Усіх нас павінна аб'яднаць Памяць

  • Сергей ГОНЧАР, Шлях перамогі №76/2018 от 10 октября 2018 Скачать номер 31 октября 2018 14:22 Культура Беларуская

    Ад 15 верасня ў Вілейскім раёне распачаўся адкрыты рэгіянальны фестываль да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны “Званы памяці”. Шэраг цікавых мерапрыемстваў, сустрэч, прэзентацый і выстаў падрыхтавалі для віляйчан арганізатары фестывалю – дабрачынны фонд “Крокі” сумесна з Вілейскім райвыканкамам і ўстановамі культуры. 

    6 кастрычніка ў кінатэатры “Мір” адбылося афіцыйнае адкрыццё фестывалю ”Званы памяці”. Сюды прыйшлі прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый, школьнікі, краязнаўцы, прадстаўнікі вайсковай часткі “Антэй”, устаноў культуры і іншых арганізацый. Невялікая зала была запоўнена. Яшчэ ў фае наведвальнікаў сустракала выстава «Максім Гарэцкі. Асоба і час» з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Гукі перазвону званоў, як сімвалу памяці, распачалі мерапрыемства. Уступнае слова было прадстаўлена аднаму з галоўных арганізатараў фестывалю – стваральніку адзінага ў Беларусі музея Першай сусветнай вайны, кавалеру ордэна Францыска Скарыны, лаурэату прэміі “За духоўнае адраджэнне” Барысу Цітовічу і благачыннаму Вілейскай царкоўнай акругі, настаяцелю храма прападобнай Марыі Егіпецкай, іераманаху Аляксандру (Шмырко).– Вайна – гэта слова, якое азначае пакуты і жахі, – распачаў сваю прамову благачынны. – Шмат дзясяцігоддзяў мы захоўваем мір і спакой на нашай зямлі, і толькі ветэраны і сведкі часоў апошняй вайны ведаюць, якім коштам здабываецца гэта мірнае жыццё. Нашаму пакаленню забывацца на гэта нельга. Сёння мы ўзгадваем нашых суайчыннікаў, што паклалі свае жыцці ў Першую сусветную вайну. Быў час, калі героі той вялікай вайны не маглі адкрыта насіць свае ўзнагароды, але надышоў час, калі мы павінны вярнуць памяць аб усіх героях забытай вайны.Барыс Цітовіч у сваёй прамове адзначыў неабходнасць аднаўлення памяці аб воінах Першай сусветнай вайны.– Салдат памірае першы раз – калі гіне падчас ваенных дзеянняў. Другі раз – калі яго нашчадкі страчваюць памяць аб ім. Бяспамяцтва – самы страшэнны грэх. 38 краін свету ў гэтым годзе адзначаюць дату 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны. Беларуская зямля на сваім целе носіць вялікі “шрам” той вайны. І гэты “шрам” працягнуўся ад Пастаў да Пінска. Але самае жахлівае, што вакол гэтага “шрама” тысячы закінутых магіл нашых дзядоў і прадзедаў, што ваявалі за наша існаванне на гэтай зямлі. Фестываль “Званы памяці” – гэта спроба вярнуць памяць аб нашых продках. І кожны з нас павінен ад вялікага звона памяці пасяліць у сваім сэрцы маленькі званочак, які нельга заглушыць… А калі мы яго заглушым, то зноў здрадзім Памяці, – адзначыў Барыс Барысавіч.  У гэты дзень з фестывальнай сцэны гучалі словы, што прымушалі задумацца кожнага: і аб сваіх продках, і аб тых пакутах, якія зведала беларуская зямля разам з беларускім народам на працягу крывавага ХХ стагоддзя – стагоддзя войн і рэвалюцый. “Лісткі паходнага сшытка” – гэта літаратурна-музычная кампазіцыя кранула кожнага ў зале. Пранікненнае выкананне Валянціны Цітовіч у музычным суправаджэнні народнага калектыву аўтарскай песні “Элегія” – паказалі ўсю боль тых часоў. З урыўкаў пісем простых салдат, медыцынскіх сясцёр, па вершах паэтаў – адчуваўся жах вайны, моц кахання, рокат кананад і росквіт прыроды сярод снарадаў, якія рвуцца. “Мы, як свечкі, перад Богам гарым…” – так коратка і змястоўна зазначыў адзін з салдата той вайны ў сваім пісьме… Прадстаўленая літаратурна-музычная кампазіцыя стала звышэмацыянальным, напружаным і пранікнёным момантам мерапрыемства. У другой частцы імпрэзы адкрыцця фестывалю была прадстаўлена прэзентацыя дыска “Максім Гарэцкі. Дыямант у пабітым шкле” з удзелам рэжысёра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Алега Вінярскага і прадстаўніка праваслаўнага брацтва ў гонар Віленскіх пакутнікаў ў  Мінску, журналіста Кастуся Антановіча.