Налібоцкія сосны

  • Алена Збірэнка, Працоўная слава № 70 от 18 сентября 2018 Скачать номер 18 сентября 2018 08:06 Природа и экология Беларуская

    Самастойная высечка дрэў у лесе была пад забаронай ледзь не ва ўсе часы і пры любой уладзе. Пажылыя людзі расказваюць, што гэта зладзейства звычайна чынілася пад покрывам ночы. Гук пілы стараліся прыглушыць рознымі прыстасаваннямі, апілкі старанна прыбіралі, а пень маскіравалі мохам, спадзеючыся, што ляснік акажацца няўважлівым. Штрафы і тады, і цяпер за незаконную высечку накладваліся значныя.

    У ліпені на тэрыторыі прыродаахоўных лясоў “Налібоцкі заказнік” супрацоўнікі Івянецкага лясніцтва выявілі, што невядомы лесаруб высек сем сосен, пакінуўшы пні ў дыяметры ад 40 да 56 сантыментаў. Пра такую “дробязь”, як канспірацыя, чалавек не клапаціўся: пакінуў пасля сябе не толькі пілавінне, але і сляды ад абутку і шын аўтамабіля. Акрамя таго, сосны ён цягнуў па зямлі аж дадому, што максімальна аблягчыла лясгасаўцам пошукі злодзея.

    Пасля таго, як усе неабходныя пратаколы былі складзены і падпісаны, кіраўніцтва ДЛГУ “Валожынскі лясгас” звярнулася ў суд Валожынскага раёна з заявай аб прыцягненні вінаватага да адказнасці за ўчыненае правапарушэнне па ч. 1 артыкула 15.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Доказам віны сталі не толькі пісьмовыя дакументы, але і фотаздымкі.

    Суд устанавіў, што незаконная высечка дрэў нанесла матэрыяльны ўрон прыродзе ў памеры 5027,44 рубля, які правапарушальніку неабходна пакрыць. Акрамя таго, уся нарыхтаваная драўніна канфіскуецца ў даход дзяржавы. Згодна з санкцыямі часткі 1 артыкула 15.22, мерай пакарання выбраны штраф – сем базавых велічынь, што на момант вынясення пастановы суда складала 171 рубель 50 капеек.

    Теги: 
    • {Нет тегов}