На мове культуры

  • Людміла Пашковіч, Кобрынскі веснік 85 от 31 октября 2015 21 ноября 2018 15:07 Культура Беларуская

    На мінулым тыдні ў Ратна, што ва Украіне, прайшло пасяджэнне па падрыхтоўцы праекта па развіцці прыгранічнага супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж Ратнаўскім і Кобрынскім раёнамі да 2022 года. На пасяджэнне была запрошана беларуская дэлегацыя на чале з начальнікам аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзеяй Жук.

    У беларусаў і ўкраінцаў не толькі агульная культура, але і гісторыя. Дэлегатам перад пасяджэннем была наладжана экскурсія ў гістарычны музей у вёску Картэлісы, якая ў час Вялікай Айчыннай вайны, як і сотні беларускіх вёсак, была спалена фашыстамі.

    Усяго было знішчана 2875 жыхароў, у тым ліку 1620 дзяцей, спалена 715 дамоў. У памяць аб трагедыі на месцы дзвюх вялікіх магіл у 1980 годзе быў адкрыты мемарыял «Ахвярам фашызму», які таксама наведала беларуская дэлегацыя.

    У Ратнаўскай раённай бібліятэцы, дзе і праходзіла мерапрыемства,  гасцей сустракала начальнік аддзела культуры Ратнаўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Алена Горнік. Яна расказала, што ўяўляе з сябе сістэма культуры Ратнаўскага раёна. Тут працуюць 39 клубных устаноў, 31 бібліятэка, 2 музычныя школы, музей, дзейнічаюць 14 калектываў са званнямі “ўзорны” і “народны”, якія ў тым ліку паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародным фестывалі ўкраінскага фальклору “Берагіня”.

    У сістэме культуры Кобрынскага раёна 29 клубных аб’ектаў, 35 бібліятэк, 5 мастацкіх школ, гарадскі парк, музей, Палац культуры і кінатэатр, дзе працуе больш за 600 чалавек. Званне “народны” і “ўзорны” маюць 26 калектываў, а геаграфія выступленняў за апошнія пяць гадоў прадстаўлена Францыяй, Германіяй, Польшчай і іншымі краінамі.

    Пасля прадстаўнікі абодвух бакоў абмеркавалі праект плана прыгранічнага супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж Ратнаўскім і Кобрынскім раёнамі да 2022 года. Пашырэнне кантактаў і супрацоўніцтва паміж музычнымі калектывамі, прымаць удзел у міжнародных фестывалях і конкурсах, пашырэнне прамых сувязяў паміж бібліятэчнымі ўстановамі, абмен інфармацыяй у галіне народнага мастацтва – гэтыя і іншыя накірункі былі агучаны ў час сустрэчы.

    Таксама быў прадэманстраваны відэаролік пра будаўніцтва сельскага Дома культуры ў вёсцы Залісы. У хуткім часе ў адноўленай установе культуры пройдзе канцэртная праграма з удзелам юных артыстаў Кобрыншчыны.

    НА ЗДЫМКУ аўтара: беларуская дэлегацыя наведвае мемарыял «Ахвярам фашызму»; перад украінскімі калегамі выступае Надзея Жук.

     

    Теги: 
    • {Нет тегов}