Моладзь розных пакаленняў

  • Маргарыта КУХТА, Ляхавіцкі веснік №85 от 08 ноября 2018 08 ноября 2018 16:36 Общество Беларуская

    – Прывітанне, камсамольцы! – павітаў усіх прысутных ветэран камсамольскага руху Пётр Скурат. Адказ не прымусіў чакаць. Гучнае «Камсамол назаўсёды ў нашых сэрцах!» ад былых калег – сакратароў райкама ВЛКСМ, і ўпэўненае «Прывітанне!» ад сённяшніх членаў БРСМ. У мінулую пятніцу ў зале цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўзровень актыўнасці і энергіі, здаецца, у шмат разоў перавысіў прывычны паказчык. Хтосьці з прысутных заўважыў: «Тут сабралася моладзь розных пакаленняў».

    Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Святлана Юрлевіч падкрэсліла, што камсамол і сёння аб’ядноўвае мільёны нераўнадушных сэрцаў. Гэта гісторыя, якой мы ганарымся, якая дала старт сучаснаму маладзёжнаму руху. І пажадала, каб камсамольскія пераемнікі – члены БРСМ няслі гэта званне з пачуццём гонару, але разам з тым і адказнасці, як у свой час кожны камсамолец.

    Урачысты момант: былыя камсамольскія работнікі за іх добрыя справы, цікавыя ініцыятывы, за сваё плённае юнацтва атрымліваюць узнагароды. Як экскурс у мінулае, гучыць: «Узнагароджваецца былы другі сакратар РК ЛКСМБ…». І так хочацца выкрасліць гэтае «былы» – камсамольская загартоўка і выхаванне былымі не бываюць. За добрасумленную працу, вялікі ўклад у развіццё камсамольскага руху Ляхавіцкага раёна і ў сувязі са 100-годдзем ВЛКСМ граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама атрымалі Мікалай Юруць, Алена Анушкевіч, Тамара Халадзінская, Ганна Малевіч, Ганаровую грамату райсавета – Таццяна Петух.

    На экране праектара ажывалі радкі з падручнікаў гісторыі. Нібы сюжэты з фільмаў, заўважылі бээрэсэмаўцы. Сюжэты з жыцця, удакладнілі ветэраны камсамольскага руху. Яны і сёння захоўваюць членскія білеты, і ў гэты святочны кастрычніцкі дзень дасталі іх, каб ізноў акунуцца ва ўспаміны, у пару рамантыкі, але з цвёрдым камсамольскім «трэба – значыць, трэба».

    Ганна Малевіч, якая некалі працавала сакратаром райкама ВЛКСМ, прызнаецца: членскі білет і значок і сёння для яе і, наогул, для былых камсамольцаў – дарагія рэліквіі. Камсамол паказаў, што многага можна дасягнуць, калі аб’яднаць актыўных і зацікаўленых, калі ёсць ідэі і жаданне для іх ажыццяўлення.

    Віншавалі са святам і ляхавіцкія піянеры. Пра камсамол яны ведаюць з падручнікаў, з расказаў бабуляў і дзядуляў, бацькоў, пра БРСМ – ад сваіх старэйшых сяброў, з якімі ў іх агульныя карысныя справы, праекты і акцыі. А ў суме, прызналіся, жадаюць спалучыць у сабе камсамольскую загартоўку і рашучасць сённяшніх членаў маладзёжнай арганізацыі.

    Досыць пагартаць падшыўкі раёнкі або зайсці ў групу «Вконтакте» #молодежь# Ляховичи БРСМ, у якой сёння амаль 800 падпісчыкаў, і заўважыце знаёмыя паняцці – будатрад, спаборніцтвы ў працоўных калектывах, збіраем макулатуру і г.д. І гэта не можа не радаваць: камсамол жыве і сёння, вось у гэтых словах, у гэтых пачынаннях, справах.

    Віншавала ветэранаў руху і паабяцала прымножыць і не падвесці сваіх настаўнікаў-камсамольцаў выконваючая абавязкі першага сакратара РК БРСМ Марыя Лутавінава. Былыя камсамольскія работнікі Святлана Багдановіч і Пётр Скурат адзначаны граматамі райкама.

    Святочную атмасферу, адпаведны настрой стваралі выхаванцы ЦДАДіМ, калектывы мастацкай самадзейнасці раёна. А завяршальны віншавальна-музычны акорд падтрымалі ўсе прысутныя незалежна ад узросту: «Не расстанусь с комсомолом, буду вечно молодым!».

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота аўтара.

    На фота: 1,2 Ветэраны камсамольскага руху: Алена Анушкевіч (здымак 1),  Святлана Багдановіч і Ганна Малевіч з былым першым сакратаром райкама БРСМ Ларысай Юшкевіч і лідарам маладзёжна-педагагічнай пярвічкі СШ № 1 Аленай Собаль (здымак 2).

    Теги: