Бярэзінскія міліцыянеры актывізуюць аперацыю «Мак»

  • Мілана ТРАПЯНОК, Бярэзінская панарама 62 от 21 августа 2018 21 августа 2018 16:50 Происшествия Беларуская

    У бліжэйшыя дні вартавыя правапарадку Бярэзінскага РАУС паімчаць на дачы для правядзення прафілактычнай акцыі “Мак”. Канкрэтныя трывожныя адрасы ім падказалі першыя паказанні мужчын, якія падазраюцца ў захоўванні 315 грамаў макавай саломкі. Па іх словах, яны набылі наркатычны сродак на дачы паблізу горада.

    — Незаконная знаходка знайшлася ў прыватным доме днём 6 жніўня па вуліцы Палявой горада, — удакладніў супрацоўнік аддзела крымінальнага вышуку Аляксей Шалай. — Сюды яе прынеслі даўно вядомыя сышчыкам і нарколагам людзі. Яны стаяць на ўліку ў раённай бальніцы і не раз адбывалі пакаранне за захаванне і ўжыванне наркотыкаў.

    Цікавай, у крымінальным сэнсе, падаецца оперупаўна-важаным і асоба гаспадара дома, дзе сабраліся мясцовыя наркаманы. У свой час ён быў асуджаны і пакараны за гібель чалавека ў дарожна-транспартным здарэнні, слыў сямейным скандалістам і выпівакам. На некаторы час мужчына пакінуў родны горад, але зноў вярнуўся. Сышчыкі не сумняваюцца, што гаспадар добра ведаў, чым займаюцца яго сябры-наркаманы: у будцы сабакі “выпадкова” знайшліся прылады для прыгатавання наркотыкаў. Так гэта, ці не, павінна высветліць следства, бо раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа.

    — А пакуль будуць удакладнены ўсе абставіны злачынства, варта яшчэ раз растлумачыць дачнікам небяспечнасць вырошчвання і продажу наркатычных раслін, — падкрэсліў Аляксей Шалай. — У лепшым выпадку ім пагражае пакаранне, у горшым — яны рызыкуюць уласным жыццём і здароўем, распаўсюджваюць атруту, множаць рады хворых і небяспечных грамадству людзей.

    Мілана ТРАПЯНОК.

    Теги: 
    • {Нет тегов}