Свайго лёсу гаспадары

  • Алена РАДКЕВІЧ., Голас Любаншчыны 66/2018 от 26 октября 2018 Скачать номер 29 октября 2018 08:33 Калейдоскоп Беларуская

    У аграгарадку Сосны 1 Камунараўскага сельсавета, што на Любаншчыне, пражывае сям’я Васіля і Таццяны Карповічаў. Каля 30 гадоў назад прыехалі яны маладымі з Віцебшчыны на малую радзіму Васіля Сямёнавіча ды тут і засталіся. Абое працалюбівыя, апантаныя ідэямі, займаюцца пчалярствам, вырошчваюць вінаград, саджаюць памідоры, агуркі, даглядаюць дзвюх кароў, да таго ж Васіль Сямёнавіч асвоіў кавальскае рамяство. Падворак увішных гаспадароў заўсёды ўтульны, прыбраны, з прыгожым кветнікам – люба глянуць. Нядаўна мы сустрэліся з гаспадарамі сядзібы, якія шчодра падзяліліся з намі сваімі захапленнямі.

     Пчалярства – акно ў свет

    – Сёлета я прыняў удзел у XXII Міжнародным кангрэсе пчалярскіх арганізацый «Апіславія-2018», які праходзіў з 9 па 13 верасня ў Маскве. Урачыстае адкрыццё яго адбылося ў Дзяржаўным Крамлёўскім палацы. Больш за 30 краін свету і больш за тры тысячы чалавек прынялі ўдзел у вялікім форуме. Праграма ўключала навуковую сесію, выстаўку абсталявання, прадукцыі, навуковай і практычнай літаратуры. Значная ўвага была нададзена якасці прадуктаў пчалярства, стварэнню прамысловых пасек, селекцыі меданосных пчол і інш. Шмат новага і цікавага па пчалярстве было прадстаўлена з Кітая. Зараз разам з жонкай збіраемся ехаць па вопыт у Малдову, дзе плануецца наведванне тысячных пасек, – распавёў Васіль Сямёнавіч.

    Увогуле, па словах суразмоўцы, на яго рахунку ўжо не адна замежная краіна, у тым ліку Літва, Латвія, Польшча, Аўстрыя, у якіх давялося пабываць дзякуючы грамадскай арганізацыі пчаляроў. У цяперашні час муж і жонка большую ўвагу надаюць продажу розных парод пчол. У цэлым вулляў стацыянарнай і качавых пасек у гаспадароў каля сотні.

     «Гарачы метал крануў за душу»

    У зімовы перыяд, калі пчолы знаходзяцца на пакоі, Васіль Сямёнавіч мяняе, так бы мовіць, прафесію пчаляра на каваля.

    – Гадоў 20 таму я ўпершыню пабыў у кузні, крыху і сам паспрабаваў каваць – спадабалася. Пасля зарадзілася мара: калі-небудзь вярнуцца да гэтай справы. Дарэчы, у мінулым мой прадзед Фёдар Бушмар займаўся коўкай, магчыма, нешта ў генах засталося, – прадоўжыў аповед суразмоўца.

    Васіль Сямёнавіч працы з металам вучыўся самастойна: цікавіўся і вывучаў рамяство ў інтэрнэце, змайстраваў гарніла (металургічную печ), спрабаваў, практыкаваўся… У рэшце рэшт усё атрымалася, як і хацелася, можа, нават і таго лепш. Ён стварыў каля сотні работ, у іх ліку плеценыя карзіны, вароты, весніцы, кветніцы і самі кветкі, падстаўкі, казыркі і інш. Сёння на металічныя вырабы паступаюць заказы ад родных, сяброў, суседзяў, іншых людзей. Дарэчы, некаторыя работы майстра трапілі ў Расію і Германію. І гэта дасягненні за тыя пяць гадоў, як Васіль Сямёнавіч стаў кавалём.

     Пасляслоўе

    Як бачым, распачаць справу па душы можна, калі да гэтага імкнуцца думкамі і пачынаннямі. Зараз у сям’і Карповічаў свой асабісты ўклад жыцця, такі рознабаковы і цікавы. Няхай жа ў іх гаспадарчых справах ня-зменна крочаць побач удача і поспех, абавязкова збываюцца надзеі і мары.

    Теги: 
    • {Нет тегов}