Людзі Смаргоншчыны: Дзмітрый Мікалаевіч Дагоцкі

  • Тамара ПАШКЕВІЧ, Светлы шлях /46 от 16 ноября 2018 18 ноября 2018 19:32 Культура Беларуская

    Настаўнік абавязкова павінен быць Асобай. Яе рысы – інтэлігентнасць, адукаванасць, уменне ўмяшацца ў гушчыню падзей і  адстойваць свае педагагічныя прынцыпы. Прафесія педагога патрабуе і вялікай душэўнай шчодрасці, сапраўднай любові да дзяцей. Усімі гэтымі якасцямі валодае Дзмітрый Мікалаевіч Дагоцкі. Яго многія ведаюць на Смаргоншчыне як цудоўнага настаўніка, дырэктара школы, спартсмена, сапраўднага інтэлігента, эрудыта, добра выхаванага чалавека.

    У свой час мне давялося папрацаваць у Войстамскай сярэдняй школе, калі ёй кіраваў Дзмітрый Мікалаевіч. Я ўдзячна лёсу за тое, што працавала з такім таленавітым педагогам, мудрым кіраўніком і дарадцам. Пры яго падтрымцы я паступіла і паспяхова закончыла магістратуру пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Тут, у Войстаме, у поўнай меры раскрыўся мой прафесіяналізм настаўніка.

    Дзмітрый Мікалаевіч нарадзіўся ў вёсцы Вайнідзеняты. Яго бацькі былі амаль непісьменнымі, увесь час шмат працавалі фізічна. Маленькі Дзіма рос пад бабулінай апекай. Цяжкае тады было жыццё. Бабуля пенсіі не атрымлівала. Бацькі шчыравалі за працадні. На адзін працадзень у канцы года давалі сем капеек і адзін кілаграм зерня. У маці за год набягала да 180 працаднёў, а ў бацькі, брыгадзіра будаўнічай брыгады, да 400. Амаль кожная сям’я ў вёсцы займалася яшчэ якой-небудзь дзейнасцю (па начах альбо познімі вечарамі). У вёсцы жылі краўцы, шаўцы, сталяры, цесляры, спецыялісты па вырабе валёнак. Кожная жанчына ўмела шыць, вязаць, ткаць. Сям’я Дагоцкіх амаль для ўсяго раёна рабіла аўчыны. Цяжкая праца, недазволеная дзяржавай дзейнасць, прыносіла дадатковую “капейку”.

    Вось як расказвае пра гэту работу Дзмітрый Мікалаевіч: “Пасля “квасу” аўчыны трэба было вымыць у вадзе, у рэчцы Вілія. Як цяпер памятаю: зіма, мароз, ноч, бацька ў палонцы (вада ледзяная!) палошча аўчыны, мама нясе іх да берага, перадае мне, а я складаю на санкі. Рукі літаральна прымярзалі да аўчыны. А як бацька вытрымліваў іх мыць!.. З дзесяцігадовага ўзросту ўжо стаў і мяне прывучаць да гэтай працы”.

    Летам Дзіма пасвіў кароў: сваю чаргу і за аднавяскоўцаў, якія яго наймалі пастухом. За адну адпаску давалі 10 рублёў (гэта да дэнамінацыі 1961 года), а потым – рубель.

    Як даўно гэта было! I ўсе! Усе тады былі жывыя! Успомніш — і быццам загарыцца ўнутры агеньчык святла. I сагрэе душу. I напоўніць яе радасцю і сумам.

    У 1953 годзе Дзіма пайшоў у першы клас Вайнідзеняцкай пачатковай школы. Вучыўся на выдатна. Хлопчык вельмі любіў чытаць кнігі, вёў улік прачытанага. Да адзінаццаці гадоў у яго спісе было больш за 500 кніг (не простых дзіцячых, а даволі сур’ёзнай літаратуры).

    Як наша пакаленне любіла кнігі! Яны ды яшчэ кіно ў сельскім клубе адчынялі акно ў вялікі хвалюючы і прыгожы свет.

    “Сямігодку” хлопец скончыў у Гарыдзенятах. Па-ранейшаму ён цудоўна вучыўся і шмат чытаў. Майн Рыд, Фенімор Купер, Вальтэр Скотт, Джэк Лондан, Анарэ дэ Бальзак, Жуль Верн… Словы Расула Гамзатава: “Кніга табе дае скарбы, якія кінжал не рассячэ і не ўкрадуць злодзеі” — сталі для Дзмітрыя пуцяводнай “зоркай”.

    Сёння адна з прычын духоўнай пустаты — адсут­насць сапраўднага чытання, якое захапляе розум і сэрца, выклікае разважанні пра навакольны свет і пра самога сябе.

    Атэстат аб сярэдняй адукацыі хлопцу выдалі ў СШ №1. Тут Дзмітрый моцна захапіўся спортам: футболам, валейболам, баскетболам. Было тады ў школе і аддзяленне веласпорту. Ужо ў дзясятым класе юнак стаў чэмпіёнам па веласпорце сярод школьнікаў, выйграў прыз газеты “Светлы шлях”. У адзінаццатым класе паўтарыў свой вынік.

    Пасля школы паступаў з аднакласнікамі ў БДУ на аддзяленне фізікі і радыёэлектронікі, якое толькі-толькі заснавалі. Конкурс туды быў шалёны: 43 чалавекі на месца. Смаргонскія хлопцы добра ведалі матэматыку і фізіку, але іспытаў не вытрымалі.

    Што рабіць далей? Куды пайсці? Хлопца перад арміяй нікуды браць не хацелі. Дапамог спорт. Дзмітрый атрымаў нечаканую прапанову: пайсці настаўнікам фізічнай культуры ў сваю родную Гарыдзеняцкую “сямігодку”. Прафесійны лёс юнака быў вызначаны — педагогіка.

    Два гады ён адпрацаваў настаўнікам фізічнай культуры і тэхнічнай працы, адслужыў у Савецкай арміі. Пасля арміі Дзмітрый паступіў у Мінскі педінстытут імя М. Горкага на матэматычны факультэт. Вучыўся завочна і выкладаў матэматыку ў Старарудзенскай “васьмігодцы”. Ажаніўся, стаў бацькам і ўжо з сям’ёй вярнуўся на Смаргоншчыну, у Сасноўскую “васьмігодку”. У 1974 годзе закончыў інстытут, а ў 1978 стаў дырэктарам школы. Тут ён адпрацаваў 7 гадоў. І атрымаў прапанову ўзначаліць Войстамскую сярэднюю школу. У 1995 годзе яго ўзнагародзілі Ганаровай граматай Міністэрства асветы. На заслужаны адпачынак Дзмітрый Мікалаевіч не спяшаўся, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, яшчэ 8 гадоў адпрацаваў настаўнікам матэматыкі.

    Теги: