Жніво на Брагіншчыне: віншаванні прымалі ўборачныя экіпажы ААТ “Імя Жукава”, якія перасягнулі тысячны рубеж па намалоце зерня

  • Ніна СІНІЛАВА, Маяк Палесся №33 от 17 августа 2018 Скачать номер 17 августа 2018 17:52 Общество Беларуская

    Як трапна заўважыла загадчыца аддзела арганізацыйна-метадычнай работы ДУ “Брагінскі РДК” Любоў Дубатдзел, гэтага моманту чакалі ўсе, хто сочыць за ходам жніва. Сімвалічна, што ўшаноўванне лепшых праходзіла ў гаспадарцы, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Пятра Жукава, ураджэнца вёскі Мікулічы Брагінскага раёна. Працягваюцца тут і працоўныя традыцыі Васіля, Андрэя, Івана Кулаёў. Менавіта з гэтай  дынастыяй звязаны росквіт калгаса “Чырвоная ніва” (так раней называлася ААТ “Імя Жукава”),  які славіўся на ўсю рэспубліку не толькі высокімі ўраджаямі, але і шчырымі,  сумленнымі людзьмі. Справа гонару іх нашчадкаў – трымаць марку, што яны і робяць. 

    Павіншаваць хлебаробаў гаспадаркі, якія практычна завяршылі жніво, выказаць ім словы глыбокай павагі прыехаў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан. Сёлетняя ўборачная кампанія была надзвычай складанай, моцныя дажджы змяняліся спёкай, але ж і ў такіх неспрыяльных умовах людзі працавалі самааддана. У красавіку на тэрыторыі раёна выпала мінімальная колькасць ападкаў (1%), і ўсё ж у ААТ “Імя Жукава” валавы намалот нядрэнны.

    “Вас чакае яшчэ шмат работы, – падкрэсліў  Аляксандр Васільевіч, звяртаючыся да механізатараў і вадзіцеляў. – Патрэбна ўбраць кукурузу, пасеяць азімыя. Лёгкіх перыядаў у аграрыяў не бывае. Цаню ўсіх, хто звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай, ад душы дзякую за плённую працу. Развіццё Брагіншчыны залежыць ад сельгасвытворчасці, і на працягу апошніх гадоў гэтая галіна развіваецца.  У  мінулым  годзе раён забяспечыў найбольшае прыбаўленне вытворчасці малака ў вобласці, у 2016-м вырасціў ураджай каласавых, якога не ўдавалася сабраць  за ўвесь  паслячарнобыльскі перыяд. Паступова рухаемся наперад”.

    Асобна старшыня райвыканкама падзякаваў дырэктару ААТ “Імя Жукава” Сяргею Міхаленку, бо стратэгія развіцця сельгаспрадпрыемства, а яна дасць вынікі праз пяць гадоў, залежыць ад таго, хто ўзначальвае калектыў.

    Лісты з падзякай, падарункі Аляксандр Васільевіч уручыў двум экіпажам-тысячнікам у складзе Рыгора Раманюка і Аляксандра Раманюка, бацькі і сына Сяргея і Анатоля Раманюкоў. Для старшага  камбайнера Рыгора Рыгоравіча гэта – 28-е жніво. Сяргей Паўлавіч шосты год запар лідзіруе сярод калег па валавым намалоце зерня. Разам з сынам абмалот каласавых вядуць чацвёрты сезон. 

    Віншаванні даслалі таксама старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Раман Цеслянок і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан. Лісты з падзякай і падарункі яны ўручылі не толькі тысячнікам, але і экіпажу ў складзе Дзяніса і Генадзя Шкурко. У мінулым годзе браты  былі ў іх ліку, сёлета, на жаль,  не хапіла да тысячнага рубяжа  некалькі тон. Асноўнае месца  працы Дзяніса і  Генадзя – Брагінскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Каб дапамагчы вяскоўцам хутчэй убраць хлеб,  бяруць на час жніва водпуск. Асобна адзначыў уклад братоў у агульны каравай і дырэктар гаспадаркі. 

    Добры настрой вяскоўцам падаравалі работнікі раённага дома культуры. Вясёлыя песні ў іх выкананні былі дарэчы ў сонечны жнівеньскі дзень.

    А камбайнерам не цярпелася зноў сесці за штурвал сваіх стэпавых караблёў. Грамадскае поле ўбрана, дай-шла чарга і да збожжавых на прысядзібных участках.