Заказніку “Выганашчанскае” ­– 50!

  • Ганна ІЛЬЯШЭВІЧ, Івацэвіцкі веснік №88 от 16 ноября 2018 22 ноября 2018 14:45 Природа и экология Беларуская

    Напачатку гэта быў Дзяржаўны гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння, створаны  ў мэтах захавання натуральнага стану комплексаў балотных масіваў, які і сёння з’яўляецца адным са старэйшых заказнікаў на тэрыторыі Беларусі.  У 2007 годзе ён быў ператвораны ў рэспубліканскі ландшафтны заказнік. Неабходнасць пераўтварэння была абумоўлена той акалічнасцю, што ў ахове мае патрэбу не толькі гідралагічны рэжым заказніка, а ўвесь прыродны комплекс у цэлым, які ўключае шматлікія віды раслін і грыбоў Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Прыродны комплекс заказніка мае статус тэрыторыі міжнароднага значэння, важнай для птушак. Заказнік уключае буйныя балотныя масівы: Выганашчанскае, Пагоня, Алешня, а таксама ўрочышчы Мох, Заканалле і інш. Яго агульная плошча – 55047,4 гектараў. Гэта ўнікальная непаўторная тэрыторыя для Беларусі і Еўропы ў цэлым, найбуйнейшы балотны масіў, які захаваўся на водапа-дзеле рэк Чарнаморскага і Балтыйскага басейнаў. У заказніку захаваліся ўчасткі лясоў, рэдкія па пародным і фларыстычным складзе, узроставай структуры, наяўнасці рэдкіх і ахоўных відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, што надае ім асаблівую значнасць у захаванні і падтрыманні біяразнастайнасці лясной тэрыторыі Палесся. Растуць тут шыракалістыя лясы, ясені, клёны, ліпы, грабы, вязы. Фаўна заказніка ўключае 51 від млекакормячых, 221 від птушак, 5 – рэптылій, 8 – амфібій і 21 від рыб. На тэрыторыі заказніка жыве адна з найбуйнейшых у Беларусі групоўка лася, высокая колькасць дзіка і казулі. Знаходзяцца на тэрыторыі заказніка яшчэ алені, мноства баброў, ваўкі, лісы, зайцы, куніцы, тхары, гарнастаі, выдры, з ахоўных відаў – барсук і рысь. Тут зарэгістравана 37 відаў птушак, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Сярод іх – вялікі пад-орлік, арлан-белахвост, белавокая чэрнець, вяртлявая чаратоўка. Сёння ў заказніку распрацавана некалькі турыстычных маршрутаў: водны маршрут “Возера Бабровічскае”, працягласцю 16 кіламетраў, арніталагічны маршрут і фотапаляванне, турыстычны маршрут “Целяханскі край”, экалагічная сцежка “Надліўская града”, экстрэмальны маршрут “Партызанская сцежка”, таксама арганізуюцца туры выхаднога дня. Супрацоўнікі заказніка займаюцца экалагічнай асветай у адукацыйных установах для школьнікаў, а таксама для мясцовых жыхароў – арганізуюць лекцыі, сустрэчы, экскурсіі, праводзяць эколага-асветніцкія мерапрыемствы і акцыі. Усё гэта накіравана на выхаванне беражлівых адносін мясцовых жыхароў і наведвальнікаў тэрыторыі заказніка да дзікай прыроды Беларусі, распаўсюджванне культуры экалагічнага турызму.Сяргей Габец (на здымку справа), які зараз з’яўляецца кіраўніком заказніка, працуе тут больш за 30 гадоў. Калі яшчэ заказнік “Выганашчанскае” быў філіялам Белавеж-скай пушчы, працаваў ляснічым, у 2007 годзе ўзначаліў яго. 

    – Прырода стварыла гэты ўнікальны куток, і захаваць яго – наша першачарговая задача. Яшчэ адзін з найважнейшых кірункаў нашай працы – гэта экалагічная адукацыя. Зараз дзеці амаль нічога не ведаюць пра прыроду, іх рэчаіснасць – гэта гаджэты, інфармацыйныя тэхналогіі, сацыяльныя сеткі, і наша задача – расказаць і паказаць ім дзівосны свет флоры і фаўны, узрасціць у іх пачуццё адказнасці да будучага беларускай прыроды. Да нас часта наведваюцца турысты, шмат замежных гасцей. Пра папулярнасць нашых турыстычных маршрутаў могуць сказаць лічбы. Яшчэ некалькі гадоў таму да нас прыязджалі 5 замежных турыстаў у год, зараз – больш за 190: з Англіі, Германіі, Даніі, Польшчы, з Амерыкі і нават Японіі. У юбілей заказніка нельга не сказаць пра наш згуртаваны калектыў аднадумцаў. У нас не працуе лішніх людзей, толькі тыя, хто “гарыць” сваёй справай, сапраўдныя прафесіяналы.Спецыяліст заказніка Аляксандр Іваноў – “прыроднік” ад Бога, вельмі таленавіты, егеры Сяргей Сагановіч і Аляксандр Мялік добрасумленна выконваюць сваю справу, на іх заўсёды можна разлічваць у любых сітуацыя, і канешне, наш тыл – бухгалтары Дзіяна Мартыновіч і Тамара Хоміч, вельмі старанныя супрацоўнікі.  Папаўняецца наш калектыў і маладымі кадрамі – у гэтым годзе пасля Баранавіцкага ўніверсітэта прыйшла да нас працаваць эколаг і вядучы спецыяліст Алена Кінчак. Дзяўчына ўжо ўлілася ў калектыў, мы ў сваю чаргу намагаемся даць ёй усе неабходныя веды, каб яна затрымалася ў нас надоўга. Таксама ў нас ёсць яшчэ 18 чалавек, якія атрымалі статус захавальніка балот. Пад імі маюцца на ўвазе мясцовыя жыхары, якія ў сілу сваёй прафесіі ці захаплення наведваюць запаведныя куточкі, лясы і балоты, назіраюць за сітуацыяй і могуць своечасова паведаміць пра нейкую пагрозу. Усе гэтыя людзі – захавальнікі нашай будучыні. Калегі, прыміце шчырыя словы падзякі за прафесіяналізм, адданасць сваёй справе. Ад усёй душы жадаю вам поспехаў ва ўсіх пачынаннях, здароўя, шчасця і дабрабыту!

    Падрыхтавала Ганна Ільяшэвіч.