Ратуе людскія сэрцы

  • Ірына МАЛЯЎКА, Слуцкий край 277-282 от 22 ноября 2018 Скачать номер 22 ноября 2018 16:16 Калейдоскоп Беларуская

    Ганна Іванаўна Станілевіч   родам з Салігорска. У Слуцкую цэнтральную раённую бальніцу трапіла па размеркаванні два гады таму. Першапачаткова працавала ўчастковым тэрапеўтам, апошнія паўгода – урач-кардыёлаг.

    – Я адзіны ўрач у сям'і, бацькі простыя рабочыя, мой выбар падтрымалі, – расказвае Ганна Іванаўна. – Свядома прафесію я выбрала ў дзявятым класе. Мне заўсёды падабалася дапамагаць людзям, таму і бачыла сябе ў гэтай сферы. З першага курса я ведала, што хачу быць спецыялістам вузкай накіраванасці. Мне была цікавая тэма кардыялогіі.

    Скончыла я Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Вядома, вучыцца было складана, былі і слёзы, і бяссонныя ночы, але ж калі ёсць мэта, ідзеш да яе, нягледзячы на цяжкасці.

     З чацвёртага курса Ганна Іванаўна працавала на станцыі хуткай дапамогі фельчарам.

    – Мне цікава працаваць з неардынарнымі выпадкамі, знаходзіць выхад з крытычных сітуацый, – гаворыць яна.

    У Слуцкай ЦРБ калектыў прыняў маладога спецыяліста вельмі добра. Па словах Ганны Іванаўны, калегі ніколі не адмаўляюць ні ў парадзе, ні ў дапамозе. Малады ўрач павышае кваліфікацыю на курсах, семінарах.

    – Гэта спрыяе прафесійнаму росту, – гаворыць Ганна Іванаўна. – Я лічу, што ўрач павінен вучыцца штодня, пастаянна ўдасканальваць свае прафесійныя навыкі. Без самаразвіцця, без вывучэння рознай медыцынскай літаратуры нічога не атрымаецца.

    У прафесіі, лічыць малады спецыяліст, важна павага да людзей, цярплівасць, уважлівасць, спагадлівасць, разуменне. Асноўны кантынгент пацыентаў Ганны Іванаўны – людзі старэйшыя за 60 гадоў. Яна ўпэўнена, што для пажылога  чалавека бывае само добрае слова, суперажыванне – ужо лекі, а потым – медыкаменты і працэдуры. Таму стараецца ўдзяляць максімум увагі сваім пацыентам.

    – Калі чалавек выйшаў з майго кабінета ў добрым настроі – гэта ўжо выдатны вынік, – гаворыць Ганна Іванаўна. – Мне падабаецца  дапамагаць людзям.

    У Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы, па словах Ганны Іванаўны, добрая тэхнічная база. Ёсць апарат ультрагукавога даследвання, холтэр ЭКГ  і іншае абсталяванне.

    Людзі маладога ўзросту, на шчасце, за дапамогай звяртаюцца рэдка. Найбольш частая хвароба 45 – 65-гадовых – інфаркты. Як правіла, гэта мужчыны. Урачы стараюцца зрабіць усё магчымае, каб яны маглі працаваць і жыць паўнацэнным жыццём.

    У Слуцку шмат пасляаперацыйных хворых, людзей, якія перанеслі інфаркт. На ўліку ў Ганны Іванаўны два чалавекі, якім была зроблена аперацыя па перасадцы сэрца.

    – Працую яшчэ ў прыёмным аддзяленні, – расказвае Ганна Іванаўна. – Работа ўрача-кардыёлага даволі спакойная, а тут пастаянны экстрым, ніколі не ведаеш наперад, з чым можаш сутыкнуцца. Аднойчы мне давялося ратаваць чалавеку жыццё, праводзіла сардэчна-дыхальную рэанімацыю, на шчасце, паспяхова. Я лічу, што ўрач любой спецыялізацыі заўсёды павінен быць напагатове аказаць чалавеку тэрміновую медыцынскую дапамогу. 

    У вольны ад працы час Ганна Іванаўна любіць падарожнічаць па свеце, стараецца ў адной краіне два разы не бываць, шукаць нешта новае, пазнаваць свет. Захапляецца скалалазаннем, хадзьбой, велапрагулкамі, у апошні час актыўна наведве музеі, тэатры.

    – Не люблю сядзець на месцы, гаворыць яна. –  Бо рух – гэта жыццё.

    Теги: