Вялікая вада – вялікая бяда…

  • В. Пісар, Новае жыццё №72/2018 от 08 сентября 2018 12 сентября 2018 17:08 Природа и экология Беларуская

    Навальніца, моцны лівень, град… Населеныя пункты Нягневіцкага і Шчорсаўскага сельскіх саветаў у ноч з панядзелка на аўторак аказаліся ў эпіцэнтры навальнічных франтоў. На працягу некалькіх гадзін непагадзь шырокім фронтам прайшла па тэрыторыі вёсак Падкасоўе, Мілушава, Харосіца, Задвор’е, Балотца, Аўдзеевічы, Шчорсы і прынесла нямала клопатаў мясцовым жыхарам. Раніцай наступнага дня ўсе сілы спецыяльных служб – Навагрудскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №189, Навагрудскага РУП ЖКГ, Навагрудскага ПМС былі задзейнічаны на ліквідацыі наступстваў страшнай стыхіі.

    За некалькі гадзін разгулу стыхіі вуліцы населеных пунктаў не проста ператварыліся ў сапраўдныя рэкі – іх проста змыла, затапіла падворкі і падвалы ў дамах, падмыла і разбурыла масты, у вёсцы Падкасоўе праезная частка дарогі поўнасцю сышла пад ваду. Паток вады змываў нават асфальт.– Аператыўна спрацавалі дарожныя, камунальныя службы і РАНС, – расказвае старшыня Нягневіцкага сельвыканкама Васілій РУДАКОЎСКІ. – Самы вялікі ўрон на тэрыторыі Нягневіцкага сельсавета ад стыхіі нанесены вёсцы Падкасоўе. Тут амаль 500 метраў дарогі знікла пад вадой, часткова былі размыты пад’езды да некаторых дамоў, затоплены падвалы і калодзежы. Вёска Падкасоўе знаходзіцца ў нізіне, таму падчас паводкі, моц­ных дажджоў здараюцца падтап­ленні. Маецца некалькі канаў, па якіх вада сцякае. А вось падчас гэтай навальніцы існуючыя канавы не справіліся з патокам вады. Старажылы за апошнія 60-70 гадоў не памятаюць такога ліўню і навальніцы. Паток вады быў такой сілы, што змываў усё на сваім шляху: бярвенні, гародніну з палёў і агародаў.Падчас нашага прыезду ў Падкасоўі займаліся ліквідацыяй наступстваў стыхіі работнікі ДРБУ-189, праводзілі падсыпку дарогі, пракопвалі траншэю для ўкладкі водаадводнай трубы праз дарогу. У першы ж дзень пасля стыхіі была падсыпана і дарога ў вёсцы Задвор’е. У аўторак з самай раніцы да позняга вечара работнікі Навагрудскага РАНС адпампоўвалі ваду з падворкаў, падвалаў і калодзежаў мясцовых жыхароў. Усяго ў Нягневіцкім сельсавеце было падтоплена 10 падворкаў. Выязджалі паўторна выратавальнікі і на другі дзень у вёскі Падкасоўе і Мілушава. Да ліквідацыі наступстваў стыхіі ў аўторак з самай раніцы прыступілі на тэрыторыі Шчорсаўскага сельсавета.– Ні людзі, ні жывёла ад наступстаў не пацярпелі. Самы вялікі разгул стыхіі прайшоўся па вёсцы Балотца на тэрыторыі Шчорсаўскага сельсавета. Былі затоплены падворкі, падвалы і калодзежы ў вёсках Балотца, Аўдзеевічы, Шчорсы і разбураны мост у в. Балотца. Тут працавалі работнікі ДРБУ-189, падсыпалі і аднаўлялі мост. У Шчорсах на вуліцы Шчорсаўскай быў размыты ўчастак дарогі прыкладна каля 50 метраў. Таксама работнікамі Навагрудскага РУП ЖКГ праве­дзена падсыпка. У самы бліжэйшы час усе наступствы стыхіі будуць ліквідаваны, – адзначыў старшыня Шчорсаўскага сельвыканкама Алег МАРУШКА. Начная стыхія не абмінула і в. Руда Пятрэвіцкага сельсавета. Там ад навальнічнага разраду маланкі загарэўся жылы дом.– За суткі ў Гродзенскай вобласці адбылося 7 пажараў, прычынай якіх хутчэй за ўсё, стала праяўленне сіл прыроды, – расказвае першы намеснік начальніка Навагрудскага РАНС Дзмітрый МАКСІМОВІЧ. – Адзін пажар здарыўся і ў нас.Пенсіянерцы, 1938 г.н., жыхарцы в. Руда, увечары 3 верасня стала дрэнна, жанчына па­тэлефанавала сыну, які прыехаў да маці праз га­дзіну. Убачыўшы, што маці кепска сябе адчувае, сын вырашыў застацца на ноч. І як аказалася, нездарма. Ноччу гаспадыня дома пачула трэск і разбудзіла сына. Мужчына выйшаў праверыць, ці ўсё ў парадку, прыадчыніў дзверы і ўбачыў полымя. Выйсці праз дзверы яны не змаглі, прыйшлося пакі­даць жыллё праз акно.Таксама раніцай, 4 верасня, паступілі тэлефонныя званкі з Нягневіцкага і Шчорсаўскага сельсаветаў з паведамленнем пра падтапленні. Найбольш складаная сітуацыя назіралася ў вёсках Падкасоўе, Мілушава і Аўдзеевічы. Нашы работнікі неадкладна выехалі на ліквідацыю стыхійных наступстваў.Ад бяды ніхто не застрахаваны. Так і нашых землякоў стыхія ў гэту ноч не пашкадавала. Радуе, што людзей не пакінулі сам-насам са сваім горам. Як гаворыцца, сябар пазнаецца ў бядзе, добра, што ёсць тыя, хто заўсёды прыйдзе на дапамогу і ў вялікім, і ў малым. 

    Теги: 
    • {Нет тегов}