Жыць!

  • Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ, Петрыкаўскія навіны 79/2018 от 03 октября 2018 Скачать номер 08 октября 2018 09:37 Общество Беларуская

    – Мая маці заўседы казала: не пакідай свайго кутка, – пачала мая суразмоўца. – Я дажываю свой лёс у вёсцы, тут нарадзілася, тут і памру.

    … Нас было чацвёра. Сястра памерла ў дваццаціпяцігадовым узросце пасля няўдалай аперацыі. Другая сястра пасля вайны паехала ў Заходнюю Беларусь на заробкі, там яе лёс склаўся, тры гады назад памерла.  Брата даўно ўжо няма.

    Бацькі таксама ўраджэнцы Рубчы. У розных канцах вёскі жылі. Пазнаёміліся бліжэй – ажаніліся, яшчэ гэта было пры цары. Бацька хутка пакінуў гэты свет, маці нас адна гадавала.

    Сваё жыццё правяла таксама тут, з мужам выгадавалі чацвярых  дзяцей. Працавала ў калгасе.  Мне было 9 гадоў, калі пачалася вайна. Фашысты прыйшлі ў вёску, сагналі ўсіх жыхароў у адну хату. Наша селішча немцы прысвоілі сабе.

    Вайну добра памятаю, але не храналагічна. Памятаю, як хтосьці выкрыкнуў: “Немцы ідуць вёску паліць!” Я спужалася. Кінула маці, сясцёр, брата і пабегла ў лес.  Схавалася ў алешніку. Там яшчэ жанчына сядзела з дзецьмі. Мы прыслухоўваліся, ці не страляюць. Доўга так хаваліся. Нарэшце вырашыліся пайсці паглядзець у сяло. Маці сустрэла мяне са слязамі. Я мокрая, уся ў калючках.

    Потым быў перыяд, калі дзяцей вывозілі ў Германію. Мяне таксама хацелі забраць, але ўзростам не падышла. Забралі старэйшую сястру Ганну. Пра тое, што немцы забіраюць дзяцей, ведалі ўсе, таму сумкі збіралі загадзя. Быў такі факт: калі дзіця ўцякае, расстрэльваюць усю сям’ю.

    … Як быццам гэта было ўчора, сястру садзяць у машыну, а нас, родзічаў, немцы адпіхваюць, не даючы магчымасці развітацца. Машына паехала, а мы са слязамі бяжым за ёй. Страшна ўспамінаць. Такое зараз толькі ў кіно паказваюць.

    Потым маці даведалася, дзе спыніліся машыны з дзецьмі. Недзе пад Брынёвам была перавалачная база акупантаў. Яна здабыла пропуск туды.

    Апранула некалькі старых спадніц, з сабой узяла гарэлкі і разам з іншымі жанчынамі паселі на воз і паехалі на тую базу, каб выкупіць дзяцей. 

    Потым маці расказвала, што наліла немцам гарэлкі, а яны ў адказ: “Gut! Gut!”. Як яна знайшла дачку, не ведаю, але Ганну пераапранулі ў старое адзенне матулі і адправілі дадому праз лес. Там яна жыла, пакуль  Беларусь не вызвалілі.

    У вёсцы жыў Ніканор Марозька, наш сусед. Ён быў разведчыкам. Працаваў на немцаў, краў зброю і прыносіў партызанам. Аднойчы яго пачалі шукаць па сяле.  Маці схавала мяне ў бочцы. Страшна, сяджу ў цемры. Толькі чую, як яны бразгаюць у хаце, мэблю пераварочваюць. Падняла галаву, а там тры твары немцаў на мяне глядзяць. І я як запішчу ва ўвесь голас. “Kinder, Kinder”, – гавораць яны. Мяне адпусцілі.

    Таксама ў Рубчы быў нямецкі шпіталь, прывозілі часцяком немцаў без рук і ног. А могілкі для іх зрабілі на агародзе. Крыжы былі бярозавымі. У кожнага асобная магіла.

    Складаны час быў, што тут яшчэ гаварыць. Маці карміла нас, чым прырода даравала. Як толькі гітлераўцы пачалі адступаць, стала прасцей. Мы маглі нешта са-джаць у агародзе. У астатні час – жалуды высушвалі ў печы, з іх даставалі зярняткі, якія потым перапрацоўвалі ў муку. Атрымліваліся аладкі.  Варылі шалупінне ад бульбы, якую шукалі  па палях. І гэта не сёняшняя смачная бульба, а гнілая бульба вайны.

     Дзеці мае раз’ехаліся. Вёска пусцее з кожным годам. Мы з бабулькамі сустракаемся на святы, абмяркоўваем праблемы. Жыву зараз гаспадаркай і агародам: трэба сена нарыхтаваць і дровы на зіму. Пакуль трымаюся.

    Теги: