Першыя “двухтысячнікі” – кабрынчане!

  • Дзмітрый БЯЛОЎ, Кобрынскі веснік 61 от 30 июля 2016 13 августа 2018 16:20 Общество Беларуская

    Ураджай-2018

    Першыя, другія і трэція “тысячнікі” – лепшага падарунка для адной гаспадаркі ўявіць немагчыма. Аднак хлебаробам ААТ “Пакроўскі” гэта ўдалося – не паспелі адшумець віншаванні ў адрас перадавікоў раённага жніва, як аграрыі гаспадаркі зноў адзначыліся выдатнай перамогай – Юрый Сідарук і Вадзім Ляўчук сталі першым у Брэсцкай вобласці экіпажам, які пераадолеў планку ў 2 тысячы тон намалочанага збожжа. Павіншаваць хлебаробаў з выдатнай перамогай прыехалі першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Токар і старшыня Кобрынскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

    Сёлета аграрыям давялося ўбіраць ураджай у няпростых умовах, аднак людзі працуюць вельмі шчыра, што пацвярджае сённяшні выдатны вынік хлебаробаў з “Пакроўскага”, — адзначыў Мікалай Токар. — Уборачная кампанія на Брэстчыне падыходзіць да завяршэння, засталося ўбраць 19,5 тыс. гектараў, усяго мы плануем атрымаць каля 940 тыс. тон з улікам проса і грэчкі. Адным словам, будзем з хлебам.

    Адна з падстаў такой паспяховай работы – ўзаемаразуменне. Як адзначыў старшы камбайнер Юрый Сідарук, са сваім памочнікам ён знаёмы з дзяцінства – у свой час хлебаробы вучыліся ў адным класе. На першым месцы ў калег і вытворчая дысцыпліна – Юрый і Вадзім лічаць на полі кожную хвіліну і арганізоўваюць час з максімальнай эфектыўнасцю. Па працы і вынік – ва ўрачыстай атмасферы пад апладысменты прысутных хлебаробы атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

    З задавальненнем павіншаваў хлебаробаў з чарговай заслужанай перамогай, выказаў шчырыя словы ўдзячнасці ад сябе і ад усяго кіраўніцтва раёна за іх працу, якой яны сёння праслаўляюць рэгіён, Міхаіл Грышкевіч і пажадаў, каб і ў наступным годзе вынікі кабрынчан радавалі.

    З гэтымі выдатнымі дасягненнямі ААТ “Пакроўскі” сустрэне вялікую падзею – у жніўні гаспадарка адзначае 70-гадовы юбілей. І гэта – той выпадак, калі за шчырую працу дзякуе сама зямля.

    На здымках аўтара: Міхаіл Грышкевіч (злева) віншуе экіпаж Юрыя Сідарука і Вадзіма Леўчука; Злева направа: Мікалай Токар, Міхаіл Грышкевіч, Юрый Сідарук, Вадзім Ляўчук і старшыня ААТ “Пакроўскі” Віктар Свянтэцкі; Юрый Сідарук (спарва) і Вадзім Ляўчук.