У музеі “Лес і чалавек” праходзіць выстаўка карцін, прысвечаная Году малой радзімы

  • Вольга Цішко, Зара над Нёманам №91 от 14 ноября 2018 14 ноября 2018 10:35 Культура Беларуская

    Па-новаму ўбачыць вядомыя краявіды, гарадскія пейзажы, прыгажосць старажытных архітэктурных помнікаў могуць жыхары Мастоўшчыны, наведаўшы выстаўку карцін, аўтарам якіх з’яўляецца наш зямляк В.А. Кандраценка.

     

    9 лістапада ў музеі “Лес і чалавек” выстаўка адкрыла свае дзверы для наведвальнікаў. Гэта падзея стала адметнай з’явай у культурным жыцці Мастоўшчыны. У выставачнай зале музея сабраліся прадстаўнікі самых розных узростаў. У ліку першых гледачоў — навучэнцы трэцяй гарадской школы і гімназіі, былыя аднакласнікі мастака, гараджане.

    Адкрыла ўрачыстае мерапрыемства дырэктар музея Н.А. Пуцілоўская. Наталля Анатольеўна пазнаёміла прысутных з цікавымі фактамі біяграфіі нашага знакамітага земляка, звярнула ўвагу на разнапланавасць яго творчасці. Нягледзячы на тое, што Віталій Аркадзьевіч ужо шмат гадоў жыве і працуе ў абласным цэнтры, ён з асаблівым замілаваннем адносіцца да роднай мастоўскай зямлі. Мясцовыя краявіды нагадваюць яму пра шчаслівае бесклапотнае дзяцінства.

     

    — Тэма Радзімы – цэнтральная ў маёй творчасці, — дзеліцца Віталій Аркадзьевіч. – У  Мастах адбывалася маё станаўленне як асобы, тут прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады. Таму ў гэтай выставачнай зале прадстаўлены карціны, на якіх адлюстраваны самыя прыгожыя куточкі, што  вельмі дарагія майму сэрцу. Любоў да выяўленчага мастацтва мне прывіў настаўнік малявання СШ №3 А.І. Жлоба. Менавіта ён даў неабходныя асновы ведаў і ўменняў, якія пасля я развіваў самастойна.

    Сёння В.А Кандраценка працуе мастаком-афарміцелем ААТ “Гроднажылбуд”, але многія гады гэтаму папярэднічала складаная праца на вежавым кране. Творчасць была захапленнем, ёй ён займаўся толькі ў вольны час, бывала, нават ноччу. Віталій Аркадзьевіч заўсёды імкнуўся павысіць свой узровень майстэрства, а таму  шмат увагі ўдзяляў самаадукацыі, многа чытаў, вывучаў гісторыю мастацтва.   

     

    Наведвальнікі выстаўкі быццам трапляюць у адметны свет.  Асаблівую ўвагу гледачоў засяроджваюць карціны, прысвечаныя Зяльвянцы. Гэта рэчка заўсёды вабіць мастака, яна прыгожая ў розныя поры года.

    — Мяне вельмі ўразіла работа “Крыштальная мелодыя”, дзе адлюстравана наша Зяльвянка, — дзеліцца ўражаннямі вучаніца 8 “Б” класа гімназіі К. Чарток. – У дзяцінстве я таксама марыла стаць мастаком, аднак зараз планую абраць крыху іншы напрамак – стаць прафесійным фатографам. Таму гэта сустрэча была для мяне вельмі карыснай. В.А. Кандраценка вучыць бачыць прыгажосць наваколля.

     

    Любімы жанр мастака – пейзаж. На яго палотнах, выкананых на высокім прафесійным узроўні,  адлюстраваны цудоўныя беларускія краявіды. Прадстаўлены тут і партрэты.

    — Мы вельмі ганарымся нашым таленавітым аднакласнікам, — адзначае К.П. Емілоўская. – Яго па праву можна назваць самародкам. Мы заўсёды з задавальненнем наведваем яго выстаўкі, якія арганізуюцца як у нашым райцэнтры, так і ў іншых гарадах. Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо шмат гадоў з моманту заканчэння школы, наш клас па-ранейшаму дружны і актыўны, мы радуемся поспехам адзін аднаго.

     

    В.А. Кандраценка з’яўляецца ўдзельнікам народнага аматарскага аб’яднання “Гарадзенскі каларыт”. Часта выстаўляе свае работы, мае шмат узнагарод. Значнае месца ў яго творчасці займае рэлігійная тэматыка, ён напісаў шмат абразоў, якія занялі пачэснае месца ў храмах. Ва ўсім яго падтрымлівае другая палавінка Марыя Уладзіміраўна, яна першы крытык і першы дарадца. Віталій Аркадзьевіч двойчы бацька і двойчы дзядуля. Свой талент ён перадаў сыну, які скончыў каледж мастацтваў і з’яўляецца прафесійным мастаком.

    У гэты дзень у выставачнай зале гледачы атрымалі цудоўную магчымасць прыняць удзел у майстар-класе, які даў прысутным В.А. Кандраценка. У ліку ўдзельніц – вучаніца гімназіі К. Уласевіч, адным з захапленняў якой з’яўляецца пескаграфія.

     

    — Мяне здзівіў высокі ўзровень прафесіяналізму мастака, — не хавае эмоцый Крысціна. – Асабліва ўразіла, якую вялікую ўвагу ён надае дэталям. Мне, як творчаму чалавеку, было вельмі цікава і карысна прыняць удзел у мерапрыемстве.

    У зале панавала атмасфера творчасці. В.А. Кандраценка – асоба яркая і неардынарная, ён не толькі прафесіянал сваёй справы, але і вельмі адкрыты і добразычлівы чалавек. На пытанне, ці ёсць у яго любімая карціна, ён упэўнена адказаў, што яна яшчэ наперадзе.

     

    Пазнаёміцца з творчымі работамі аўтара жыхары раёна могуць да 10 снежня.

                                                                      В.ЦІШКО

                                                                     Фота аўтара

    Теги: 
    • {Нет тегов}