Да ўсяго – па-гаспадарску

  • Ірына ВЕЧАР, Слуцкий край 271-276 916027-16032) от 15 ноября 2018 Скачать номер 19 ноября 2018 10:30 Калейдоскоп Беларуская

    Сустрэліся з Кацярынай Мікалаеўнай у яе дома, у вёсцы Лапацічы. Па вялікай «дваровай гаспадарцы» зразумела: тут любяць жывёлак. Тры сабакі (два падабралі на вуліцы) і як мінімум пяць коцікаў рознага ўзросту (было адзін час і 11) у двары і на верандзе. Ёсць і яшчэ свойская жывёла на падворку. А як у вёсцы па-іншаму?

    Кацярына Мікалаеўна пачынала сваю працоўную біяграфію пасля заканчэння Мінскага вучыліша электронікі на брэсцкім заводзе «Цветотрон» – філіяле «Інтэграла». Праз некаторы час вярнулася ў родны Барок і з 1995 года працуе ў сельскай гаспадарцы. Муж, былы аднакласнік, таксама работнік сельгаспрадпрыемства. Дачка Кацярыны Мікалаеўны жыве ў Слуцку, працуе ў Дэпартаменце аховы.

    На працоўным месцы Кацярына Мікалаеўна з самай раніцы. Работа тэхніка-асемянатара адказная: працэс узнаўлення статка, атрыманне прыплоду і нават вытворчасць малака залежыць ад якасці працы гэтага спецыяліста. Пад наглядам Кацярыны Мікалаеўны 600 галоў. Кожны дзень – назіранне за каровамі, цялушкамі і абавязковае занясенне інфармацыі (калі жывёлу асемянілі, як расцялілася і т.п.) у карткі, журналы, на цыклограф. Тэхнік-асемянатар выяўляе кароў у ахвоце, сочыць за станам іх здароўя, правярае на сцельнасць, падказвае, калі кароўку запускаць, пасля расцёлу аглядае некалькі разоў на дзень. Ведаць фізіялогію жывёлы, яе звычкі, паводзіны тэхніку-асемянатару трэба дасканала. Кацярыне Мікалаеўне, акрамя атрыманых на курсах ведаў, дапамагае досвед работы даяркай.

    Вельмі важна захоўваць тэхналогію працэсу асемянення, пачынаючы ад падрыхтоўкі матэрыялу. Паказчыкам якаснай працы з’яўляецца выхад цялят на 100 кароў. У Кацярыны Мікалаеўны ён склаў у мінулым сезоне 92 галавы. Узаемадзеянне з ветурачом, даяркамі, загадчыцай фермы таксама залог добрага выніку.

    На ферму ў Шалавічы К.М. Ерш дабіраецца на скутэры або аўтамабілі, у асваенні гэтых транспартных сродкаў дапамагло навучанне ў школьныя гады прафесіі трактарыста. Аднакласніцы Кацярыны Мікалаеўны атрымлівалі спецыяльнасць даяркі, а яна вырашыла не губляць час на тое, што добра ведала (дома была карова).

    На падворку ў Кацярыны Мікалаеўны адчуваецца гаспадарская рука. Перад домам вялікую плошчу займаюць кветкі – захапленне Кацярыны Мікалаеўны. Работа ў агародзе таксама ёй не ў цяжар, а адпачываць любіць за чытаннем. Парадак дома – і на рабоце ўсё атрымліваецца.

    Теги: