Гучалі хіты 80-90-х гадоў

  • Анжэла Радына, Працоўная слава № 82 от 30 октября 2018 Скачать номер 30 октября 2018 09:15 Культура Беларуская

        Старэйшыя аматары музыкі скарысталіся магчымасцю пачуць творы, што былі папулярныя ў час іх юнацтва, а моладзь пазнаёмілася з песнямі бацькоў.

        Дваццаць дзевяць хітоў 80-90-х гадоў прагучалі са сцэны. Сярод іх былі творы з рэпертуару Льва Лешчанкі, Таццяны Аўсіенкі, Надзеі Кадышавай, Алёны Апінай, Аляксандра Сярова, Сафіі Ратару, ансамбляў “Сябры” і “Сіняя птушка”, груп “Міраж” і “Балаган-лемітэд” і інш. Не адзін артыст звярнуўся да рэпертуару Валянціны Талкуновай, Наташы Каралёвай, Ганны Герман, Міхаіла Баярскага. Найбольш жа прыцягальнымі аказаліся песні Алы Пугачовай, іх выбралі аж чатыры ўдзельнікі мерапрыемства.

        Сярод вакалістаў, што падымаліся на сцэну, былі і тыя, без каго не адбыўся ні адзін фестываль, і дэбютанты. Сваё майстэрства прадэманстравалі артысты раённага і сельскіх цэнтраў культуры, салісты клуба “Верас” і проста жыхары Валожына. Кожны нумар быў яркім і запамінальным. Высока ацанілі гледачы жывое выкананне пад баян Ліліі Саевіч. Шчыра апладзіравалі даўно ўпадабаным спевакам Аляксандру Шаўчэнку, Таццяне Рыснік, Таццяне Часнок, Дзмітрыю Гурбану, Дзмітрыю Завадскаму, Ліліі Маразоўскай. Выступленні Вольгі Арлавец, Ларысы Тур, Ірыны Зянько, Святланы Гурбан, Ірыны Татун, Вольгі Дзедуль акунулі прысутных у атмасферу дыскатэк 80-90 гадоў. Заставілі задумацца песні ў выкананні Іосіфа Сухавецкага, Ларысы Шарко, Ліліі Рамановіч, Наталлі Жызнеўскай, Анатолія Нядзвецкага.

        Упершыню прынялі ўдзел у фестывалі Юлія Фомкіна, Віялета Данільчык, Вольга Ліштван, Юлія Матус, Юлія Скадорва. Прысутныя далі высокую ацэнку іх вакальным здольнасцям і падтрымалі спявачак дружнымі апладысментамі. Прыемна было бачыць на сцэне радавога мясцовай вайсковай часці Аляксандра Бруя. Малады чалавек таксама быў сярод дэбютантаў, хоць не аднойчы выходзіў на сцэну РЦК падчас розных іншых святочных мерапрыемстваў.

        Магутны зарад станоўчай энергіі і бадзёрасці ўнеслі ў канцэрт Жанна Мойса з песняй “Жоўтыя цюльпаны” і Сяргей Сівы з “Полькай беларускай”. Сапраўдным прадстаўленнем стала выступленне Карыны Кашырскай. Яна вынесла на суд гледачоў кампазіцыю “Арлекіна”, якая ў свой час зрабіла вядомай зорку савецкай эстрады Алу Пугачову. На заканчэнні мерапрыемства ў выкананні Аляксандра Шаўчэнкі і ўсіх удзельнікаў фестывалю прагучала “Песня застаецца з чалавекам”.

        Гледачы прыемна правялі час, атрымалі шмат станоўчых эмоцый. Многія падымаліся на сцэну, каб падарыць кветкі і сказаць добрыя словы любімаму артысту. З рук вядучых кожны спявак атрымаў Дыплом удзельніка фестывалю “Залаты шлягер”.

    Фота аўтара

    Теги: 
    • {Нет тегов}