“Мы родам з Іванава”

  • Соф'я ЛЮБАНЕЦ, Нясвіжскія навіны 17.08.2018 от 17 августа 2018 Скачать номер 17 августа 2018 09:56 Культура Беларуская

    Адзін з сонечных ліпеньскіх дзён стаў асаблівым для вёскі Іванава Ланскага сельскага Савета — невялікай, сціплай, але ад таго не менш дарогой усім, хто нарадзіўся і вырас на яе зямлі. Менавіта ўраджэнцы Іванава, многія — з дзецьмі і ўнукамі — і сабраліся на свята роднай вёскі, якое было арганізавана вельмі гасцінна, шчыра і па-дамашняму цёпла.

    Калі зазірнуць у гісторыю, то яшчэ ў 1628 г. Іванава ўзгадваецца ў летапісах як вёска ва ўладанні Радзівілаў Навагрудскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1862 г., згодна з Устаўной граматай маёнтка Космавічы, у вёсцы было 4 гаспадаркі і 16 сялян, якія апрацоўвалі 80 дзесяцін зямлі. У 1876 г. каля вёскі размяшчаліся два аднайменныя маёнткі, уладанні дваран татарскага паходжання А.І. Карыцкага і А.Я. Александровіча. У 1897 г. вёска налічвала ўжо 40 двароў, 268 жыхароў, у 1909-м — 45 двароў, 303 жыхары.

    З 1921 па 1939 год Іванава, як і іншыя заходнебеларускія землі, знаходзілася ў складзе Польшчы, у Ланскай гміне Нясвіжскага павета. З 4 снежня 1939 г. — у Нясвіжскім павеце, з 15 студзеня 1940 г. — у Нясвіжскім раёне Баранавіцкай вобласці, а з 8 студзеня 1954 г. — у складзе Мінскай вобласці.

    У перадваенным 1940-м у вёсцы было 70 двароў і 329 жыхароў. Пасля Вялікай Айчыннай тут, як і на ўсёй Нясвіжчыне, сталі арганізоўвацца калгасы. У верасні 1948 г. з’явіўся калгас “Перамога”, які на пачатку 1949 г. аб’ядноўваў 57 гаспадарак, меў 403 га зямлі, млын, 9 малатарань, 3 культыватары, 45 плугоў, стайню з 42 коньмі. У 1950-я гады калгас “Перамога” ўвайшоў у склад узбуйненага калгаса “Чырвоны партызан”. 10 лютага 1960 г. вёска ўвайшла ў склад калгаса імя Леніна, які ў лістападзе 1982 г., у сваю чаргу, увайшоў у калгас “Ленінскі шлях”. з 1992 г. гэта — сель-ская калектыўная гаспадарка “Лань”. Цяпер — ААТ “Лань-Нясвіж”. 

    Зараз насельніцтва Іванава зусім нешматлікае, але пуцёўку ў вялікае жыццё тут атрымалі дзясяткі, а то і сотні людзей, якія і цяпер узгадваюць родную зямлю з вялікай любоўю і ўдзячнасцю, бо мена-віта тут яны спазналі прыгажосць навакольнага свету, навучыліся працаваць, адказваць за свае ўчынкі і імкнуцца да лепшага. Аб гэтым, кожны па-свойму, гаварылі многія выступоўцы — ад вядомых вучоных да працаўнікоў сельскай гаспадаркі.

    Седзячы па-сяброўску за шчодра накрытымі сталамі, больш за 100 чалавек дзяліліся ўспамінамі, расказвалі аб сваім сучасным жыцці, дзяліліся планамі на будучыню, сярод якіх, напрыклад, было нават стварэнне музея вёскі Іванава ў адной з яго хат.

    Аб тым, як усё адбывалася, вы можаце ўбачыць на нашых фота-здымках.

    Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

    Теги: