Ад дзялянкі да таварнай прадукцыі

  • Анна Анішкевіч, Пастаўскі край 73/2018 от 15 сентября 2018 17 сентября 2018 09:24 Природа и экология Беларуская

    Лесапункт «Прыазёрны» — адно са структурных падраздзяленняў лясгаса. Яго работнікі займаюцца нарыхтоўкай, тралёўкай і вывазам драўніны. А ў адкрытым тры гады назад цэху вырабляюць таварную прадукцыю.

    З начальнікам лесапункта Дзянісам Кавальскім адпраўляемся ў лес, каб паглядзець, як ідуць нарыхтоўка і вываз драўніны — самы складаны працэс. Лясная дарога нагадвае выпрабаванні для пакатушак. Вадзіцель Сяргей Дук дэманструе найвышэйшы пілатаж ваджэння, і мы паспяхова дабіраемся да дзялянкі ў Старадворскім лясніцтве.

    — Гэта яшчэ не самы складаны ўчастак дарогі, — тлумачыць Дзяніс. — Яго падсыпалі. Глыбокай восенню вадзіцелям і механізатарам прыйдзецца цяжэй, калі пойдуць дажджы і тэхніка наробіць каляін.

    Трапляем на месца высечкі. Прафесійна маніпулюе харвестарам Аляксандр Урбанайць. Ён адзін з найвопытнейшых машыністаў. Асабліва вызначыўся на ліквідацыі наступстваў урагану, які два гады таму пранёсся па Міншчыне. За што сёлета ўзнагароджаны медалём «За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый».

    — Для Урбанайця няма розні­цы, дзе старацца: у лясах Пастаўшчыны ці ў камандзіроўцы, — хваліў Аляксандра начальнік лесапункта. — А працаваць за межамі раёна даводзіцца часта. Вось і цяпер нашы работнікі дапамагаюць лесаводам Хой­ніцкага раёна ў барацьбе з караедам. Да таго ж самім трэба выконваць план нарыхтоўкі драў­ніны. 

    Спілаваныя харвестарам дрэвы пагружае на фарвардар і вывозіць з дзялянкі да месца складзіравання Уладзімір Варанец. 

    — Пакуль восень сухая,  вя­лікіх праблем няма, — гаварылі мужчыны. — Здаралася  працаваць на такіх балотах, што колы ў гразі хаваліся. Тэхніка высокапраходная і высокапрадукцыйная. На тыя аб’ёмы, якія харвестар выконвае за 4 месяцы, брыгадзе лесарубаў прыйшлося б затраціць каля двух гадоў.

    Але і без бензапіл не абысціся. Едзем у лес, што каля Сяргеевіч.

    — Тут тэхніка сваю справу ўжо зрабіла, — расказваў Дзяніс. — Засталіся дрэвы, дыяметр якіх дасягае 45 сантыметраў, і харвестар іх якасна не распрацуе. Пакідаем вальшчыкам. А яны — майстры!

    Згодна з правіламі тэхнікі бяспекі, паназіраць за работай вальшчыкаў можна толькі здалёк. І самі яны працуюць на адлегласці 50 метраў адзін ад аднаго.

    Нарыхтаваная драўніна сар­ціруецца і адпраўляецца па назначэнні: частка — на перапрацоўку ў цэх «Смалярня», а затым ідзе на экспарт, менш таварная прадаецца на дровы, а верша­ліны здрабняюцца ў шчапу.

    Пакідалі лес. Шум дрэў заглушаў гул бензапіл.

    Анна АНІШКЕВІЧФота аўтара