамантыка, хай і крыху “прыпраўленая” дрэнным надвор’ем і надакучлівым дажджом, прывабіла многіх: з пятніцы па нядзелю на нашым фэсце пабывала больш за 1000 ўдзельнікаў. Байкеры прыехалі на 250 “жалезных конях”. Гэта можа падацца нерэальным, але прыхільнікі року і матацыклаў збіраюцца ў Асіповічах ужо ў дванаццаты раз! Месца дыслакацыі амаль адное і тое ж — бераг Свіслачы непадалёк ад гарадскога пляжа. У мінулы раз усё адбывалася на базе адпачынку “Вяззе”, зараз — “Бярозцы”, што літаральна побач.

    Фестываль можна смела называць міжнародным. Прыкладна трэць удзельні-каў — мясцовыя жыхары, але геаграфія ўражвае: астатнія амаль з усіх куточкаў Беларусі, да якіх далучыліся два дзясяткі расіян, 30 суседзяў-украінцаў, 2 літоўцы, жыхар Латвіі… У конкурсе на самага далёкага госця перамог удзельнік фэсту з Італіі. А два вечары запар увага публікі была прыцягнута да інтэрнацыянальнай каманды мота-каскадзёраў, якія знайшлі час у шчыльным гастрольным графіку і завіталі на свята. У складзе — прадстаўнікі Чылі, Калумбіі і дзяўчына-беларуска. Іх выступленне ў сетчатым “шары смерці” стала са-праўднай кульмінацыяй культурнай праграмы мерапрыемства: ад такога відовішча ў гледачоў прос-та дух захоплівала!

    Музычны тон тэматычнага фестывалю задавалі 20 рок-гуртоў — прыкладна 80 артыстаў. Кожны з іх знайшоў сваіх прыхільнікаў, але ў фаварытах былі шырокавядомыя беларускім аматарам року выканальнікі “Trubetskoy”, “Дай дарогу!”, “Черный обелиск”. Хэдлайнеры сапраўды пацвердзілі сваё званне — “запальвалі” на высокім узроўні і ад душы!

    У перапынках паміж канцэртамі ўсе маглі паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах. Лепшыя жаночае тату, аэраграфія, кастам — эксклюзіўны матацыкл, упадабанае рускае сумо, што з вялікай верагоднасцю хутка будзе называцца традыцыяй фестывалю… На закрыцці шмат каго адзначылі ў розных намінацыях: валанцёры, гандаль, экстравагантны ўдзельнік, у якога аказаўся самы выбітны іракез, дальнабойшчык года, што аб’ехаў на матацыкле амаль увесь свет. Шэраг груп і клубаў назвалі ў намінацыі “Падтрымка фестывалю”. Усе, хто тым ці іншым чынам паказаў сябе, атрымалі заслужаныя хвіліны славы.

    — Прыемна, што з кожным годам усё больш удзельнікаў: маштаб мерапрыемства расце! — адзначае адзін з арганізатараў “Байк-Рок Фестывалю 2018”, мясцовы прадпрымальнік Канстанцін Дубінчык. — Дзякуй і асіповіцкім уладам, што адгукнуліся на прапанову дапамагчы з правядзеннем. Калі і далей будзем супрацоўнічаць так плённа, фестываль стане гордасцю не толькі раёна, але і краіны.

    Цікава, што на гэты раз больш адзначыліся ў конкурсах і намінацыях іншагароднія. Мабыць, асіпаўчане, як сапраўдныя гаспадары, вырашылі не цягнуць на сябе коўдру. Але, калі хто лічыць, што нешта не паспеў, — чакаем на рэванш у наступным годзе. Спадзяюся, інтарэс да асіповіцкіх байк-рок сустрэч не згасне, і мы і далей будзем ярка праводзіць чэрвеньскія выхадныя.

    Теги: