Беларусь турыстычная горад Ліда, Гродненская вобласць

  • Вольга Белаш, Хойникские новости 27 октября 2018 9 стр от 27 октября 2018 Скачать номер 02 ноября 2018 16:18 Калейдоскоп Беларуская

    – Мая вандроўка ў Ліду ўмясціла вывучэнне славутых месц горада, наведванне вядомага фестывалю, які там праходзіў чацвёрты раз.

    У гэтым годзе Ліда адзначыла сваё 695-годдзе, таму афармленне і атмасфера былі адпаведныя: святочныя, узнёслыя, максімальна лагодныя. Дзякуючы таму, што Дзень горада і фестываль адзначаюцца ў адзін дзень, то насельніцтва ад колькасці гасцей павялічваецца ўдвая, а сам горад ператвараецца ў адну вялікую святочную пляцоўку.

    Да юбілею горад падрыхтаваўся, праграма была на ўзроўні, быццам гэта свята рэспубліканскага маштабу. Рыцарскі турнір «Меч Лідскага замка», майстар-клас па ткацтву, верталёт, смачная ежа, разнастайныя фотазоны, рамеснікі са сваімі цудоўнымі вырабамі, аквагрым, «жывыя» статуі, крама з вышыванкамі. Усяго не пералічыш, і нават не ўсюды змаглі пабываць. Канешне, гулялі да самага вечара, а потым атрымлівалі асалоду ад жывога канцэрта беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх артыстаў.

    Несумненна, візіт у Ліду не будзе поўным, калі не наведаць асноўную славутасць горада – замак, які заснаваны ў 1323 годзе. Лідскі замак – адно з захаваўшыхся старажытных каменных збудаванняў Беларусі, гэты архітэктурны помнік мае ўражлівые размеры.

    Таксама заслугоўвае ўвагі Крыжаўздвіжанскі касцёл, размешчаны зусім побач са знакамітым Лідскім замкам. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа называюць таксама «фарным», гэта значыць, галоўным сярод Лідскіх касцёлаў. Храм выкананы ў стылі барока. Яго будаўніцтва закончылі ў 1770 годзе. Лёс храма на рэдкасць шчаслівы: ён ніколі не закрываўся, не пераходзіў ад адной канфесіі да іншай і без страт перажыў дзве сусветныя вайны.

    Побач з касцёлам усталяваны камень у гонар заснавання Ліды. Гэта велізарны масіўны валун, рашэнне аб устаноўцы якога было прынята ў 2008 годзе, што стала своеасаблівым падарункам гораду да 685-годдзя.

    Горад вядомы не толькі гістарычнымі славутасцямі, але і незвычайнымі скульптурамі. Яны не маюць ніякай гістарычнай каштоўнасці, але іх ведаюць і любяць мясцовыя жыхары, з задавальненнем наведваюць турысты. Адна з такіх фігур знаходзіцца каля лазневага комплексу на вуліцы Ленінскай: усіх сустракае пацешны лазеншчык у сланцах, з венікам і партфелем, з якога тырчыць рыба. Мясцовыя жыхары празвалі яго лазеншчык Вася і вераць, што калі пакратаць Васю за нос, нагу, паціснуць яму руку, а яшчэ пацерці венік і рыбу, тады пар будзе лёгкім, а ў жыцці абавязкова будзе шчасце. Скульптар Уладзімір Жбанаў вырабіў і фігуру «Камандзіровачны», якая ўстаноўлена каля гасцініцы «Ліда». Яму «на шчасце» нацерлі нос.

    Таксама, надвор’е спрыяла добрай пешаходнай прагулцы, пабачылі помнік вядомаму асветніку Францыску Скарыну, Царкву Панцеляймона Лекара, сонечны гадзіннік.

    Асаблівыя пачуцці выклікае мемарыял «Курган Славы». Ён насыпаны з зямлі з месцаў галоўных бітваў Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі і ва ўсім Савецкім Саюзе. Курган мае пяціканцовую форму, над яго кутамі – пяць нахільных абеліскаў з падсветкай. Пяццю прамянямі ад мемарыяла разыходзяцца дарожкі.

    Як заўсёды кажуць: аб гэтым мала паслухаць, гэта патрэбна пабачыць.

    Теги: