За крэдытныя сродкі

  • Анна Анішкевіч, Пастаўскі край 64/2018 от 15 августа 2018 14 августа 2018 11:54 Общество Беларуская

    Вядзе рамонт дарог калектыў філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132»

    У гэтыя дні яны “апранаюць” у новы асфальт участкі на дарозе ад Юнек да Варапаева. Наперадзе ідзе МАЗ з гарачым асфальтам, за ім — асфальтаўкладчык, работай якога кіруе Сяргей Сабіранаў. Дарожныя рабочыя Сяргей Кавалёў і Андрэй Канчанін сочаць за падачай асфальтавай масы і ўзроўнем стыкоўкі палатна. Далей справа за каткамі, на якіх працуюць Сяргей Галяк і Іосіф Вырвіч. Яны пакідаюць пасля сябе роўную чорную паласу. Праз некалькі гадзін па ёй можна ехаць.

    — Работа няпростая, — гаварыў прараб Павел Станкевіч. — Стаіць спякотнае надвор’е, гарачы асфальт. Але людзі стараюцца. За дзень расходуем больш за 250 тон асфальтавай масы, якую бесперабойна з асфальта-бетоннага завода ў Боцвінах дастаўляюць ва­дзіцелі Яўгеній Мазурэвіч, Алег Касцень, Генадзій Курто і іншыя. Робім усё для таго, каб рух на нашых дарогах быў больш бяспечным.

    — Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 18 верасня мінулага года зацверджана Дзяржаўная праграма па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь на 2017-2020 гады, — расказвала начальнік планава-вытворчага сектара ДРБУ-132 Вольга Гваздоўская. — Яна ўключае ў сябе падпраграму “Рэканструкцыя, рамонт і ўтрыманне мясцовых аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь”. Па ацэнках спецыялістаў 7 тысяч кіламетраў мясцовых дарог Беларусі — асфальтаваных, бетонных, гравійных — патрабуюць аператыўнага рамонту. У раёнах складаюцца спіскі дарожных участкаў, на якія ў першую чаргу будуць расходавацца выдзеленыя грошы. Перавага аддаецца дарогам, якія вядуць да запатрабаваных аб’ектаў інфраструктуры.

    У апошнія гады ў нашай краіне шмат увагі ўдзялялася будаўніцтву, рэканструкцыі, рамонту рэспубліканскіх магістраляў. А вось дарогі рэгіёнаў адышлі на другі план, што выклікае справядлівую крытыку ўдзельнікаў дарожнага руху. Не заўжды задавальняе людзей і стан дарог, якія абслугоўвае ДРБУ-132. Дарожнікі прэтэнзіі прымалі і ў памерах выдзяляемых бюджэтных фінансавых сродкаў выконвалі самыя неадкладныя рамонтныя работы, рабілі ўсё для таго, каб рух быў бяспечным. Але зношанасць дарожнага палатна складае больш за 80 працэнтаў, таму патрэбны немалыя ўкладанні.

    З мінулага года, калі Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу мадэрнізаваць рэгіянальную дарожную сетку,  справа зрушылася з мёртвай кропкі. Летась адрамантаваны 7 кіламетраў. У планах на сёлета — 14. На гэтыя мэты банк выдзяляе 630 тысяч рублёў крэдыту. Частка іх ужо асвоена: адрамантаваны 2,3 кіламетра дарогі Курты—Кураполле, 2,6 — Полава—Варапаева (у раёне вёскі Ажуны).

    Цяпер работы вядуцца на пад’ездзе да Варапаева. Больш бяспечным стаў рух і на 2 кіламетрах гравійкі Полава—Варапаева—Валкалаты, у планах — рамонт 1,8 кіламетра гравійкі на Гудэлішкі.

    Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