На Маладзечаншчыне з'явяцца тры помнікі прыроды

  • Алег БЯГАНСКІ, Маладзечанская газета №81 от 31 октября 2018 02 ноября 2018 14:55 Природа и экология Беларуская

    Пра гэта паведамілі ў Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Усе новыя батанічныя помнікі – унікальныя дрэвы.

    Рэспубліканскі ахоўны статус плануецца надаць вязу-старажылу ля вёскі Талуі.  Як адзначаецца ў навуковым абгрунтаванні вучоных інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча, узрост дрэва каля 230 гадоў. Яго вышыня – 25,2 метра, плошча кроны – 383 квадратныя метры, яе максімальная шырыня – 9,8 метра, перыметр ствала на вышыні 1,3 метра – каля 700 сантыметраў.

    Расце вяз на адкрытай мясцовасці ля невялікага штучнага вадаёма. Яго стан характарызуецца як «паслаблены». Некаторыя галіны ўсыхаюць, ствол пашкоджаны, дупло, што ўтварылася ў дрэве, запламбіравана.

    Вучоныя ўстанавілі, што вяз ля Талуёў – самы стары прадстаўнік гэтай пароды ў Беларусі. Дрэва адрозніваецца гранічнымі (максімальнымі) параметрамі для свайго віду. Яно забяспечвае захаванасць генафонду біялагічнай разнастайнасці не толькі асобнай мясцовасці, але і краіны ў цэлым, уяўляе батанічную, навуковую, эстэтычную, гісторыка-культурную каштоўнасць і мае эколага-асветніцкае значэнне.

    Штогод вяз-патрыярх акумулюе 60 кілаграмаў вуглякіслага газу, выдзяляе 50 кілаграмаў кіслароду, затрымлівае 28 кілаграмаў пылу. Агульны кошт экалагічных паслуг дрэва – каля 700 рублёў за год.

    Назва яшчэ аднаго патэнцыяльнага батанічнага помніка прыроды мясцовага значэння «Старажытны дуб у вёсцы Шыкава».

    Размешчаны ён недалёка ад ракі Уша на адкрытай мясцовасці. Дубу амаль 230 гадоў, яго вышыня складае 25 метраў. Крона раскінулася на 330 квадратных метраў. «Працуе» дрэва вельмі эфектыўна. За год выводзіць з атмасферы 54 кілаграмы вуглекіслаты, «вырабляе» 40 кілаграмаў кіслароду, асаджвае 28 кілаграмаў пылу. Гэтыя паслугі ацэньваюцца амаль у 1400 рублёў.

    Праекты рашэнняў аб аб’яўленні батанічных помнікаў прыроды, а таксама адпаведныя навуковыя выкладкі падрыхтаваныя ўжо. Гаспадарчая дзейнасць ля новых прыродаахоўных аб’ектаў будзе забаронена. Гэта дазволіць больш эфектыўна ахоўваць навакольнае асяроддзе. Таксама павысіцца турыстычная прыцягальнасць раёна. Унікальныя дрэвы будуць цікавыя аматарам прыроды і стануць аднымі з сімвалаў нашай малой радзімы.

    Наступны кандыдат на наданне ахоўнага статуса – векавы дуб у Маладзечанскім лясгасе.

    Расце ён у лясным масіве недалёка ад вёскі Мароські. Узрост дрэва – 165 гадоў, вышыня — 32,2 метра, перыметр ствала на вышыні 1,3 метра – 380 сантыметраў, плошча кроны – 202 квадратныя метры.

    За год дрэва акумулюе 40 кілаграмаў вуглякіслага газу, выдзяляе 30 кілаграмаў кіслароду, асаджвае 28 кілаграмаў пылу. Яго экасістэмныя паслугі складаюць амаль 1200 рублёў.