Людзі Смаргоншчыны: Намеснік дырэктара СШ №1 Леанарда Стальчынская

  • Юрый ЯНУШКЕВІЧ, Светлы шлях /45 от 09 ноября 2018 12 ноября 2018 20:40 Культура Беларуская

    Намеснік дырэктара СШ №1 Леанарда Стальчынская, якая неўзабаве адзначыць чарговы жыццёвы юбілей, з цеплынёй узгадвае сваё дзяцінства, родную вёску Круні, пачатковую школу, а потым і сярэднюю ў Войстаме, настаўнікаў: Вольгу Васільеўну Альхімовіч, Мікалая Іванавіча Царыка, Лідзію Міхайлаўну Чаргейку, Людмілу Мікалаеўну Барысевіч, якая была першым класным кіраўніком.

    Дзяўчыне найбольш падабаліся гуманітарныя прадметы – гісторыя, беларуская і руская мова і літаратура. Гэта паўплывала на выбар прафесіі. Пасля заканчэння школы вырашыла стаць настаўніцай. У Брэсцкім педагагічным інстытуце была толькі адна група беларускіх моваведаў. 25 студэнтаў, адзін хлопец, астатнія дзяўчаты. Самыя шчаслівыя і лёгкія гады. Патрабавалася толькі старанна вучыцца. Адным з выкладчыкаў быў Уладзімір Калеснік, вядомы беларускі пісьменнік.

    Леанарда Стальчынская замуж выйшла яшчэ падчас вучобы ў інстытуце, на апошнім курсе. Са сваім будучым мужам Іванам пазнаёмілася, калі закончыла школу, на танцах, якія на той час ладзілі ў вясковых хатах. Потым Івана Стальчынскага прызвалі на тэрміновую службу ў армію. Перапісваліся. Праз нейкі час сыгралі вяселле. Леанарда паехала на вучобу ў педінстытут, а яе муж вывучыўся на вадзіцеля, нават крыху працаваў у гаспадарцы механікам. Калі даведаўся пра набор маладых мужчын у школу прапаршчыкаў, вырашыў паступаць, каб стаць ваенным. Службу праходзіў у мясцовай ракетнай часці. Нават у дзвюх.

    З новенькім дыпломам настаўніка Леанарда Стальчынская вярнулася на Смаргоншчыну, прыйшла ў аддзел адукацыі. Там ёй прапанавалі месца ў Стрыпунах. Пагадзілася і потым не пашкадавала. Школа аказалася тыпавой, двухпавярховай. У гэтай навучальнай установе Леанарда Стальчынская адпрацавала 4 гады.

    Паколькі муж быў вайскоўцам, то сям’і далі кватэру ў Смаргоні. Прыйшлося шукаць працу бліжэй да дома. Настаўнік патрэбны быў у Шутавічах. Задавальняла, што недалёка ад горада. Як будаваць адносіны з дзецьмі, наладзіць супрацоўніцтва з бацькамі, маладую настаўніцу вучыла вопытны педагог Наталля Міхайлаўна Зотава. На дапамогу прыходзіла цудоўны, эрудыраваны, чулы чалавек, дырэктар Шутавіцкай школы Наталля Уладзіміраўна Нагіль. Яна адыграла вялікую ролю ў станаўленні Леанарды Стальчынскай як настаўніка. Вядома ж, былі і заўвагі, але слушныя. Дружны калектыў педагогаў складаўся з 15 чалавек. У клопатных буднях Леанарда Стальчынская не прыкмеціла, як мінулі 12 гадоў настаўніцкай працы ў Шутавіцкай школе.

    Аднойчы паступіла прапанова ад дырэктара СШ №1 Станілава Пятровіча Мінкевіча перайсці ў гэту школу. Згадзілася. Тут стала не толькі настаўнікам, але яшчэ і класным кіраўніком. 5 клас – 30 вучняў. Аднак Леанардзе Браніславаўне выпала пабыць класным кіраўніком толькі 2 гады. Потым ёй прапанавалі пасаду намесніка дырэктара СШ №1, на якой працуе ўжо 22-гі год. Добра памятае, калі толькі прыйшла ў гэту школу, ёй дапамагалі слушнымі парадамі намеснік дырэктара Ганна Фёдараўна Янчуковіч, якая курыравала малодшыя класы, яшчэ адзін намеснік дырэктара Вера Іванаўна Лабанава, Святлана Міхайлаўна Галота. Патрабавальныя, яны крытычна адносіліся і да сябе. А іх маладая падапечная тады імкнулася засвойваць усё неабходнае, што потым спатрэбілася ў кіраўніцкай справе. Вучыцца даводзілася пастаянна, каб ісці ў нагу з часам.

    “Кожны раз прыходзячы ў клас, задумваюся над тым, як зацікавіць вучняў роднай мовай, - кажа Леанарда Стальчынская. — Беларуская мова гучыць у вёсцы, а ў горадзе яна ўжываецца, напэўна, толькі ў школе. Таму я заўсёды імкнуся данесці да хлопчыкаў і дзяўчынак, што неабходна ведаць беларускую мову і ганарыцца ёй. Калі працавала ў Шутавічах, сярод вучняў былі дзяўчынкі, якія разам з бацькамі пераехалі сюды жыць з Мардовіі. Безумоўна, спачатку яны не ведалі беларускай мовы, але потым вывучылі і займалі прызавыя месцы па гэтым прадмеце на алімпіядах”.

    Цяпер аплачваюцца класнае кіраўніцтва, дадатковыя заняткі. А некалі Леанарда Стальчынская працавала часткова на энтузіязме: не шкадавала свайго часу, рабіла ўсё для таго, каб вучням было зразумела па выкладаемаму прадмету. І яны за гэта былі ўдзячныя.

    Стальчынскія выгадавалі двух сыноў, маюць дзвюх нявестак, якія знайшлі сябе ў педагогіцы. Леанарда Браніславаўна не шкадуе аб тым, што стала настаўнікам. Яна не бачыць сябе ў іншай прафесіі. Хаця ў радні ніхто больш не звязаны са школай. Бацькі працавалі ў калгасе, а сама яна ў дзяцінстве не толькі дапамагала ім па гаспадарцы, але яшчэ любіла чытаць кнігі, гуляла з дзецьмі ў настаўніка, вучыла іх, ставіла адзнакі. Чамусьці хацела быць вясковым настаўнікам. Не думала, што будзе жыць у горадзе.

    На працягу 4-х гадоў Леанарда Стальчынская ўзначальвае ветэранскую арганізацыю СШ №1. На мерапрыемствы запрашае настаўнікаў-ветэранаў. Атрымліваюцца сапраўдныя святы. Сёлета цудоўна правялі ў першай школе Дзень настаўніка. У выпадку неабходнасці былым калегам, якія цяпер на заслужаным адпачынку, аказваецца матэрыяльная дапамога. А яшчэ іх запрашаюць выступіць перад вучнямі.

    У вольны час цёплай парой года Леанарда Браніславаўна разам са сваім мужам едуць у Круні, саджаюць агародныя культуры на зямельным участку, даглядаюць бацькоўскую хату. Іншым разам праводзяць час на дачы разам з унукамі, у якіх бачаць радасць свайго жыцця.

    Теги: