І работніца, і гаспадыня цудоўная

  • Наталля ВІЛЕНТА, Голас Любаншчыны 70/2018 от 23 ноября 2018 Скачать номер 26 ноября 2018 09:59 Калейдоскоп Беларуская

    У чарговы раз прафесіянальнае свята калектыў Любанскага філіяла адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі сыраробны камбінат» сустрэў з важкімі вытворчымі паказчыкамі. І ў тым, зразумела, заслуга кожнага работніка.

     Свой уклад у агульную справу штодзень ужо на працягу дзясятка гадоў уносіць і Алена Галка. Пачынала працоўную дзейнасць у цэху па вытворчасці цэльнамалочнай прадукцыі. А праз чатыры гады змяніла яго на маслацэх. Там шчыруе і зараз масларобам 3 разраду. На выдатна засвоіла ўвесь тэхналагічны працэс вырабу масла, яго ўпакоўкі. Можна сказаць, любую аперацыю Алена Мікалаеўна можа выканаць амаль з закрытымі вачамі. І робіць усё якасна, разумее: ад старання кожнага залежыць вельмі многае – вытворчыя паказчыкі, якасць прадукцыі, рэпутацыя завода ў цэлым.

    За высокую свядомасць, дысцыплінаванасць, руплівасць жанчыну на прадпрыемстве лічаць добрай работніцай, паважаюць як шчырага, неабыякавага чалавека. Яна аптыміст па характары, сваёй бадзёрасцю, станоўчай энергіяй заражае і калег; заўсёды побач з тымі, каму патрэбна падтрымка.

    — А чым у вольны час любіце займацца? — цікаўлюся ў Алены Мікалаеўны.

    — Як і ўсе, хатнія справы выконваю, – распавяла А.М. Галка. – Вядома ж, стараюся родных балаваць рознымі прысмакамі. Вельмі падабаецца хадзіць у лес у грыбы і ягады, таму летам і восенню абавязкова, калі ёсць магчымасць, з мужам, сынамі Арцёмам і Прохарам накіроўваемся на «ціхае» паляванне. І ўвогуле ў нас ужо склалася сямейная традыцыя – весці актыўны лад жыцця, адпачываць на прыродзе, разам займацца спортам. Гэта і для здароўя карысна, і яднае нас.

    Теги: 
    • {Нет тегов}