Гармонік мой трохрадны

  • Алена БРУЦКАЯ, Петрыкаўскія навіны 76/2018 от 22 сентября 2018 Скачать номер 25 сентября 2018 16:38 Культура Беларуская

    Яшчэ працуючы касірам на аўтавакзале ў Капаткевічах, атрымала прапанову быць акампаніятарам у Чалюшчавіцкім сельскім Доме народнай творчасці. Доўга адмаўлялася – праца, сям’я, справы хатнія не дазвалялі на тое выкраіць часу. Але з часам згадзілася, бо калектыў меў вялікую патрэбу ў музыканце. І пятнаццаць гадоў ужо дапамагае іх “Зарачаначцы” дарыць радасць і выдатны настрой аматарам народных спеваў. Тым больш, што ў хуткім часе асноўнае месца працы было закрыта. Цяпер Наталля Міхайлаўна штодзень веласіпедам ці на спадарожных машынах дабіраецца ў Чалюшчавічы.

    – Я самавучка, музыку падбіраю на слых, хаця ноты разумею, але мне па іх цяжка іграць, – шчыра расказвае жанчына ў перапынку рэпетыцыі праграмы выступлення на фестывалі “Кліч Палесся”. – І тут ужо без імправізацыі, без нашага мясцовага каларыту, свайго бачання музычнага твору не абысціся. У кожнага гарманіста-самавучкі свой адметны стыль, свая музыка. За пятнаццаць гадоў працы з нашымі цудоўнымі спявачкамі мы навучыліся адчуваць адзін аднаго, разумець і ўдала дапаўняць. На жаль, выязджаем не так часта. Больш даём канцэрты па вёсках, у Петрыкаве. Штораз бываем на “Клічы Палесся”. Апошнія некалькі гадоў ездзіла на фестываль нацыянальніх культур у Рагачоў і Мінск. У кожнай узнагародзе, якой ганаруецца наш калектыў, ёсць і частка маёй працы, што і прыносіць вялікае задавальненне.

    Дома Наталля Міхайлаўна нячаста бярэ ў рукі гармонік, толькі калі збіраюцца госці ці маленькая ўнучка просіць падыграць ёй у танцы. Яна і іграць імкнецца спрабаваць, бабуля вучыць, ды ў восем гадоў яшчэ не хапае сілы дзяўчынцы. Выгадаваныя пад музыку матулі, спяваюць усе яе трое дзяцей, вялікія майстры яны і патанцаваць. А вось музыкант у сям’і адзін – маці.

    – Праз год маю права пайсці на заслужаны адпачынак, – спяшаючыся зноў на сцэну, падагульняе гутарку Наталля Збароўская. – Але пакуль ува мне маюць патрэбу, буду іграць. Сёння гарманістаў у вёсцы няма. А без акампанемента няма народнай песні. Хачу працаваць, радаваць людзей, дапамагаць нашым артыстам.

    Теги: