Тут будзе сад!

  • Аліна Бальшакова, Полацкі веснік 14540/Полацкі веснік от 19 октября 2018 19 октября 2018 08:48 Сад и огород Беларуская

    Значная падзея адбылася на бягучым тыдні ў аграгарадку Кушлікі: у аўторак намаганнямі працаўнікоў мясцовай гаспадаркі ў цэнтры населенага пункта быў пасаджаны яблыневы сад.

    — Сад — гэта ж свята для душы, — дзяліўся пачуццямі дырэктар ААТ «Кушлікі» Фёдар Завацкі.

    Менавіта ён быў ініцыятарам пасадкі маладога яблыневага саду. «Жыць у вёсцы, дзе побач са школай пустэча, неяк сорамна. Вырашылі пабудаваць тут царкву, а побач — пасадзіць сад! Сяляне і дачнікі будуць любавацца яго цвіценнем, прыгажосцю і збіраць плады», — расказваў пра планы Фёдар Фёдаравіч.

     

    Перад пасадкай саду, як звычайна бывае перад важнай добрай справай, свяшчэннаслужыцель Свята-Пакроўскай царквы Полацкай епархіі, протаіерэй Дзімітрый звярнуўся да сялян з пропаведзю пра значнасць працы на зямлі, пра ўрадлівасць глебы. Ён расказаў пра біблейскі райскі сад Эдэм, а потым здзей­сніў малебен. Па яго заканчэнні акрапіў святой вадой удзельнікаў пасадкі саду і саджанцы.

    400 аднагадовых саджанцаў для пло­шчы паўгектара прывёз з Глыбоцкага гадавальніка вопытны фермер-садавод Дзмітрый Шарабайка. Ён з веданнем справы кіраваў закладкай новага саду ў Кушліках. Ад кожнага дрэва зрабілі адлегласць 2 метры, паміж радамі — 5 метраў. Садзілі яблынькі пад рыдлёўку. Спецыяліст прывёз 5 сартоў яблыняў, якія павінны добра прыжыцца на кушлікаўскіх землях: Белы Наліў, Алеся, Лігол, Імант, Хоней Крысп. Ужо праз год на дрэвах з’явяцца першыя плады. «Яблыні на карлікавай прышчэпе лепш прыжываюцца і хутчэй плоданосяць. Яны вырастуць вышынёй 3,5 метра», — расказаў Дзмітрый Аляксандравіч і паабяцаў, што ўжо праз тры гады малады яблыневы сад парадуе сялян добрым ураджаем. З двух бакоў саду зрабілі добраўпарадкаванне: пасадзілі маладыя бярозы і ліпы, якія стануць для яго своеасаблівай агароджай.

    Рыдлёўкі ў рукі ўзялі маладыя працаўнікі гаспадаркі. Сярод іх — аграномы, бухгалтары, механізатары, інжынеры. Менавіта на моладзь Фёдар Завацкі ўскладае вялікія надзеі. Яны, сённяшнія маладыя мужчыны і жанчыны, будуць пісаць далейшую гісторыю Кушлікаў, сваімі працоўнымі поспехамі праслаўляць гэты край. Пасадка саду стане адной з яркіх старонак гэтай гісторыі. Кожны пасадзіў свае яблыні ў новым садзе і будзе распавядаць пра гэтую падзею дзецям, прывядзе іх у малады сад. «Сапраўдны мужчына павінен паса­дзіць дрэва», — нагадаў Фёдар Фёдаравіч і шчасліва ўсміхаўся, назіраючы, як старанна працавала моладзь.

    Фёдар Завацкі гаварыў пра разуменне вялікай адказнасці за святую справу, якую пачаў. За маладым садам будзе забяспечаны догляд з першага дня, пэўным чынам дрэўцы падрыхтуюць да зімы. У планах дальнабачнага кіраўніка — на будучы год восенню закласці яшчэ адзін сад непадалёку, насупраць гэтага, праз дарогу.

    Теги: