Цяпер усё будзе добра

  • Алена БРУЦКАЯ, Петрыкаўскія навіны 74/2018 от 15 сентября 2018 Скачать номер 18 сентября 2018 09:41 Общество Беларуская

    Першая мая сустрэча з Марынай была непрыемнай. Некалькі гадоў таму, калі яе сям’я стаяла на ўліку як сацыяльна нядобранадзейная, у складзе групы “Сям’я без насілля” мы наведаліся да яе ў  інтэрнат. Дзверы, хоць і былі на замку, літаральна выпалі нам у рукі. За імі карціна была жахлівая. Паўраспранутыя дзеці туліліся да маці пад коўдрай на канапе без усялякай пасцельнай бялізны. У пакоі – холад. У патэльні – амаль сухія некалі звараныя макароны. Наўрад ці жанчына разумела тады, хто зайшоў да яе, куды павезлі дзетак. Затое разумелі самі дзеці. Старэйшая апранула браціка, дала яму ў рукі тапкі і сказала нам: “Мы сабраліся”. Яны ведалі, чаму іх забіраюць ад маці, бо тое было не першы раз.

    Цяпер Палінцы 12 гадоў. Разам з васьмігадовым Уладзікам яны туляцца да маці на канапе ва ўтульным па-сучаснаму абстаўленым пакоі. Потым хлопчык перапаўзае на рукі да бацькі, ласкавымі звыклымі рухамі абдымаючы яго за шыю.

    Сустрэліся мы цяпер у іх пакоі інтэрната, дзе сям’я на 18 квадратных метрах жыве ўчацвярох.  Рухацца тут можна толькі па чарзе – занадта мала месца. Але яны – шчаслівыя.

    Нарадзілася Марына ў Гомелі. Засталася поўнаю сіратою ў пяцігадовым узросце. Малодшых трох братоў забраў у сваю сям’ю айчым. Дзяўчынка ж паехала да прабабулі ў Рубчу. Тая яе шкадавала, каб магла, то і песціла б. Але хварэла, была слабая. Калі праўнучцы было чатырнаццаць, злегла пасля інсульту. Памерла праз тры гады, і дзяўчына засталася адна на ўсім свеце. Як і наказвала прабабуля, вывучылася на кандытара, пайшла працаваць. Як сірата атрымала пакой у інтэрнаце. Сустрэла, як тады здавалася, свой лёс – Сяргея, нарадзілі Палінку. Прычыну таго, што хутка малады бацька трапіў за краты, пытаць у жанчыны мы не сталі. Відаць, што балюча даецца ёй кожнае слова пра тое жыццё.

    – Недзе тады нешта пайшло не так у маім жыцці, – кажа яна. – Пачала выпіваць, напэўна, ад роспачы: адна з маленькім дзіцям на руках, без падтрымкі, без сродкаў, без роднай душы. З’явіліся сябры і сяброўкі, якія “дапамагалі”, налівалі і пілі са мною. Калі дачцэ было 2 гады, сустрэла Віцю, які стаў ёй бацькам, а мне мужам. Год за годам і нарадзілі Уладзіка. Цяпер разумею, што і з Віцем жылі мы не так, не для таго: разам выпівалі, нідзе не працавалі, гублялі каштоўныя хвіліны жыцця, радасць бацькоўства. Недастаткова сур’ёзна адносіліся да папярэджанняў тых, хто ўжо тады назваў нашу сям’ю сацыяльна нядобранадзейнай.

    Як адзін з відаў падтрымкі атрымалі грашовую дапамогу ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і пераехалі ў Камаровічы, дзе была праца і жыллё. Тых грошай хапіла б, каб прывесці ў парадак дом, які нам далі, але распарадзіліся імі не так. Стала працаваць на ферме, дзе частыя выпіўкі для жанчын былі нормай. Там і засталася без дзяцей, стала абавязанай асобай.

    Паўгода Марына змагалася за права быць побач з дачкой і сынам. Вярнулася ў горад, прайшла лячэнне ад алкагольнай залежнасці, знайшла месца ў інтэрнаце і працу ў ЦРБ, развялася з мужам, які не хацеў тады нічога мяняць у сваім жыцці. І пры любой магчымасці бегла пабачыцца з дзецьмі.

    – За два дні да Новага 2015 года атрымала шчаслівую вестку: мне вяртаюць дзяцей, – з болем узгадвае жанчына. –Тыдзень-два-тры і нейкая чорная сіла зноў звяла ў прорву. Здавалася, што ўвесь свет ад мяне адвярнуўся, на мне было кляймо “сацыяльна небяспечная”, у вачах кожнага бачыла папрок. Я – ізгой. Зноў супакойвалі “сябры”.

    Выцвярэзенне наступіла хутка, пасля таго, як дзяцей забрала група “Сям’я без насілля”. У той раз малыя толькі дзесяць дзён пабылі ў дзіцячым аддзяленні бальніцы. А Марыне – як адрэзала. Вырашыла: больш ніколі! У той раз адабрання не было, ёй паверылі, дапамаглі, працягнулі руку, найперш, як гаворыць жанчына, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Ходзька.

    – Мама, не плач, нас жа фатаграфуюць, – палез выціраць матуліны слёзы хлопчык. І ласкавая ўсмешка тут жа іх высушыла.

    – Даведалася, што на аўтавакзал патрэбна прыбіральшчыца, – расказвае Марына Георгіеўна. – Дырэктар прадпрыемства прыняў на працу, але не ведаў, што мая сям’я ў сацыяльна небяспечным стане. Не сказала яму, бо была ўпэўнена, што тады не возьме. Праз некалькі дзён ён і сам пра гэта даведаўся, выклікаў. Была ўпэўнена, што іду звальняцца. А Аляксандр Уладзіміравіч Бандзюк наадварот падахвоціў, сказаў, што будзе мяне падтрымліваць, каб толькі я не выпусціла гэты шанс. На дапамогу прыйшоў і ўвесь калектыў. Касір аўтавакзала Раіса Дзмітрыеўна Літош стала мне за маці: да яе бегла за парадай, з крыўдай, з радасцю. І цяпер мы, як добрыя сяброўкі. Вакол з’явіліся людзі, якія бачылі ўва мне чалавека, які хоча быць вартым павагі, сталі маёй сям’ёй. Тое дало сілы.

    На той час Віктар стаў працаваць вахтавым метадам на Поўначы. Адсутнасць побач яго, з кім разам і выпівалі, дала Марыне час многае зразумець. Прызнаецца, што па першасці нібы нечага не хапала. А потым здарыўся нейкі прасвет, за якім мінулае жыццё аказалася перакрэсленым. Здавалася, што сіл вось-вось не стане. Але сорам перад дзецьмі за згубленыя чатыры гады не даваў апускаць рукі. У кожны прыезд муж бачыў важкія перамены ў жонцы, стаў менш піць.

    – Сам пачаў разумець, што такое сям’я: калі дома ўтульна, цябе радыя бачыць, у табе маюць патрэбу, – кажа Віктар. – Каюся, вяртаючыся з вахты, бывае, выпіваю. Ведаю, што для Марыны гэта цяжка, таму з часам, ведаю, як і яна, перастану ўжываць. Ёй не пярэчу. Яна моцная і надзейная, на ёй усё трымаецца. Удзячны ёй, што верыць мне, у другі раз стала маёй жонкай, прапісала ў гэтым пакоі. Я адказны за сям’ю, найперш, у фінансавым плане. Заўсёды на сувязі, калі нават і на працы.

    А фінансавыя праблемы здараюцца нярэдка. Зарплата Марыны – мінімальная, палова яе ідзе на аплату камунальных плацяжоў. Здараюцца нават запазычанасці за інтэрнат за месяц ці два, пакуль не пералічыць грошы Віктар. Але спраўляюцца. Як кажа гаспадыня, ёсць што есці заўсёды, хаця б суп, але ёсць.

