На апошнім фарпосце якасці

  • Віктар Назаранка, Хойникские новости 3 ноября 2018 5 стр от 03 ноября 2018 Скачать номер 26 ноября 2018 13:42 Калейдоскоп Беларуская

    Кожны раз, калі даводзіцца расказваць пра лепшых работнікаў вытворчасці, з якімі раней не даводзілася асабіста пазнаёміцца, творчая фантазія паслужліва малюе вобраз умудронага жыццём чалавека сталага ўзросту, для якога не існуе сакрэтаў ні ў жыцці, ні ў прафесіі. Аднак сустрэча з начальнікам бюро тэхнічнага кантролю ААТ «Хойніцкі завод гідраапаратуры» У.У. Міхедзенкам начыста абвергла гэты стэрэатып. На завадской прахадной сустрэў сціплы, хударлявы малады чалавек з адкрытай і добразычлівай усмешкай. Запрасіў нас у свой кабінет, гасцінна прапанаваў чай альбо каву. 

    Пра сябе Уладзімір Уладзіміравіч расказаў наступнае. Нарадзіўся і вырас у Хойніках, у 2008 годзе закончыў сярэднюю школу № 3. Вучыўся добра, сярэдні бал навучання складаў «8», а таму праблем з паступленнем у Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В. Сухога не ўзнікла. І ў гэтай навучальнай установе вучоба юнаку давалася ў ахвоту. Пасля заканчэння ўніверсітэта мог застацца ў Гомелі, прапаноўвалі работу на знакамітых гігантах машынабудаўніцтва ААТ «Гомсельмаш» і ААТ «СтанкоГомель» (былы станкабудаўнічы завод імя С.М. Кірава). Але, падумаўшы, Уладзімір вырашыў вярнуцца на Хойніцкі завод гідраапаратуры. 

    Справа ў тым, што гэтае прадпрыемства яму было знаёма з дзяцінства: тут усё жыццё адпрацаваў бацька, Уладзімір Маркавіч. А таму захацелася выпрабаваць сябе, як спецыяліста, ды і профіль работы быў сугучным яго ўніверсітэцкай спецыяльнасці.

    Так, у 2013 годзе Уладзімір Уладзіміравіч і прыйшоў на прадпрыемства. Пачынаў з інжынера-тэхнолага, займаўся праектаваннем тэхналагічных працэсаў. Гэта для людзей недасведчаных у машынабудаванні гучыць незразумела і мудрагеліста, а Уладзіміра работа захапіла з галавой.

    – Разумееце, у самім слове «праектаванне» ўжо закладзены элемент творчасці, – тлумачыць ён. – А без творчасці любая работа становіцца дакучлівай і, па вялікаму рахунку, безвыніковай…

    Стараннасць і захопленасць справай маладога інжынера прыкмецілі ў завадской адміністрацыі. І два гады таму У.У. Міхедзенку назначылі начальнікам бюро тэхнічнага кантролю. Назначылі – і не памыліліся ў сваім выбары. Пасада гэтая, па сутнасці – апошні фарпост якасці завадской прадукцыі. Як заўважае сам Уладзімір Уладзіміравіч, галоўнае ў яго рабоце – адпавяданне завадскіх вырабаў (а іх больш 120 найменняў!) строга заданым тэхнічным параметрам. Тут ужо не да творчасці, адказнасць вельмі строгая і прынцыповая – ад гэтага ў многім залежыць рэпутацыя прадпрыемства. А яна ж складвалася гадамі!

    Канешне, сённяшняя кваліфікацыя работнікаў завода гідраапаратуры сумненняў не выклікае. Але ж у вытворчасці, як і ў жыцці, ніколі не варта выключаць выпадковасцей і памылак, ад іх ніхто не застрахаваны. Для таго, каб выключыць іх на 100 працэнтаў, існуе бюро тэхнічнага кантролю. А таму ў сваіх адносінах з падначаленымі (пад яго кіраўніцтвам на заводзе працуюць 5 кантралёраў якасці) У.У. Міхедзенка імкнецца быць строгім і патрабавальным.

    У астатнім Уладзімір Уладзіміравіч – звычайны малады чалавек. Не жанаты, як і большасць мужчын любіць рыбалку. Паважае і футбол, у якім асобна выдзяляе фігуру былога галкіпера мюнхенскай «Баварыі» і нямецкай зборнай Олівера Кана. 

    Любіць аўтамабілі і гульню «Што? Дзе? Калі?», у час якой разам з сябрамі нават спыняюць трансляцыю і прапануюць свае версіі правільнага адказу. Такім чынам, маладыя людзі растуць як фізічна, так і інтэлектуальна.

    Як прызнаўся сам – любіць проста пахадзіць па лесе. Ні грыбы, ні ягады не з’яўляюцца яго галоўнай мэтай у час такіх прагулак, хаця, канешне, грэх не нахіліцца за моцным баравічком, альбо абабкам. 

    – Проста на ўлонні прыроды адпачываеш і целам, і думкамі, адчуваеш сябе ў поўнай гармоніі з навакольным светам,      – гаворыць ён. І дадае:

    – Маё любімае месца – дубрава, непадалёк ад вёскі Небытаў. Нідзе я не адчуваю сябе так спакойна і камфортна, як сярод гэтых векавых дубоў…

    Гэтая павага і любоў да прыроды ў яго ад бацькі, у чым я ніколькі не сумняваюся. Выдатна памятаю, з якой трапяткой пяшчотай і замілаваннем расказваў мне Уладзімір Маркавіч, ураджэнец былой адселенай зараз вёскі Баршчоўка, аб маляўнічых прыпяцкіх берагах! Сёння  пазнаю тыя ж бацькоўскія інтанацыі ў размове з сынам. Гэта так цудоўна, калі лепшыя бацькоўскія якасці (і не толькі ў шанаванні роднай прыроды, але і рысы характару – сумленнасць, сціпласць, працавітасць) па спадчыннасці перадаюцца ад бацькі да сына!