Абнаўленне дзеля здароўя

  • Святлана ЖЫБУЛЬ, Прамень № 83 (10 326) от 03 ноября 2018 08 ноября 2018 14:58 Здоровье Беларуская

    Гэтую ўрачыстасць можна аднесці да падзей не толькі цэнтральнай раённай бальніцы, але і ўсяго раёна. З будынкам інфекцыйнага аддзялення ў старажылаў Стаўбцоўшчыны звязаны прыемныя падзеі нараджэння дзяцей, бо тут некалі мясціўся радзільны дом. Час, адрэзкам больш чым  паўстагоддзя, наклаў на гэты асабняк у бальнічным двары свае няўмольныя абрысы, якія ніяк не ўпісваліся ў шыкоўны выгляд адрамантаваных і адрэстаўрыраваных іншых аддзяленняў райбальніцы. Тое, што будынак пасля рамонту зменіцца, ведалі ўсе, але што настолькі – ніхто не чакаў.

    Урачыстае адкрыццё інфекцыйнага і тэрапеўтычнага аддзяленняў пасля рамонту сабрала прадстаўнікоў раённай выканаўчай улады, кіраўніцтва і медыцынскіх работнікаў установы аховы здароўя, ветэранаў працы.

    Усім было на што паглядзець, разам ацаніць зробленае, парадавацца. Перад традыцыяй разразання стужкі галоўны ўрач раённай бальніцы Святлана Глебка падзялілася з усімі сваёй радасцю. Яна адзначыла, што рамонт гэтага аддзялення, больш чым іншых аддзяленняў у райбальніцы, патрабаваў гаспадарлівага, прадуманага, ініцыятыўнага падыходу, таму што са старых сцен і старадаўняй планіроўкі патрэбна было зрабіць зусім новыя памяшканні. Кіраўнік адзначыла, што нельга пераацаніць прафесіяналізм, самаадданасць у надзвычай напружаных рабочых буднях усёй каманды, хто заняты будаўнічымі справамі ў райбальніцы на чале з Валянцінай Папкоўскай. Ведамасная будаўнічая брыгада мае ўжо багаты вопыт у кароткія тэрміны і якасна праводзіць работы з найвышэйшым вынікам. Падлічана, што пры рамонце інфекцыйнага аддзялення гэтыя навыкі далі магчымасць у тры разы сэканоміць на суме затрачаных сродкаў на правядзенне рамонту сваімі сіламі, а не падраднай арганізацыяй. Рамонт уключаў замену камунікацый і ўвесь спектр відаў рамонтных рамонт са стварэннем новых кабінетаў.

    Удзельнікаў урачыстасці найперш уразіла эстэтыка, густ, падбор матэрыялаў (дарэчы, усе – айчыннай вытворчасці). Было агульнае захапленне. Святлана Глебка звяртае ўвагу не толькі на форму, але найбольш, так бы мовіць, на змест. Усе палаты ў інфекцыйным аддзяленні абсталяваны ў выглядзе боксаў: з сучаснымі бактэрыцыднымі лямпамі, санвузламі, укамплектаванымі і душавымі кабінамі. У кожнай палаце ёсць свой халадзільнік. Устаноўлена новая мэбля. У ведамасным швейным міні-цэху пашыта пасцельная бялізна ў падабранай колеравай гаме, што таксама значна сэканоміла фінансавыя сродкі. Вялікая ўдзячнасць кіраўніцтва райбальніцы была адрасавана загадчыцы інфекцыйнага аддзялення Вользе Ярмоленка і старшай медыцынскай сястры Ірыне Хмель, якія заручыліся спонсарскай падтрымкай для абнаўлення мэблі і іншых неабходных набыткаў: на дапамогу прыйшлі ААТ «Вялікі Двор», прадпрымальнікі Аляксандр Брылеўскі, Аляксандр Латушка.

    У тэрапеўтычным аддзяленні таксама прадугледжана ўсё для стварэння камфортных умоў для пацыентаў і абслуговага медыцынскага персаналу. З'явілася сталовая, якой раней не было. Для медработнікаў абодвух аддзяленняў абсталяваны пакоі для адпачынку, укамплектаваныя цяпер і мікрахвалевымі печамі – падарункам раённага выканаўчага камітэта да гэтага наваселля. А тэрапеўтычнае аддзяленне атрымала ў падарунак яшчэ і тэлевізар.

    Вядома, госці ўрачыстасці не шкадавалі слоў захаплення, віншуючы медкалектывы з гэтым наваселлем. Намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая выказала ўдзячнасць ад райвыканкама галоўнаму ўрачу Святлане Глебка, ведамасным будаўнікам і калектывам аддзяленняў за такую рупнасць у пераўтварэнні райбальніцы ў сучасна абсталяваную і па-дызайнерску аформленую медыцынскую ўстанову, якая з'яўляецца на сучасны момант па гэтым напрамку лепшай у вобласці і адной з лепшых у рэспубліцы.

    Галоўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч таксама сардэчна павіншаваў сваіх калег з такім дыхтоўным наваселлем, падзякаваў калектыву інфекцыйнага аддзялення за выніковую сумесную работу па ўтрыманні эпідэміялагічнай сітуацыі ў раёне стабільнай і кантралюемай.

    Уражанне медыцынскіх работнікаў ярка было выказана былой загадчыцай інфекцыйнага аддзялення Аленай Яцэвіч. Алена Яўгенаўна прыгадала свае гады работы ў гэтым аддзяленні, яна параўнала, як было і што стала цяпер.

    Усе пераўтварэнні зроблены перш за ўсё для тых, хто будзе тут праходзіць стацыянарнае лячэнне. Чалавека, які трапіў у бальніцу, напружвае не толькі неабходнасць праходжання лячэння, нярэдка, вельмі нялёгкага, але і кантраст дамашняй абстаноўкі з бальнічнай. Пасля такога рамонту апошняя акалічнасць не будзе такой адчувальнай, таму што належныя санітарныя ўмовы, новая мэбля, прыемнай расфарбоўкі пасцельная бялізна, чысціня і парадак зробяць сваю добрую справу для захавання пазітыву і хутчэйшага выздараўлення.

    НА ЗДЫМКАХ: стужку пераразаюць галоўны ўрач Святлана Глебка і намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая; уражаннямі са старшай медсястрой Ірынай Хмель і загадчыцай інфекцыйнага аддзялення Вольгай Ярмоленка дзеліцца ветэран працы Алена Яцэвіч (у цэнтры).

    Фота Васіля ЗЯНЬКО

    Теги: 
    • {Нет тегов}