    Пачуўшы размову пра ежу, Уладзік пайшоў рыхтаваць сабе бутэрброд. Вярнуўшыся з ім, вялізным, як узяць у дзве рукі, перакладзеным сырам і каўбасой, стаў прапанаваць адкусіць бацькам і сястры.

    Важная праблема сёння паўстала перад сям’ёй. Дзеці падрастаюць і яны ўсе літаральна не ўмяшчаюцца на сваіх 18 квадратных метрах. Але  імкнуцца жыць прыгожа і з выгодамі. Мэбля ў пакоі новая, кухонны куток абстаўлены з густам. Зрабілі рамонт у агульным на блок туалеце, у ваннай павесілі бойлер, каб заўсёды была гарачая вада. Хацелі б прэтэндаваць на ўвесь блок, дзе з другога пакоя зрабілі б дзіцячую. Але пакуль пытанне не вырашаецца. Марына перадала свае заявы ва ўсе інстанцыі, якія маглі б ёй у гэтым дапамагчы, дапоўніўшы іх хадайніцтвам ад свайго працадаўцы. І чакаюць. Іншага выйсця ў Новікаў няма. Ніякіх правоў на пазачарговасць у інтэрнаце яны не маюць, статус сям’і, што трывала стала на шлях выпраўлення, ільгот не дае. Зарплата Марыны не дазволіць ёй і будаўніцтва ўласнай кватэры. А Віктар працуе ў Расіі, права на жыллёвы крэдыт увогуле не мае. І атрымліваецца, што інтэрнат як часовае жыллё для іх – самае пастаяннае.

    – Не! Ніколі не вярнуся ў тое жыццё! – у голасе Марыны гучыць катэгарычнасць. – Я ўпэўнена ў сабе. Мне стала цікава жыць. Я адказная перад дзецьмі і тымі людзьмі, хто ў мяне верыць. Нядаўна сустрэла жанчыну, гісторыя якой падобна на маю, з розніцай у тым, што яна дазваляе сабе перыядычна вяртацца ў п’янае жыццё. У яе вачах бачыла зайздрасць да сябе. Так, я іншая стала, і нават знешне гэта бачна. Мне хочацца гаварыць з жанчынамі, якія сёння маюць праблемы з алкаголем, выбіраюць яго замест сваіх дзяцей, каб расказаць пра сябе і свае пачуцці. Мала прайсці “кадзіроўку” – пасля гэтага тваё жыццё аўтаматычна не мяняецца. Трэба многа сілы, трываласці, каб зноў не спатыкнуцца. Часам здаецца, што хадзіць і стукацца ва ўсе дзверы за дапамогай больш не можаш, дзверы кабінета ўрача нарколага адчыняць страшна. Але прыйдзеш, паглядзіш на дзяцей, і сілы самі сабой знаходзяцца. Я стала моцнай, калі згубіла дзяцей.

    Многа спрэчак існуе вакол мер, якія прымаюцца да праблемных сем’яў, вакол Дэкрэта № 18. А мне менавіта гэтыя кардынальныя меры, пагроза страціць дзяцей, людзі, якія прыходзілі да мяне, падказвалі, што і як я павінна зрабіць, і дапамаглі ўбачыць свет. Я ўдзячна ўсім, хто верыў у мяне, і спадзяюся, што з часам любое наша пытанне і праблема вырашацца таксама з дапамогай добразычлівых людзей. Іх у маім жыцці сустрэлася нямала. Як і каля цяперашніх сем’яў у сацыяльна небяспечным стане. Толькі тыя парад не чуюць, не прымаюць руку дапамогі. Але гэта ўжо іх выбар, іх гісторыя.

    Яшчэ кароткая, але няроўная гісторыя сям’і Новікаў хутчэй выключэнне з існуючай карціны  сямейнай нядобранадзейнасці ў грамадстве. І хочацца, каб да гэтых людзей, моцных і маючых веру ў сябе, увага была адпаведнай.

    Теги: