27 кастрычніка ў рамках раённай спартакіяды сярод арганізацый, прадпрыемстваў, воінскіх часцей і індывідуальных прадпрымальнікаў адбыліся спаборніцтвы па валейболе. Удзел у іх прынялі 8 каманд.
Спартыўныя паядынкі праходзілі на базе ФАКа і сабралі аматараў валейбола з РАНС, лясгаса, малаказавода, ДЭУ-33, УП ЖКГ, Паставымэблі, РАУС і дзяржаўнага каледжа. Ігракі былі падзелены на 2 групы па 4 каманды ў кожнай. Бясспрэчнымі лідарамі сталі каманды РАНС і лясгаса, якія не прайгралі ні адной гульні ў сваіх групах і набралі аднолькавую колькасць ачкоў. Яны і сустрэліся ў фінале, каб вызначыць пераможцу спаборніцтваў. Ім стала каманда райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якая перамагла сапернікаў з лікам 2:0. На другім месцы прадстаўнікі лясгаса, на трэцім — жыллёва-камунальнай гаспадаркі (з лікам 1:2 ва ўпартай барацьбе яны саступілі толькі пераможцам).
Прызёры ўзнагароджаны дыпломамі ДА «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна». Наступны этап спартакіяды — па настольным тэнісе — пройдзе 10 лістапада на базе маладзёжнага цэнтра «Юнацтва».
Вераніка ФІЛАНОВІЧ