Якубу Коласу прысвячаецца

  • Наталля Пархомчык, Пухавіцкія навіны 2018-11-21 от 21 ноября 2018 Скачать номер 21 ноября 2018 09:58 Культура Беларуская

    Умінулую  суботуўмастацкайгалерэі  раённага  краязнаўчагамузея  гучалі  вершы  Якуба  Коласа. Там  праходзіла заключнае мерапрыемства традыцыйных “Каласавін”, якія штогод у  лістападзе  ладзяцца на Пухавіччыне.

    У гэтым годзе адзначалася 136-годдзе з дня нараджэння народнага песняра. Па традыцыі, у лістападзе ў навучальных установах, установах культуры праходзіць шмат мерапрыемстваў, прысвечаных яго жыццю і творчасці. Раённы краязнаўчы музей прапанаваў вучням школ прыняць удзел адразу у трох творчых спаборніцтвах: конкурсе малюнкаў “Краявіды Пухавіччыны ў  творчасці  Якуба Коласа”, конкурсе юных паэтаў “Коласу прысвячаю” і віктарыне  “Каласавіны-2018”. 

    Да “Каласавін” у мастацкай  галерэі   былі падрыхтаваны  дзве выставы: фотаздымкаў малодшага сына народнага песняра  Міхася Міцкевіча і малюнкаў, што даслалі на конкурс вучні школ. Завяршыла “Каласавіны”  сустрэча, на якую запрасілі малодшую ўнучку  Якуба  Коласа,  дачку  яго сына  Данілы  Веру Міцкевіч. Яна, як і многія блізкія народнага песняра, прысвяціла сваё жыццё  вывучэнню яго спадчыны.

    Зараз Вера Даніілаўна працуе ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і займаецца пошукам невядомых фактаў з жыцця паэта. Дарэчы, зараз  яе цікавяць стасункі Коласа і Лукаша Гарбацэвіча, брата пісьменніка з Дукоры Васіля Гарбацэвіча. Лукаш Савіч вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Там жа атрымліваў адукацыю і Якуб Колас, з якім яны часта перапісваліся.  Вера Даніілаўна вельмі хоча знайсці фотаздымак маладога Лукаша. Яна спадзяецца, што, магчыма, у некага з нашчадкаў альбо проста людзей, што паходзяць з Дукаўкі, радзімы Гарбацэвічаў, яны маглі захавацца. Гісторыя сяброўства Коласа з Лукашом Гарбацэвічам  сведчыць аб тым, што нітачкі, якія  звязалі народнага песняра з Пухавіччынай,  з’явіліся яшчэ да таго, як ён абраў  гэтыя  мясціны для свайго адпачынку.

    Вера Даніілаўна адзначыла, што  вельмі прыемна бачыць, як Пухавіччына ставіцца да Коласа. Да гэтай зямлі ён быў душой прывязаны амаль 20 гадоў.

    Падчас сустрэчы былі падведзены вынікі ўсіх творчых конкурсаў. Як адзначыў дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч, у гэтым годзе вучні школ у іх удзельнічалі вельмі актыўна. Толькі на пытанні традыцыйнай  віктарыны  прыйшло больш за 60 адказаў.

    У конкурсе малюнкаў дыплом III ступені атрымалі вучні Ананіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Алена Крывашэй, Наталля Дормаш, Кацярына Крывашэй і Ілля Смаляк, якія прадставілі калектыўны твор — буклет “Краявіды   Пухавіччыны ў творчасці    Якуба Коласа”. Дарэчы, Кацярына Крывашэй таксама заняла II месца ў конкурсе юных паэтаў “Коласу прысвячаю”. Для ўдзельнікаў мерапрыемства яна прачытала свой верш і расказала, што напісала яго пасля таго, як у класе яны  пазнаёміліся з кнігай нашага земляка Браніслава Зубкоўскага “Сцяжынкамі Якуба Коласа”. Другое месца занялі малюнкі вучняў Мар’інагорскай гімназіі Алены Захаравай “Грузавік Якуба Коласа на калгасным полі” і Дамініка Драча “Грыбныя мясціны”, першае  — работа “Лецішча Якуба   Коласа”  Наталлі    Мітраховіч,  таксама гімназісткі.

    У конкурсе юных паэтаў дыплом III ступені атрымалі Кацярына Грышанкова з Суцінскага НПК дзіцячы сад-базавая школа і Лізавета Пыкша з Дубраўскай сярэдняй школы, а Кацярына Крывашэй з Ананіцкага і  Кірыл Анісаў  з Турынскага НПК-дзіцячы   сад-базавая  школа   —   дыплом  II ступені.  Пераможцамі сталі Любоў Пікулік з Бор-Слабацкога НПК дзіцячы сад-базавая школа і Лізавета Рэй з Блонскай сярэдняй школы.

    Параможцамі  ў віктарыне сталі Марыя Голуб з Дубраўскай сярэдняй школы і Марыя Мотуз з Мар’інагорскай гімназіі. На другім месцы — Ксенія  Шайкова  з  Грабенскай базавай школы і Лізавета Белая з сярэдняй школы № 2 горада Мар’іна Горка. На трэцім — астатнія ўдзельнікі.

    Як паведаміў Аляксандр Прановіч, па выніках “Каласавін–2018” будзе выдадзены буклет, у якім змесцяць лепшыя адказы на пытанні віктарыны, малюнкі і вершы ўдзельнікаў  творчых  конкурсаў.  Іх перададуць у бібліятэкі ўсіх навучальных устаноў раёна.

    — Нам вельмі пашчасціла, што пясняр лічыў Пухавіччыну сваёй малой радзімай, сваім другім домам, — адзначыў напрыканцы сустрэчы Аляксандр Аляксандравіч. — Як і многія таленавітыя людзі, у тым ліку і Ігар Лучанок. Іх сувязь — у песні “Мой родны кут”, якую выдатны кампазітар напісаў на словы народнага песняра. Яна і пра зямлю, што стала для іх другой радзімай, — Пухавіччыну.