Час патрабуе, жыццё экзаменуе

  • Татьяна Полубятко, Дзянніца 84/2018 от 24 октября 2018 Скачать номер 31 октября 2018 11:00 Политика Беларуская

    Дзень сельсавета – свое­асаблівы экзамен для прымаючага боку. Безумоўна, да мерапрыемства тут рыхтаваліся. Але самы каштоўны вопыт лядскага рэгіёна – планамерная работа і сістэмны падыход да развіцця і добраўпарадкавання гэтага прыгожага кутка шчучынскай зямлі, цеснае супрацоўніцтва органа ўлады пярвічнага ўзроўню, суб’ектаў гаспадарання і людзей, якія тут жывуць. Пацвярджэнне гэтага можна было ўбачыць па ўсім маршруце.Вось міні-маркет “Родны кут” у Тапілішках. Прывабная знешне крама абноўлена і ўнутры. Гэта вынік рэбрэндынгу, які, дарэчы, закрануў у раёне 7 гандлёвых аб’ектаў. Цяпер магазін для 740 жыхароў аграгарадка – тэрыторыя прыемных цэн. Калі аўтобус узяў накірунак на Ляшчанку, старшыня Лядскага сельвыканкама П.А. Літавар ахвотна расказваў пра тое, што работнікі лясгаса ўбралі ўсе дрэвы, якія навісалі над гэтай дарогай. Пастараліся і дарожнікі: асфальт да вёскі Красная праклалі яшчэ летась. Вёска гэта адпавядае сваёй назве – красная вугламі і слаўная гаспадарамі: сядзібы адна прыгажэй за другую. А два старыя дамы, якія псавалі від, разабралі.Свой стыль у развіцці вытворчасці, навядзенні парадку на зямлі – у кіраўніцтва ААТ “Дэмбрава”. Дарэчы, гэта сельгаспрадпрыемства ўзяло пад сваё крыло частку тэрыторыі і аб’ектаў мясцовай птушкафабрыкі. “Спадчына” была не з лепшых і ў вытворчым плане, і ў сацыяльным: адных толькі будынкаў, якія не выкарыстоўваліся, налічылі ажно 40. Каманда прафесіяналаў на чале з А.В. Туля распрацавала сваю стратэгію і тактыку абнаўлення і перамен. І рэзультат бачны ўжо сёння. Так, новае аблічча цяпер у мехмайстэрні ў Амбілеўцах. Тут раскарчавалі стары сад, аптымізавалі і агарадзілі тэрыторыю, зрабілі новую запраўку, прывялі ў парадак пляцоўку для захоўвання тэхнікі і гаражы, распачалі рамонт мехмайстэрні… Па словах галоўнага інжынера Д.І. Ёдчыка, эфект адчулі ўжо на пасяўной. У гэты ж дзень удзельнікі Дня сельсавета ацанілі арганізацыю вытворчых працэсаў на МТФ “Мураўёўка”, дзе ўтрымліваецца 2158 галоў буйной рагатай жывёлы. ААТ “Дэмбрава” ўклала сюды 230 тысяч рублёў. Рэканструяваны сянажна-сіласныя траншэі, узведзены новы цялятнік… Цяпер адсюль штодзень адпраўляюць звыш 14 тон малака, 99,7 працэнта якога – сортам “экстра”. Калектыў фермы – маладыя і, як было адзначана, амбіцыйныя кадры. У нагу з часам імкнуцца ісці і ў ААТ “Шчучынаграхімсервіс”. Прадпрыемства, акрамя аўтамабільных грузаперавозак, сур’ёзна займаецца дрэваапрацоўкай: за 9 месяцаў на лініі, устаноўленай на вытворчай базе ў Ляшчанцы, распілавана больш за 25000 м.куб. лесу, рэалізавана піламатэрыялаў больш чым на мільён еўра. Галоўныя плюсы – валютная выручка і занятасць людзей (на гэтым участку працуе 70 чалавек). Развіццё вытворчасці, клопат пра людзей – простыя рэчы, на якіх трымаецца ААТ “Шчучынская птушкафабрыка”. Летась на пляцоўцы ў Тапілішках аднавілі будынак кармацэха і птушнік, зрабілі аптымізацыю тэрыторыі. Вялікая ўвага ўдзяляецца эканоміцы, якасці прадукцыі і пашырэнню гандлёвай сеткі. Гандлёвы павільён “Бярозка” ў Ляшчанцы – прыклад таго, як можна арганізаваць сваю справу, так бы мовіць, без адрыву ад уласнага жылля: невялікая крама прытулілася да дома ІП Р.К. Якусік. На рынку гандлёвых паслуг жанчына-прадпрымальнік ужо з 2005 года. Дарэчы, у краму любяць забягаць і вучні Ляшчанскага дзіцячага сада-СШ, размешчанага непадалёку. Дырэктар, дэпутат раённага і сельскага Саветаў Ф.В. Арабчык задаволены: сёлета іх установа ўключылася ў праект “Школа будучага”. Добрыя ўражанні засталіся ад наведвання майстэрні тэхнічных відаў працы і краязнаўчага музея.На маршруце аказаўся таксама Шчучынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, дзе пасля рэканструкцыі аддзяленняў створаны камфортныя ўмовы для 275 насельнікаў. Прайшліся ўдзельнікі Дня сельсавета і па Лядску. Вёска сустрэла восеньскімі фарбамі, позірк спыніўся на акуратна заараным лапіку зямлі, дзе яшчэ нядаўна стаяла старая сядзіба, і падсыпаным участку дарогі. Тут, як і ў іншых месцах, адчувалася рука дапамогі галоўнага партнёра сельсавецкай улады – ААТ “Дэмбрава”.Дарэчы, у касцёле святога Станіслава ў Лядску цяпер новы настаяцель – ксёндз Уладзімір Аксенцьеў, які да гэтага нёс служэнне ў Грузіі. Непадалёку ад храма – могілкі, дзе парадак падтрымліваюць і самі людзі, і РУП ЖКГ, сіламі якога знесена многа старых дрэў, абсталявана кантэйнерная пляцоўка, арганізаваны вываз смецця. Усе зацікаўленыя бакі адказна падышлі да вырашэння пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва, адзначыла на пленарным пасяджэнні старшыня райсавета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк. Пацвердзіў гэта і начальнік РАНС А.Д. Малюгін: арганізацыі і ўстановы сельсавета ліквідавалі практычна ўсе недахопы, выяўленыя падчас маніторынгу стану пажарнай бяспекі. Прыслухаліся тут і да рэкамендацый узмацніць кантроль за выкананнем санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, лічыць галоўны ўрач Шчучынскага ЦГіЭ П.С. Волчак. Падчас сур’ёзнай размовы нагадалі пра неабходнасць у перыяд халадоў праявіць павышаную ўвагу да бяспекі жыцця людзей. Нефармальны падыход і дапамога грамадскасці патрэбны найперш у адносінах да адзінокіх, пажылых і нямоглых, сопаўскіх сем’яў, падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта. Былі названы і адрасы прыкладання сіл. Так, чакае рамонту дарога ў Ляшчанцы, трэба замяніць дарожныя знакі, працягваць работы па зносе пустуючых дамоў. Таццяна ПАЛУБЯТКА.Фота аўтара.

    Теги: