Бой пад Зеленкаўшчызнай

  • Анатоль БЕНЗЯРУК, Сельская праўда 83/2018 от 27 октября 2018 02 ноября 2018 08:43 Калейдоскоп Беларуская

    Фота аўтара.

    На ўскрайку могілак, размешчаных на вуліцы Міру ў нашым райцэнтры, сярод дзясятка пахаванняў, якія прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, выдзяляецца жалезны крыж з мармуровай плітой. На ёй — надпісы на польскай і беларускай мовах. Гэта памятка пра падзею, што адбылася 75 гадоў таму — 27 кастрычніка сорак трэцяга.

    БОЙ, ЯКІ АДБЫЎСЯ тры чвэрці веку таму паблізу вёскі Зеленкаўшчызна, знайшоў належнае ўвасабленне ў гісторыі Жабінкаўшчыны і памяці мясцовых жыхароў. На пліце пералічаны імёны дзевяці польскіх партызанаў, якія ўваходзілі ў склад Арміі Краёвай і загінулі ў той вайсковай сутычцы. Кіраваў імі паручнік Войцах Збілюта. Сярод загінулых быў яго намеснік лейтэнант Станіслаў Мураўскі, а таксама камандзір узвода старшы сяржант Юзаф Бзура (раней ён жыў у Жабінцы), капрал з Брэста Ян Малік, стралкі Эдвард Радваньскі (з маёнтка Пятровічы), Чэслаў Грэнь з Кобрына, берасцеец Юзаф Валашынскі і Ян Лагадзюк, жыхар вёскі Рагозна. Імёны яшчэ двух партызанаў дасюль застаюцца невядомымі, таму на пліце яны пазначаны пад мянушкамі “Рак” і “Тодт”.

    Звычайна дзеля канспірацыі мянушку выкарыстоўваў і кіраўнік атрада паручнік Збілюта, які паводле данясенняў найчасцей зваўся “Юрам”. Ягоная група была не першаю, што дзейнічала на жабінкаўскай зямлі. Крыху раней пад мястэчкам дыверсіі на чыгунцы праводзілі акаўцы пад кіраўніцтвам Альбіна Знаеўскага. Улетку 1942-га, падарваўшы эшалон пад Жабінкай, яны заглыбіліся ў Палессе. Таму ёсць верагоднасць, збілютаўцы выкарыстоўвалі кантакты, усталяваныя іх папярэднікамі. Асабліва шмат явачных кватэр мелася ў вёсках са шчыльнай колькасцю польскага насельніцтва (найперш у Лясотах, Чыжэўшчыне, Залуззі і Зеленкаўшчызне). Агульна ў складзе атрада, які дзейнічаў у асноўным дробнымі групкамі, налічвалася ад 20 да 60 чалавек. Яны здзяйснялі напады на асобных вайскоўцаў і паліцэйскія пастарункі ў вёсках, збіралі зброю.

    У ноч з 27 на 28 кастрычніка 1943 года атрад Войцаха Збілюты патрапіў у пастку. Напярэдадні партызаны начавалі ў Малых Сяхновічах, у Касцюшкавым доме, аднак нехта (магчыма, гэта была ўласніца маёнтка) выдаў месца іх знаходжання. Пасля бою немцы з паліцаямі, каб выклікаць жах у тутэйшых, прывезлі целы забітых у мястэчка і павесілі іх на дрэвах паблізу станцыі. Толькі праз тры дні, як прыгадвалі старажылы, палякаў было дазволена пахаваць.

    Аднак іх камандзір выслізнуў з рук ворага і праз пару тыдняў здолеў адрадзіць атрад. Напрыканцы 1943-га Войцах Збілюта правёў перамовы з кіраўніцтвам атрада імя Міхаіла Чарнака. (Дарэчы, пасля вайны ў сваіх успамінах савецкія партызаны згадвалі паручніка як выдатнага змагара з фашыстамі). У выніку ў атрадзе ўзнікла 3-я рота, якую ўсе называлі польскаю. Яна прымала самы дзейсны ўдзел у баях чарнакоўцаў. 22 сакавіка 1944 года атрад злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі. Былых акаўцаў накіравалі дзеля прадаўжэння змагання з гітлераўцамі ў чацвёртую дывізію 1-й арміі Войска Польскага. Выключэннем стаў толькі сам камандзір. Войцаха Збілюту арыштавалі. Ён быў накіраваны ў сібірскія лагеры. Толькі пасля смерці Іосіфа Сталіна дачакаўся вызвалення і рэабілітацыі. Каб памяць пра яго асобу і байцоў-збілютаўцаў не канула ў Лету, роўна праз паўстагоддзя (восенню 1993-га) у Жабінцы і паўстаў сціплы і гожы помнічак.