Верхнядзвінскія культработнікі адзначылі прафесійнае свята ў абноўленых памяшканнях

  • Янина Пакульневич, Дзвінская праўда №86 от 29 октября 2018 29 октября 2018 15:02 Культура Беларуская

    Сваё прафесійнае свята работнікі культуры адзначылі ў абноўленых памяшканнях. Мерапрыемствы, прыўрочаныя да гэтай даты, адбыліся ў Цэнтры культуры і народнай творчасці і ў раённай бібліятэцы.

    IMG_8971 копия

    Сімвалічна, што новую сцэну адрамантаванага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці культработнікі “апрабавалі” на сваё свята. Традыцыйна яны ладзяць мерапрыемствы для іншых, адзначыць жа ўласную працу выпадае рэдка. Але ўвод у строй новых аб’ектаў культуры да абласных “Дажынак” дазволіў зрабіць гэта ў поўнай меры.

    Наказ моладзі ад ветэрана культуры Я. І. Новікавай.Наказ моладзі ад ветэрана культуры Я. І. Новікавай.

    Віншуючы калег з прафесійнай датай, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.А. Масквічова нагадала, што бягучы год для культработнікаў быў асабліва насычаным і багатым на падзеі. Да традыцыйных мерапрыемстваў далучыліся шматлікія святы, сустрэчы і конкурсы, прысвечаныя Году малой радзімы, з’явіліся новыя культурныя брэнды раёна, праведзены яркія святкаванні дзён аграгарадкоў. А галоўнай маштабнай падзеяй, якой аддадзена многа сіл, стаў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”. Адметны ён не толькі змястоўнымі сцэнарыямі і творчымі знаходкамі, але істотным умацаваннем базы устаноў культуры. Капітальна адрамантаваны будынкі і Цэнтра культуры, і раённай бібліятэкі, і дзіцячай школы мастацтваў. Безумоўна, новы выгляд аб’ектаў стымулюе напаўняць іх багатым зместам – развіваць творчы патэнцыял, знаходзіць новыя цікавыя формы работы, аказваць карысныя людзям паслугі, далучаць верхнядзвінцаў, і асабліва дзяцей і моладзь, да шматграннай творчасці. Атрад культработнікаў раёна здольны паспяхова выканаць гэтыя задачы і паказаць высокі ўзровень прафесійнага майстэрства.

    Н.А. Масквічова падзякавала калегам за працу і пажадала, каб у абноўленых памяшканнях культустаноў заўсёды гучалі гарачыя апладысменты прызнання. Надзея Аркадзьеўна ўручыла Ганаровыя граматы і Падзякі за дасягенні ў працы і вялікі ўклад у правядзенне свята “Дажынак” работнікам сферы культуры і іншых арганізацый.

    Са сцэны гучалі шматлікія віншаванні ад прадстаўнікоў структурных падраздзяленняў аддзела, лепшым работнікам былі ўручаны ўзнагароды.

    Па традыцыі віталі ўдзельнікі свята маладых спецыялістаў, якія прыехалі працаваць ва ўстановы культуры раёна. Ад імя старэйшага пакалення наказ на вернасць прафесіі ім дала ветэран культуры Яўгенія Іванаўна Новікава, якая сёлета адзначыла свой асабісты юбілей.

    І, безумоўна, прафесіяналы культуры паказалі выдатныя ўзоры свайго майстэрства: са сцэны гучалі цудоўныя мелодыі, віхурылі задорныя танцы ў выкананні таленавітых творцаў.

    С. АЛЯКСАНДРАВА.

    Фота Анны ЗІМАЦКАЙ.