– Упершыню на Міншчыне адбываецца прэзентацыя гэтага ўнікальнага дыска, – зазначыў адзін з аўтараў праекта Кастусь Антановіч. – Мне вельмі прыемна вітаць віляйчан на гэтым фестывалі, мерапрыемстве знакавым не толькі для вашага рэгіёну, але і для ўсёй краіны. Адметна і тое, што Вілейка стала першым горадам Міншчыны, дзе прэзентуецца гэты дыск. У 2008 годзе ваш горад прымаў прэзентацыю  першага дыска “Максім Гарэцкі. На імперыялістычнай вайне”. – 10 год мы рыхтавалі гэты дыск, пачынаючы з таго самага дня, як прэзентавалі першы дыск, – адзначыў Алег Вінярскі. – На працягу дзесяці гадоў мы пісалі, перапісвалі, шукалі музыку. Сярод еўрапейскіх імён пісьменнікаў, што прайшлі Першую сусветную вайну – Анры Барбюса, Эрых Марыі Рэмарка, Рычарда Олдынгтана – свеціць зорка і беларускага пісьменніка, нашага земляка Максіма Гарэцкага. Дыск, які прэзентавалі мінскія госці для віляйчан, нават па тых невялічкіх урыўках, што дэманстравалі на экране, што прачытаў “залаты голас” беларускага радыё Алег Вінярскі, было зразумела – ён дае магчымасць слухачу адчыніць мастацкі свет творчасці Максіма Гарэцкага. Усе кампазіцыі дыска аздоблены вершамі Янкі Купалы, аўтэнтычнымі народнымі песнямі, якія паэт запісаў ад сваёй маці – Ефрасінні Гарэцкай. Адметна і тое, што адну з песень выканала падчас мерапрыемства Марына Заяц, салістка Вілейскага Палаца культуры. А песню, што не ўвайшла ў дыск, бо не захавалася яе нот, змагла аднавіць і выканала ўпершыню, і менавіта перад вілейскімі гледачамі, Таццяна Захарыч. Шматлікія творы прозы Максіма Гарэцкага даволі цяжка ўспрымаць, але прадстаўлены дыск змог раскрыць і данесці да слухачоў глыбіню і сэнс напісанага беларускім пісьменнікам. Дарэчы, на мерапрыемстве дыскі былі перададзены з рук аўтараў для школ, бібліятэк і ўстаноў сацыяльнай сферы раёна. Завяршаючы мерапрыемства, яго вядучая і рэжысёр Таццяна Захарыч выказала шчырыя словы падзякі ўсім, хто падтрымаў правядзенне фестывалю да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны “Званы памяці”. Такія ж словы гучалі і з вуснаў усіх гасцей у адрас арганізатараў і жыхароў.– Сардэчна дзякую віляйчанам за іх увагу да Памяці, за тое, што кожны з вас падтрымлівае вілейскіх спадвіжнікаў, якія ўваскрашаюць нашу агульную Памяць, – адзначыў і Алег Вінярскі. – Асаблівае месца сярод іх займае сям'я Цітовічаў – нізкі усім вам паклон.– Вайна – гэта не толькі пакуты, гэта і самаахвярнасць, – у завяршальным слове адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама Сяргей Паўлоўскі. – Сённяшняе мерапрыемства гэта сапраўдны ўрок Памяці, які мы ўсе павінны засвоіць. Адкрыццё фестывалю дало пачатак многім знакавым мерапрыемствам, што адбудуцца на працягу кастрычніка – пачатку лістапада на Вілейшчыне. Акрамя творчых сустрэч, прэзентацый, выстаў у бібліятэках, музеі, Цэнтры эстэтычнага выхавання, у бліжэйшыя тры суботы запланаваны традыцыйныя аўтапрабегі па месцах пахавання воінаў Першай сусветнай вайны на Вілейшчыне. У тым ліку, адбудзецца і адкрыццё новых памятных знакаў з імёнамі тых, хто раней значыўся як “невядомы салдат”. Запрашаем усіх прыняць актыўны ўдзел у мерапрыемствах фестывалю. Сачыце за анонсамі.Сяргей ГАНЧАР. Фота аўтара

    Теги: 
    • {Нет тегов}