Дружна папрацавалі на суботніку або Адзін дзень на карысць раёна

  • Вольга Чарняўская, Кліч Радзімы 85/2018 от 24 октября 2018 24 октября 2018 16:27 Общество Беларуская

    20 кастрычніка адбыўся раённы суботнік. Галоўнай мэтай яго правядзення была неабходнасць прыбраць восеньскае апалае лісце і смецце, падрыхтаваць паркі і скверы, прылеглыя да ўстаноў і арганізацый тэрыторыі да зімы. Падчас суботніка на тэрыторыі раёна былі добраўпарадкаваны месцы воінскіх пахаванняў і помнікі. Прадстаўнікі працоўных калектываў і моладзь, старэйшае пакаленне, вучні школ і члены грамадскага аб’яднання БРСМ масава выйшлі на суботнік і папрацавалі з карысцю для свайго горада і раёна.

    — Кастрычнік — гэта час навядзення чысціні і парадку, а суботнікі — добрая традыцыя, якая аб’ядноўвае пакаленні. У нашым раёне жыхары заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у суботніках, — паведаміў начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Валянцін Францавіч Бука. — Маштабныя работы з самага ранку  вяліся каля цэнтральнай раённай бальніцы, раённага Цэнтра культуры, на плошчах, у парках і скверах, амаль каля ўсіх адміністрацыйных пабудоў гарадскога пасёлка і раёна. На працягу апошняга часу у гарадскім пасёлку актыўна праводзіліся работы па вырубцы інвазійных дрэў і кустоўя, якія вельмі хутка разрастаюцца і пачынаюць імгненна ахопліваць новыя тэрыторыі. З мэтай аднаўлення зялёных насаджэнняў і рэгулявання колькасці дрэў напярэдадні і ў дзень правядзення  раённага суботніка прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі высадзілі каля 300 саджанцаў туі і ядлоўца. Новыя дрэўцы высаджваліся не толькі ў гарадскім пасёлку, але і на тэрыторыі раёна: уздоўж трасы Шаркаўшчына—Германавічы. Да пасадкі маладых дрэўцаў далучыліся медыкі. Набытыя ў гадавальніку ліпы, елкі, сосны, дубы і кедры ўпрыгожылі ландшафтны дызайн Лужкаўскай участковай бальніцы.

    Заробленыя на суботніку сродкі будуць накіраваны на добраўпарадкаванне Шаркаўшчыны і правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў. Аб’ём выкананых у мінулую суботу работ стаў пацвярджэннем таго, што ў нашым раёне жывуць неабыякавыя да свайго роднага краю людзі, якія ўсімі сіламі імкнуцца зрабіць яго больш чыстым і дагледжаным.

    Теги: