Больш спраў – менш слоў: БОНДАР Уладзімір Леанідавіч, дырэктар КСУП Эксперыментальная база Стралічава

  • Алена Смусянок, Хойникские новости 23 июня 2018 8 стр от 23 июня 2018 Скачать номер 28 июня 2018 09:04 КультураОбществоПрирода и экология Беларуская

    Нягледзячы на шчыльны працоўны графік дырэктар КСУП «Эксбаза „Стралічава“ Уладзімір Леанідавіч Бондар не адмовіў у размове.

    – Вось скажы, чаму ў сутках усяго дваццаць чатары гадзіны? Чаму хаця б не дваццаць пяць? Ці не трыццаць? – адразу звярнуўся ён да мяне. – Здаецца, толькі дзень распачаўся: праводжу невялікую планёрку, падчас якой размяркоўваецца фронт работ на дзень, хуценька абмяркоўваюцца ўзніклыя пытанні – і звычайна тут жа вырашаюцца, раблю аб’езд ферм, палёў – я і азірнуцца не паспяваю, як сонца коціцца за гарызонт. Вось хаця б у жніўні дні падаўжаліся! Але з божым укладам жыцця, як і з надвор’ем, не паспрачаешся…

    Яго працоўны дзень і сапраўды пачынаецца на досвітку. З ім, кажуць, працаваць цяжка, але цікава.

    У.Л. Бондар нарадзіўся і вырас у Глінішчы, адукацыю мае вышэйшую – закончыў Віцебскую ордэна „Знак Пашаны“ дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Першае працоўнае месца было ў в. Бабчын – галоўным заатэхнікам калгаса „Кастрычнік“.  

    Далейшы паслужны спіс У.Л. Бондара ледзь паспяваю запісваць у нататнік. Адзначу толькі тое, што з сельскай гаспадаркай жыццё звязала яго трывала. Ужо восьмы год ён на пасадзе дырэктара КСУП „Эксбаза “Стралічава». Яго надзейная гавань  – яго сям'я. Жонка Наталля Дзмітрыеўна да выхаду на пенсію працавала ветэрынарным урачом у райспажыўтаварыстве. Сын Дзмітрый шчыруе пад кіраўніцтвам бацькі ў гаспадарцы. Радуюць дзядулю дзве любімыя ўнучкі Оля і Маргарыта.

    На маё пытанне пра планы на сёлетнюю ўборачную Уладзімір Леанідавіч з усмешкай заўважае, што кожны год асаблівы і цікавы па-свойму. І няўлоўна бягучы 2018-ты таксама не выключэнне. Пакуль чалавек не навучыўся супрацьстаяць з’явам прыроды, яна будзе ўносіць свае карэктывы ў працу кожнага члена калектыву – механізатара, агранома, жывёлавода. Але ўсе тут спадзяюцца на лепшае.

    Якое ў У.Л. Бондара працоўнае крэда? Яно лаканічнае, простае і рацыянальнае.

    – Больш справы, менш слоў, – адказаў мой субяседнік, ужо седзячы ў службовай машыне і працягваючы мне аркушык паперы з прозвішчамі работнікаў. – Вось пра іх напішыце. Я ім усім шчыра ўдзячны за іх старанне і добрасумленне.