Рэгіянальныя навіны

  • Наталля Штэйнер, Працоўная слава № 82 от 30 октября 2018 Скачать номер 30 октября 2018 09:12 Калейдоскоп Беларуская

        З 25 кастрычніка па 14 лістапада ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” знаходзяцца дзесяцікласніца гімназіі № 1 г. Валожына Марыя Малянковіч і яе равесніца з СШ № 1 райцэнтра Анастасія Шайтар.

        Дзяўчаты паехалі на змену “Робатэкс”, дзе сабраны вучні з усёй рэспублікі, якія маюць высокія дасягненні ў вучобе і цікавяцца тэхнічнай творчасцю. І на гэты раз яны правядуць час з карысцю: не толькі добра адпачнуць, набудуць сяброў, але і вернуцца ў свае навучальныя ўстановы з новымі ідэямі.

     

        21 кастрычніка ў Дубіне на базе мясцовага музея настаўніка В. Рагяля зладзілі “Восеньскі фэст”, які сабраў сяброў і добрых суседзяў. Яго арганізатарамі выступілі аматарскае аб’яднанне “Бацькаўшчына” і экасядзіба “Дайнаўскі Двор”.

        Пачаўся фэст з семінара-сустрэчы з юрыстам з Мінска Міколам Арцюховым “Віды традыцыйнай дзейнасці (рамесніцтва, асабістая падсобная гаспадарка, аграэкатурызм) як мажлівасць дадатковага прыбытку ў сельскай мясцовасці”. Яго прафесіянальныя парады былі вельмі дарэчы і самім вяскоўцам, і гаспадарам навакольных аграсядзіб, сярод якіх быў і старшыня спажывецкага кааператыва “Валожынскія гасцінцы” Васіль Грынь. У далейшым фэст працягваўся, як у даўнейшыя гады, калі людзі збіраліся разам на вячоркі. Спеўны гурт “Мярэжа” выконваў песні памежжа, музыкі гралі на народных інструментах. Выступалі Насця Шпілеўская з Маладзечна, Дар’я Зуева і Дзяніс Сухі з Мінска, гурт “Кола” з Маладзечна. Як і ў часы нашых дзядоў, вечарына праводзілася ў хаце, дзе няма электрычнасці, а падлогу палівалі вадой, каб ад танцаў не стаяў пыл гарой. Уражанняў ад фэсту надоўга хопіць і дубінскім дзецям, і дарослым рознага ўзросту, і гасцям, якія заўсёды з вялікай радасцю прыязджаюць у гэту каларытную вёску ў нашым раёне.

     

        За 10 месяцаў бягучага года ў дзіцячую бібліятэку ў Валожыне цэнтралізавана паступіла 331 новая кніга. Апошняе паступленне было на мінулым тыдні: 32 кніжкі для дзяцей і 6 новых літаратурных твораў для дарослых.

        Дзіцячыя выданні адразу выстаўляюцца на выставу “Навінкі літаратуры”, якая да канца дня была ўжо пустая. І гэта самая прыемная навіна, што нашы дзеці і ўнукі яшчэ не адвыклі ад папяровых кніжных выданняў, што іх не выжылі сучасныя гаджаты, а многія школьнікі любяць праводзіць вольны час з кнігай у руках. Сярод разабраных навінак энцыклапедычныя выданні серыі “Все на свете знают дети”, серыі “Карысныя кніжкі” для выхавальнікаў, бацькоў і дзяцей. Да кніг Жыльбера Дэлаэ, што былі на паліцах раней, дабавіліся новыя. На радасць чытачам з’явіліся і новыя кнігі англійскай пісьменніцы Холі Вэб, аўтара сучасных бестсэлераў для дзяцей і падлеткаў.

     

        Псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Жданюк ужо “засвяцілася” ў Валожыне з праектам “Асаблівая прыгажосць”, гераінямі якога сталі дзяўчаты з хваробай Даўна Ганна Рай і Анастасія Саўчук. Фотавыстава была прадстаўлена ў фае ДЮСШ.

        А не так даўно А. Жданюк стала ўдзельніцай фестывалю “Лэдзі Фэст”, які праходзіў у Мінску. Было пададзена каля 100 заявак, па выніках галасавання ў сацыяльных сетках журы адабрала 10. У фінал выйшлі 6 з іх. Алена прэзентавала свой праект. На жаль, у фінал яна не трапіла, выйшлі толькі тры праекты. Але, як вядома, галоўнае – не перамога, а ўдзел. Тым больш, што ўдалося дайсці да фіналу. Гэта павінна натхніць Алену на новыя творчыя праекты.

     

        20 жыхароў Валожына ў чацвер, пасля рабочага дня, пабывалі на спектаклі “Радавыя” па п’есе Аляксея Дударава ў Драматычным тэатры беларускай арміі. Паездку арганізаваў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

        І хаця многія ўжо бачылі гэты спектакль ў Купалаўскім тэатры, новае яго прачытанне таксама кранула за душу. Тым больш, што ля вытокаў з’яўлення тэатра стаіць сам драматург, і, напэўна, такія “Радавыя” яму вельмі блізкія. 

    Теги: 
    • {Нет тегов}