З роднай мовай у сэрцы

  • Анатоль ЗЭКАЎ, Авангард 2018-10-45 от 10 ноября 2018 Скачать номер 21 ноября 2018 12:40 КультураОбщество Беларуская

    У гісторыка-дакументальнай хроніцы гарадоў і раёнаў Беларусі “Памяць”, прысвечанай Будакашалёўшчыне, аж 21 старонку займае пералік прозвішчаў працаўнікоў розных галін народнай гаспадаркі, узнагароджаных ордэнамі і медалямі СССР. Сярод іх – кіраўнікі і працаўнікамі калгасаў і саўгасаў, прамысловых прадпрыемстваў, асветы, аховы здароўя, культуры, камунальнікі, кааператары, медыкі, настаўнікі…
    Імя настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Патапаўскай сярэдняй школы Ульяны Фёдараўны Лазавенкі (на здымку) ў гэтым вялікім пераліку няма. Як няма  яго і сярод заслужаных настаўнікаў Беларусі (а гэтага ганаровага звання ў раёне за ўвесь час удастоены паўтара дзясятка чалавек). І ўсё ж (дзякуй стваральнікам кнігі і ў першую чаргу старшыні раённай камісіі па яе стварэнні, тагачаснаму старшыні райсавета дэпутатаў Аляксандру Галіцкаму) Ульяна Лазавенка не засталася забытай. Ды калі б і здарылася інакш, гэта была б вялікая несправядлівасць, бо ў кнізе-хроніцы нямала прозвішчаў былых вучняў Патапаўскай сярэдняй школы, якія праславілі яе сваёй працай і творчасцю. У іх ліку і тры члены Саюза пісьменнікаў: Уладзімір Дзюба, Таццяна Гарэлікава і аўтар гэтых радкоў. Менавіта Ульяна Фёдараўна прывіла нам любоў да роднага слова, дала пуцёўку ў літаратуру.
    Ва ўступе да раздзела “Людзі, дастойныя памяці” гаворыцца: “Камісія па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Буда-Кашалёўскі раён” лічыць немагчымым пакінуць без увагі тых, хто ўсе свае сілы, талент, жыццёвую энергію аддаваў і аддае сёння справе развіцця раёна, асветы, аховы здароўя, культуры, захаванню нацыянальных рыс і традыцый насельніцтва Будакашалёўшчыны. Няхай нават яны і не адзначаны высокімі званнямі”.
    Ульяна Фёдараўна Лазавенка нарадзілася 24 сакавіка 1923 года ў вёсцы Будзішча Гомельскага раёна. У 1949 годзе закончыла Гомельскі настаўніцкі інстытут і была накіравана ў вёску Патапаўка, дзе чатыры дзясяткі гадоў выкладала ў мясцовай школе беларускую мову і літаратуру. Тут пазнаёмілася са сваім будучым мужам – настаўнікам матэматыкі Іванам Яўхімавічам Зэкавым (дарэчы, стрыечным братам майго бацькі). Разам выхавалі чацвёра дзяцей: сыноў Пятра і Уладзіміра і дачок Тамару і Галіну, маю аднагодку, якая, на жаль, вельмі рана пакінула гэты свет.
    …Дваццаць два гады прайшло ўжо, як не стала Ульяны Фёдараўны, і сорак пяць з паловай, як я закончыў школу, а нібыта і сёння перад вачыма тыя захапляючыя ўрокі беларускай літаратуры, што праводзіла мая любімая настаўніца. Чую яе спакойны, крыху прыглушаны голас, цікавы аповед пра той ці іншы твор. Ульяна Фёдараўна ніколі не распавядала пра тое, што можна было прачытаць у падручніку. Яна заўсёды знаходзіла матэрыял, які б даваў нам дадатковыя веды. Няхай гэта тычылася ўласна мастацкага твора ці біяграфіі яго аўтара. 
    Згадваецца, як пры вывучэнні “Трывожнага шчасця” Івана Шамякіна настаўніца дзялілася ўражаннямі ад асабістых сустрэч і гаворак з пісьменнікам, з якім адной парой вучыліся ў інстытуце: яна – на стацыянары, ён – на завочным аддзяленні (тады я нават і марыць пра тое не мог, што, жывучы ў Мінску, і сам пазнаёмлюся і пасябрую з Іванам Пятровічам, а з яго ўнучкай Машай буду сядзець у адным кабінеце, разам працуючы ў  рэдакцыі  часопіса  “Полымя”). Зрэшты, там жа, у Гомелі, пэўны час спасцігалі філалогію такія пісьменнікі, як Мікола Сурначоў, Леанід Гаўрылаў, Раман Сабаленка, Кастусь Кірэенка, Паўлюк Прануза, Міхась Даніленка. Менавіта з іх і пачаўся літаратурны летапіс сённяшняга  Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.
    У школьным літаратурным гуртку, які вяла Ульяна Фёдараўна, нас не вучылі пісаць вершы і апавяданні, для гэтага, як казала настаўніца, павінна быць боская іскрынка. І зазвычай прыводзіла ў прыклад былых выпускнікоў школы – Уладзіміра  Дзюбу і Таццяну Гарэлікаву, якія тым часам друкаваліся ўжо не толькі ў раённай газеце, а і ў сталічных выданнях, у тым ліку і ў тоўстых літаратурных часопісах. Як мы, гурткоўцы, зайздросцілі сваім землякам-пісьменнікам! Пэўна, не адзін з нас тады марыў стаць у іх шэрагі.
    …Памятаю, як у сёмым класе асмеліўся адправіць свае першыя пробы пяра ў “Авангард” (вядома ж, цішком ад настаўніцы). І вось у нумары за 25 студзеня 1969 года ў аглядзе літаратурнай пошты пад назвай “Паэтычна – значыць вобразна” чытаю: “У малым артыкуле нельга падрабязна спыніцца на вершах вучня з Патапаўкі Анатоля Зэкава. Але хочацца параіць Анатолю больш назіраць за жыццём. Не прыдумляць сабе позу, як ён зрабіў у вершы “Всё можно сделать в жизни”, а больш працаваць над рытмам, бо кожная страфа ў яго вершы “Зімой” напісана рознымі памерамі. Рыфма то парная, то сумежная. Анатолю трэба заняцца тэорыяй літаратуры і чытаць творы класікаў больш удумліва. Вучыцца ў іх вобразнасці, пявучасці твораў”.
    Нягледзячы на такую знішчальную крытыку аўтара агляду Уладзіміра Бабкова, я быў усё ж шчаслівы, бо ўпершыню ўбачыў сваё прозвішча друкаванымі літарамі. А вось Ульяна Фёдараўна надзвычай засмуцілася, прыняўшы, пэўна, мае агрэхі як уласную недапрацоўку. Таму і папрасіла мяне ў даволі далікатнай форме, каб перш, чым некуды дасылаць, паказваць вершы ёй. Так і сказала: “Глядзіш, нешта падкажу, а сёе-тое, можа, разам і паправім нават”. А яшчэ параіла пісаць па-беларуску.
    Не прайшло і года, як мой першы верш “Беларусь” апублікавала газета “Піянер Беларусі”. А потым яны пачалі з’яўляцца і ў раённай газеце, і ў часопісе “Бярозка”, дзе на той час працаваў мой зямляк з вёскі Буда Люшаўская Мікола Чарняўскі.
    Ульяна Фёдараўна дачакалася і нашых кніжак, у тым ліку і маіх, самага малодшага з патапаўскай пісьменніцкай тройкі. У цыкле “Патапаўскія настаўнікі”, змешчаным у маім зборніку “Пад кронай белых аблачын”, ёсць і верш, прысвечаны любімай настаўніцы. Прывяду толькі апошнія дзве страфы:
    Я слухаў голас Ваш лірычны,
    што сэрца працінаў найперш –
    і ўжо іскрынкай паэтычнай
    ува мне ўспыхваў першы верш.
    Усё прыйдзе потым: 
    вершы, кнігі,
    ды напачатку быў урок
    і голас Ваш прывычна ціхі,
    што раскатурхваў мой радок.
    Ульяна Фёдараўна Лазавенка не адно дзесяцігоддзе шчыравала на ніве асветы, каб усе мы, яе вучні, адчувалі сябе з роду беларусаў, незалежна ад абранай прафесіі. І наша памяць пра яе – гэта не толькі кніга “Памяць”, а і кожны напісаны намі радок.